Край вершаў і песень. Маладзечанскі раён — адзін з самых буйных і перспектыўных рэгіёнаў Мінскай вобласці, унікальны куток Міншчыны з багатай гісторыяй, прыгожай прыродай. 21.by

Край вершаў і песень. Маладзечанскі раён — адзін з самых буйных і перспектыўных рэгіёнаў Мінскай вобласці, унікальны куток Міншчыны з багатай гісторыяй, прыгожай прыродай

10.03.2010 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Размер шрифта:   

Край, дзе ўпэўнена развіваюцца эканоміка і сельская гаспадарка. Блізкасць да Мінска, разгалінаваная сетка аўтамабільных дарог і чыгункі, якія звязваюць важныя гандлёвыя шляхі Мінск — Вільнюс, Полацк — Гродна, разнастайныя прыродныя рэсурсы — усё гэта робіць Маладзечанскі раён вельмі прывабным для айчыннага і замежнага турыста. Маладзечна па праву лічаць культурным цэнтрам Міншчыны. Тут працуюць 26 устаноў культуры і мастацтва, праходзяць шматлікія фестывалі і святкаванні. Можа, таму Маладзечаншчыну лічаць яшчэ і краем вершаў і песень.

Для будучых пакаленняў

Сапраўдная гордасць Маладзечна — пабудаваны ў 2002 годзе па распараджэнню Прэзідэнта Беларусі гарадскі Палац культуры. Ён з’яўляецца самым сучасным сярод падобных культурных устаноў раённых гарадоў Беларусі. На яго сцэне штогод праходзіць мноства канцэртаў вядомых творчых калектываў і прэстыжныя конкурсы. Складаючы сур’ёзную канкурэнцыю сталічнай канцэртнай зале “Мінск”, Палац культуры горада Маладзечна многія беларускія СМІ лічаць “малодшым братам” самога Палаца Рэспублікі на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску.

Палачанскі каменны крыж

Ля вёскі Палачаны ёсць камень у выглядзе крыжа. Наконт яго ўзросту існуюць розныя меркаванні, а некаторыя даследчыкі нават сцвярджаюць, што гэты груба вычасаны з суцэльнага каменю крыж мог з’явіцца тут каля тысячы гадоў таму, у час сцвярджэння на гэтых землях веры Хрыстовай. Дарэчы, месцазнаходжанне камень-крыж, паводле слоў мясцовага насельніцтва, мяняў двойчы, а спачатку быў знойдзены побач з балотам ля вёскі Кабылок. У народзе існуе вера ў гаючую сілу гэтага каменя.

Лёс храма

Драматычная гісторыя старажытнага касцёла ў вёсцы Беніцы. Ён паўтарыў лёс многіх храмаў на зямлі Беларусі.1700 год. Ехаў неяк падскарбій Вялікага княства Літоўскага пан Міхаіл Коцел з маладзечанскага маёнтка ў Ашмяны разам са сваёй сям’ёй. Гэта было невялікае падарожжа па сваіх родавых уладаннях. Шлях пралягаў цераз Беніцу. Раптам коні панеслі і пацягнулі за сабой панскую брычку, у якой была адна маленькая дачка гаспадара. Ёй пагражала смяротная небяспека. Пан Коцел у гэты момант у шчырым імкненні звярнуўся да Бога, каб нябёсы збераглі яго дачку. Малітва была пачута, і коні, якія хвіліну таму былі як ашалелыя, спыніліся. Уражаны цудам, з дзяўчынкай на руках і слязамі веры на вачах падскарбій Коцел пакляўся, што на гэтым месцы, дзе Бог выратаваў яго дачку, ён уславіць імя Божае. Практычна праз год храм ужо быў пабудаваны, і вось ужо тры стагоддзі стаіць у Беніцы цудоўны Траецкі касцёл як памяць аб удзячнасці і шчырай хрысціянскай веры былога гаспадара гэтых зямель Міхала Коцела.Пасля Другой сусветнай вайны храм быў зачынены. І толькі ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя быў вернуты вернікам. Сёння касцёл адрэстаўрыравалі, і яго крыжы здалёк вітаюць гасцей мястэчка.

Малая радзіма песняра

Вязынка — малая радзіма беларускага песняра, з’яўляецца самым вядомым філіялам Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Ён створаны згодна з пастановай СНК БССР № 1139-292 ад 4.08.1945 года “Аб ушанаванні памяці народнага паэта Беларусі Янкі Купалы”. Адкрыты для наведвальнікаў 20 чэрвеня 1948 года. Поўнасцю адноўлены дом бацькоў паэта, у якім ён нарадзіўся ў 1882 годзе. У доме размяшчаецца літаратурна-мемарыяльная экспазіцыя, прысвечаная дзяцінству і юнацтву Янкі Купалы.У красавіку 1972 года ў сувязі з 90-гадовым юбілеем Янкі Купалы на тэрыторыі філіяла “Вязынка” створаны Купалаўскі мемарыяльны запаведнік плошчай 21 гектар.У адноўленым будынку свірна з 1992 года дзейнічае этнаграфічная экспазіцыя, прысвечаная народным святам і абрадам, якія знайшлі яркае ўвасабленне ў творчасці паэта.Штогод на тэрыторыі запаведніка ў дзень нараджэння народнага паэта Беларусі праводзіцца свята паэзіі, працы і песні.

З глыбіні стагоддзяў

Маладзечанская зямля багатая не толькі на паданні, але і на знаходкі “даўніны глыбокай”. Цікаўны турыст, які зазірне ў краязнаўчы музей Маладзечна, будзе прыемна здзіўлены багаццем экспанатаў, кожны з якіх — часцінка мясцовай гісторыі. Адразу прыцягне да сябе ўвагу сапраўдны залататканы двухбаковы слуцкі пояс. Ён выраблены на Слуцкай мануфактуры ў 1760—1762 гг. На абодвух яго канцах можна ўбачыць метку “SLUCK”. Упрыгожаны каляровым шоўкам і сярэбранымі ніткамі, ён пашыты з дзевяці фрагментаў аднаго і таго ж пояса, які быў калісьці разрэзаны. Адзін з канцоў і махры адсутнічаюць. У маладзечанскі музей пояс паступіў у 1968 годзе з Маскоўскага дзяржаўнага музея.А вось і больш стары экспанат. З глыбіні стагоддзяў глядзіць на нас сярэбраная шыйная грыўня балцкага тыпу VII—X стагоддзяў вагой больш як трыста грамаў, знойдзеная ў вёсцы Гарадок Маладзечанскага раёна.

Старавіленскі тракт: учора і сёння

Гэта дарога, адна з самых лепшых на Вільню, вядома з XIV—XV стагоддзяў як Старавіленскі шлях (тракт). Па ёй хадзілі войскі, па ёй ажыццяўлялася паштовая служба; тут летам каціліся фурманкі, а зімой — сані. Па Старавіленскім тракце, які стаў важнейшай гандлёвай артэрыяй, цяклі бясконцым патокам разнастайныя тавары. Уздоўж тракту стаялі корчмы, туліліся паселішчы, дзе можна было памяняць коней, прыкупіць фуражу, перакусіць. Дарогу, быццам строгая варта, ахоўвалі драўляныя і мураваныя замкі.Ведучы падарожніка з Мінска ў сталіцу Вялікага княства Літоўскага Вільню, шлях нанізваў на сябе мноства слаўных сваёй гісторыяй населеных пунктаў, такіх як Радашковічы, Краснае, Маладзечна, Смаргонь, Солы, Жупраны, Ашмяны, Меднікі.У розны час па гэтым тракце праязджалі і праходзілі вядомыя асобы: Сымон Будны, Міхал Агінскі, Дзяніс Давыдаў, Тарас Шаўчэнка, Мікалай Гогаль, Уладзіслаў Сыракомля, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч, Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Міхась Чарот, Цётка (Алаіза Пашкевіч), Цішка Гартны, Браніслаў Тарашкевіч і многія іншыя дзеячы беларускай, расійскай, польскай, украінскай, літоўскай культуры.У 1979 годзе ў Маладзечанскім раёне, ля населенага пункта Мясота быў устаноўлены помнік Віленскаму тракту. Яго геаграфічныя каардынаты 54 16 49 N, 27 2 54 Е.Дарэчы, сёння, калі пажадаеце, беларускія турыстычныя кампаніі могуць правезці вас па старадаўнім маршруце. Пакінуўшы Ждановічы і Заслаўль, вы праедзеце па гэтым шляху ад Радашковічаў да Ашмян і вернецеся ў Мінск па дарозе, пракладзенай з Мінска да Вільнюса ў канцы 80-х — пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Увесь шлях складзе амаль што трыста кіламетраў.

Вялікая вада для Мінска

Ужо амаль што трыццаць пяць гадоў сталіца Беларусі атрымлівае большую частку неабходнай для насельніцтва горада вады праз Вілейска-Мінскую водную сістэму. У пэўным сэнсе яе можна назваць сапраўдным інжынерным цудам другой паловы XX стагоддзя. І сёння з дапамогай пяці гідрапомпавых станцый, размешчаных на галоўным канале Вілейска-Мінскай воднай сістэмы, паміж Вілейскім вадасховішчам і Радашковічамі (Маладзечанскі раён) да Мінска вада падымаецца на вышыню 75 метраў.У 1973—1975 гг. было пабудавана новае, самае буйное ў рэспубліцы Вілейскае вадасховішча аб’ёмам 260 млн кубічных метраў вады. Паралельна ад Вілейскага да Заслаўскага вадасховішча будаваўся 62-кіламетровы канал з пяццю водапад’ёмнымі станцыямі прапускной здольнасцю 22 кубічныя метры ў секунду (382 млн кубічных метраў у год). У канцы 1975 года гэта грандыёзная будоўля была завершана. Мінск атрымаў вялікую ваду. Так была вырашана глабальная задача: у сталіцу паступілі дастаткова вялікія аб’ёмы рачной вады.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Край, дзе ўпэўнена развіваюцца эканоміка і сельская гаспадарка. Блізкасць да Мінска, разгалінаваная сетка аўтамабільных дарог і чыгункі, якія звязваюць важныя гандлёвыя шляхі Мінск — Вільнюс, Полацк — Гродна, разнастайныя прыродныя рэсурсы — усё гэта робіць Маладзечанскі раён вельмі прывабным для айчыннага і замежнага турыста. Маладзечна па праву лічаць культурным цэнтрам Міншчыны. Тут працуюць 26 устаноў культуры і мастацтва, праходзяць шматлікія фестывалі і святкаванні. Можа, таму Маладзечаншчыну лічаць яшчэ і краем вершаў і песень.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика