Сустракалі як родных
06.02.2010
—
Новости Культуры
|
Па Эстоніі з поспехам гастраляваў дзяржаўны ансамбль “Песняры”
Калісьці песні-шлягеры з рэпертуару знакамітага калектыву, створанага ў Мінску ў 1969 годзе Уладзімірам Мулявіным, гучалі, як раней казалі, ад Буга да Курыл, па ўсім Савецкім Саюзе: “Белавежская пушча”, “Волагда”, “Касіў Ясь канюшыну”... Таленавітыя спевакі і музыканты, увабраўшыся ў творчую сілу, гастралявалі і ў замежжы, па ўсім свеце. Сталі прыгожай візітнай карткай Беларусі. Помніцца, летась у Казахстане я, расказваючы на славутым курорце “Бурабай” пра беларускія брэнды, згадаў і “Песняроў”. А казахі з усмешкамі: “Што вы, гэты ж наш ансамбль!.. Яны ў нашым краі не раз выступалі... Мы і цяпер у застоллях тыя песні спяваем...” Праз творчасць “Песняроў” многія далучаюцца да беларускай мовы, культуры, гісторыі. А нам, калі ў якім кутку Зямлі не надта разумеюць, адкуль мы родам, варта называцца землякамі “Песняроў”. І цяпер у блізкім замежжы знакавы ансамбль вылучаюць з шэрагу іншых выканаўцаў, яго ведаюць, памятаюць, любяць. Што ў чарговы раз пацвердзілі гастролі Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры” па Эстоніі. Як паведамілі нам з Генеральнага консульства Беларусі ў Таліне, пад час гастрольнага тура канцэрты “з вялікім поспехам і поўным аншлагам” прайшлі ў гарадах Йыхві, Тарту і Таліне. На заключным мерапрыемстве ў Талінскай канцэртнай зале “Эстонія” былі прадстаўнікі дзяржаўных органаў Эстоніі, дыпламатычнага корпусу і беларускай дыяспары. Са словамі ўдзячнасці да “Песняроў” і арганізатараў тура звярнуўся консул генконсульства С.Венцаль, ён таксама ўзнагародзіў калектыў граматай загранустановы. Увогуле, эстонская публіка вельмі цёпла вітала легендарны беларускі калектыў, а само мерапрыемства атрымала шырокае асвятленне і станоўчы рэзананс у мясцовых СМІ. Такія мерапрыемствы, вядома ж, працуюць на аўтарытэт Беларусі. Зрэшты, як і замежныя гастролі Вялікага тэатра оперы і балета, драматычных тэатраў, ансамбляў “Харошкі”, “Сябры”, вядомых спевакоў і музыкантаў. Летась на ўрачыстасці з нагоды Дня работнікаў культуры міністр культуры Павел Латушка слушна зазначыў, што культура – гэта дзейсны інструмент для фарміравання станоўчага іміджу Беларусі за мяжой. І майстры беларускага мастацтва гатовы больш актыўна прадстаўляць нашы духоўныя набыткі за межамі краіны. Скажам, сёлета плануецца правесці Год культуры Беларусі ў Расіі, Дні культуры ў Кітаі, Венгрыі, Славеніі. Разгортваецца работа новага Цэнтра беларускай культуры ў Кіеве. Іван Ждановіч Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Па Эстоніі з поспехам гастраляваў дзяржаўны ансамбль “Песняры” |
|