Гэта мы: Невядомы Аўсяннікаў
19.02.2010 13:02
—
Новости Культуры
|
Генадзь Аўсяннікаў чытае вершы, вяртаецца ў свае ранейшыя ролі і спектаклі, якіх ужо не пабачыць на купалаўскай сцэне. Падгледзьце за артыстам на здымачнай пляцоўцы ці пад час агучвання мастацкіх фільмаў, з калегамі і сябрамі... Пра майстра ўзгадваюць тыя, каго сёння ўжо няма – актрыса Галіна Макарава, пісьменнік Андрэй Макаёнак і іншыя. Внимание! У вас отключен JavaScript, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player. 19 лютага мэтр айчыннага тэатра адзначае 75-годдзе. Самабытны, не падобны ні да каго са сваіх калегаў і папярэднікаў, Генадзь Аўсяннікаў у сузор'і Купалаўскага тэатра — асобная зорка. Толькі ён так бліскуча выяўляе на сцэне самыя адметныя рысы беларускага народнага характара, у якім ёсць душэўная дабрыня, спачуванне бліжняму, няспешная дзелавітасць і прыродная здольнасць заўважаць сярод паўсядзённых спраў ды клопатаў самае галоўнае і сутнаснае. За 52 гады служэння купалаўскай сцэне Г.С. Аўсяннікаў стварыў каля 90 роляў, сярод якіх ролі рускай класічнай і замежнай драматургіі. Сёння артыст плённа заняты ў бягучым рэпертуары: Пранцысь Пустарэвіч (“Паўлінка” Я. Купалы), Ураднік (“Памінальная малітва” Р. Горына паводле Шолама-Алейхема), Шляхціч Завальня (“Беларусь у фантастычных апавяданнях” Я. Баршчэўскага), Сабакевіч (“Чычыкаў” М. Гогаля), Васіль (“Вечар” А. Дударава), Ураднік (“Хам” Э. Ажэшка). Народны сакавіты гумар, арганічнасць і дакладнасць выканання, уменне стварыць псіхалагічна непаўторны малюнак ролі – найважнейшыя праявы прафесійнага майстэрства артыста. У 1974 годзе Генадзю Аўсяннікаву прысвоена ганаровае званне “Народны артыст Беларусі”, у 1991 – “Народны артыст СССР”. За выкананне галоўнай ролі Мурашкі ў камедыі “Мудрамер” М. Матукоўскага Генадзь Аўсяннікаў становіцца лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (1988 г.). У 1995 – плённая творчая праца акцёра адзначаецца медалём Францыска Скарыны. У 2006 годзе ён уганараваны прэміяй Беларускага саюза тэатральных дзеячаў “Крыштальная Паўлінка”. У гэтым жа годзе ўручаны ордэн Францыска Скарыны. У 2008 годзе артыст адзначаны спецыяльнай Прэміяй прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”. 21 лютага ў гонар артыста на Вялікай сцэне Купалаўскага тэатра будзе паказаны спектакль “Вечар” Аляксея Дударава, у якім Генадзь Сцяпанавіч Аўсяннікаў выконвае галоўную ролю. А пасля спектакля адбудзецца ўрачыстае віншаванне юбіляра. Беларускі партал TUT.BY шчыра дзякуе Беларускаму дзяржаўнаму архіву кінафотафонадакументаў (г. Дзяржынск) за прадстаўленыя матэрыялы. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларускі партал TUT.BY сумесна з Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў (г. Дзяржынск) абвяшчаюць пра старт праекту “Гэта мы” (Гэта мы TUT). У яго межах мы будзем публікаваць рэдкія архіўныя відэа і фотаздымкі і аўдыёматэрыялы пра невядомыя ці малавядоыя старонкі з жыцця краіны і нашых суайчыннікаў. |
|