Рукапісы не гараць? Куды вядзе таямнічы след полацкіх рарытэтаў
26.02.2010
—
Новости Культуры
|
У Полацка, культурнай сталіцы, найстаражытнейшага горада Беларусі, як і належыць яму па статусу, шмат таямніц і неразгаданых загадак. Напрыклад, куды дзеліся старажытныя фаліянты, якімі калісьці славіўся наш горад гарадоў.... Як сведчаць пісьмовыя крыніцы, першая бібліятэка ў Полацку з'явілася напрыканцы Х стагоддзя і звязана з імем князя Ізяслава, якога невыпадкова называлі “кніжнікам”. Паводле паданняў, у Сафійскім саборы, які быў пабудаваны ў сярэдзіне ХІ стагоддзя, захоўваліся не толькі царкоўныя фаліянты, але і шматлікія летапісы. Прападобная Еўфрасіння заснавала ў Сафійцы цэлы скрыпторый, далучаючы да перапісвання манускрыптаў майстроў. Лічыцца, што Іван Грозны, які захапіў Полацк у 1563 годзе, вывез некаторыя кніжныя рэліквіі. Сучасныя рупліўцы на ніве бібліятэчнай справы ў Полацку правялі сваё “службовае” расследаванне, каб высветліць, куды вядзе след знакамітай Сафійскай кніжніцы. І ўстанавілі некаторыя дакладныя факты адносна полацкіх рарытэтаў. Трэба заўважыць, факты ўстанаўлівалі архівісты і гісторыкі, а вось галоўны бібліёграф Людміла Дзядзюліна яшчэ некалькі гадоў таму распрацавала сваю сістэму інфармацыйнай адукацыі і самастойна пачала рыхтаваць даведнік па полацказнаўству. Вось што ўдалося высветліць. Калі ў 1579 годзе ў Полацк увайшоў Стэфан Баторый, частка бібліятэкі магла загінуць у агні, але частка была, верагодна, вывезена польскімі ваякамі. Сафійскі сабор некалькі разоў гарэў у XVII—XVIII стагоддзях. Рукапісы маглі загінуць там. Але надзея, што ўнікальныя кнігі жывыя, ёсць, і небеспадстаўная. Вядома пра паведамленне французскага філолага Л.Жакоба ў 1644 годзе, што бібліятэка Полацка папоўніла Кракаўскую каралеўскую бібліятэку, заснаваную Сігізмундам ІІ. Пазней гэта сцвярджэнне называлася памылковым. У фондзе “Бібліятэка ардынацыі Замойскай”, што захоўваецца зараз у Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве, знаходзяцца некалькі рукапісаў, узятых Я.Замойскім у 1579 годзе з полацкага Сафійскага сабора. Гэта Пскоўскі Першы летапіс, перапісаны ў 1548 годзе для кафедральнага Траецкага сабора ў Пскове. Яшчэ адна кніга полацкай Сафійскай біб-ліятэкі трапіла ў праваслаўную царкву ў Замосце. Зараз яна знаходзіцца ў бібліятэцы Львоўскага ўніверсітэта імя І.Франко. А вось бібліятэка Полацкай езуіцкай калегіі існавала з канца XVI стагоддзя да 1820 года. У ёй захоўваліся каралеўскія граматы, старажытныя рукапісы, каля 90 Біблій, выдадзеных у XVI—XVII стагоддзях. У 1812 годзе, калі французы занялі Полацк, езуіты збераглі сваю бібліятэку дзякуючы таму, што далі французам за гэта мільён франкаў. След яе ў наш час губляецца, але бібліятэкары не страчваюць надзеі, што ён абавязкова адшукаецца.Акрамя пошукаў страчанай спадчыны полацкія бібліятэкары стараюцца быць першымі і ў сучасным жыцці. Бібліёграф Галіна Нэліна на грамадскіх пачатках пачала і вядзе вось ужо восем гадоў курсы па асновах работы на камп’ютары і асновах работы ў Інтэрнэце. На курсы з задавальненнем прыходзяць нават пенсіянеры. Полацкія бібліятэкары ўжо ствараюць сваю электронную базу па краязнаўству і асобна — рашэнняў мясцовых органаў улады. У бібліятэцы працуе свой прававы цэнтр. Вядомы выпадкі, калі наведвальнікі гэтага цэнтра дзякуючы карысным кансультацыям выйгравалі справу ў судзе. Бібліятэка распачала актыўную дабрачынную працу з інвалідамі і дзецьмі. У мінулым годзе на летніх вакацыях у атрад “Захаваем кнігу” трапіла 130 непаўналетніх. Падлеткі вучацца майстэрству пераплётчыкаў, а за адно могуць атрымаць і свой першы самастойны заробак да першага верасня. Атрад вырашае праблему занятасці школьнікаў і вучыць беражлівым адносінам да кнігі.Нядаўна калектыву цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Полацка прысуджана спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне культуры і мастацтва 2009 года. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Полацка, культурнай сталіцы, найстаражытнейшага горада Беларусі, як і належыць яму па статусу, шмат таямніц і неразгаданых загадак. Напрыклад, куды дзеліся старажытныя фаліянты, якімі калісьці славіўся наш горад гарадоў.... |
|