Рукапісы не гараць. Гаўрыла Гарэцкі
05.04.2010 17:13
—
Новости Культуры
|
Гаўрыла Іванавіч Гарэцкі (1900-1988) побач са сваім братам, класікам беларускай літаратуры Максімам Гарэцкім, і сынам Радзімам Гарэцкім (акадэмікам НАН Беларусі, геолагам, геатэктонікам) - слынны прадстаўнік аднаго з найбольш вядомых беларускіх інтэлігенцкіх родаў ХХ стагоддзя. Выдатны беларускі вучоны-геолаг, акадэмік НАН Беларусі, доктар геолага-мінералагічных навук, заслужаны дзеяч навукі БССР, лаўрэат дзяржаўных прэмій СССР і БССР, ён з’яўляецца аўтарам больш за 160 навуковых прац, у т.л. 8 манаграфій. На пачатку свайго творчага шляху вядомы вучоны ў галіне палітэканоміі, аўтар прац па этнастатыстыцы, сельскай і лясной гаспадарцы, філалогіі, Г. Гарэцкі атрымаў міжнароднае прызнанне як буйны спецыяліст у галіне геалогіі антрапагену. Ім распрацаваны навуковыя асновы новага напрамку геалагічнай навукі - палеапатамалогіі (вучэння пра рэкі мінулага).
8 красавіка 2010 года ў чытальнай зале аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Экспазіцыя юбілейнай выстаўкі дае наведвальнікам магчымасць прасачыць асноўныя этапы жыццёвага і творчага шляху славутага суайчынніка. Тут можна ўбачыць дакументы, якія адносяцца да часоў яго навучання ў Горацкім каморніцка-агранамічным вучылішчы, Пятроўскай (Ціміразеўскай) сельскагаспадарчай акадэміі ў Маскве, працы ў Беларускай акадэміі сельскай гаспадаркі ў Горках, Інстытуце беларускай культуры і Беларускім НДІ сельскай і лясной гаспадаркі. Шырока прадстаўлены таксама дакументы, што сведчаць пра працу Г. Гарэцкага ў складзе розных інжынерна-геалагічных арганізацыях СССР і пра яго ўдзел у будаўніцтве буйных гідратэхнічных збудаванняў краіны. ![]() Гаўрыла Гарэцкі – студэнт Горацкага каморніцка-агранамічнага вучылішча. 1917 г. ![]() Руска-беларускі слоўнік братоў Гарэцкіх 1918 года выдання з аўтографам Максіма Гарэцкага ![]() Вокладка справы педагагічнага савета Горацкіх навучальных устаноў вучня каморніцка-агранамічнага вучылішча Гаўрылы Гарэцкага. 1919 г. ![]() Вокладка справы сябра беларускай дзяржаўнай акадэміі сельскай гаспадаркі Гаўрылы Гарэцкага. 1925 г. ![]() Гаўрыла і Максім Гарэцкія. 1926 г. ![]() Гаўрыла Гарэцкі і Сцяпан Некрашэвіч – правадзейныя члены Інбелкульта. Менск, лістапад 1926 г. ![]() Гаўрыла Гарэцкі з жонкай Ларысай Восіпаўнай і сынам Усяславам. 1928 г. ![]() Гаўрыла Гарэцкі ў турме. Менск, 1930 г. ![]() Ліст Гаўрылы Гарэцкага да Уладзіміра Дубоўкі. 27 снежня 1965 г. ![]() Гаўрыла Гарэцкі ў палявой геалагічнай экспедыцыі. Ніжнінскі роў на левым беразе Дняпра каля Шклова. Чэрвень 1968 г. ![]() Гаўрыла Гарэцкі і Уладзімір Дубоўка. Масква,1970 г. Пад фотаздымкам чатырохрадкоўе У. Дубоўкі "Ай дзяды! Гляньце колькі на іх сівізны!.." ![]() Гаўрыла Гарэцкі і член-карэспандэнт НАН Беларусі Міхаіл Ганчарык у грыбах. 1979 г. Не засталася па-за ўвагай арганізатараў выстаўкі дзейнасць вучонага ў Акадэміі навук БССР на пасадзе загадчыка лабараторыі геалогіі і палеапатамалогіі антрапагену Iнстытута геахіміі і геафізікі, а таксама на чале такіх навуковых арганізацый, як Камісія па вывучэнні чацвярцёвага перыяду АН СССР і Савецкая секцыя міжнароднага саюза па вывучэнні чацвярцёвага перыяду (INQUA), у складзе рэдкалегій розных навуковых выданняў. Шырока выкарыстаны ў экспазіцыі фотаздымкі розных гадоў. Многія з іх сведчаць аб значных падзеях з жыцця юбіляра. Г. Гарэцкі паўстае на фота разам з роднымі і блізкімі, побач з вядомымі дзеячамі навукі і культуры. Выклікае цікавасць і эпісталярная частка экспазіцыі, якая склалася з перапіскі Г. Гарэцкага з роднымі, з айчыннымі вучонымі М. Ганчарыкам, П. Рагавым, М. Улашчыкам, дзеячамі савецкай геалагічнай навукі У. Сукачовым, К. Маркавым, П. Дарафеевым, з пісьменнікамі Я. Коласам, К. Крапівой, У. Дубоўкам, М. Лужаніным і інш. Раздзел экспазіцыі пад назвай "Прызнанне заслуг" аб’ядноўвае дакументы, якія сведчаць аб прысваенні Г. Гарэцкаму ганаровых званняў, аб узнагароджанні яго дзяржаўнымі ўзнагародамі, шматлікія віншавальныя адрасы і г.д. І, нарэшце, адно з найважнейшых месцаў у экспазіцыі займаюць кнігі. Сярод іх навуковыя працы Г. Гарэцкага розных гадоў: складзены сумесна з М. Гарэцкім "Руска-беларускі слоўнік" (1918), усе манаграфіі вучонага, у т.л. "Аллювий великих антропогеновых прарек Русской равнины. Прареки Камского бассейна" (1964), "Формирование долины р. Волги в раннем и среднем антропогене. Аллювий Пра-Волги" (1966), "Аллювиальная летопись Великого Пра-Днепра" (1970), "Особенности палеопотамологии ледниковых областей (на примере белорусского Понеманья)" (1980) і інш., а таксама асобныя артыкулы. Акрамя таго, экспануюцца кнігі з дароўнымі надпісамі вядомых навукоўцаў, адрасаванымі Г. Гарэцкаму, і літаратура, прысвечаная жыццю і дзейнасці вучонага. Пры падрыхтоўцы выстаўкі шырока выкарыстоўваліся дакументы з асабістага рукапіснага архіва Г. Гарэцкага і геалагічнага кнігазбору вучонага, што захоўваюцца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа. Велізарны ўклад у арганізацыю выстаўкі зрабіў і акадэмік Р.Г. Гарэцкі, які даў дазвол на выкарыстанне ў экспазіцыі каштоўных дакументаў са свайго хатняга архіва, якія адносяцца да жыцця і дзейнасці яго славутага бацькі . TUT.BY - рукапісы не гараць… Таксама чытайце: Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гаўрыла Іванавіч Гарэцкі (1900-1988) побач са сваім братам, класікам беларускай літаратуры Максімам Гарэцкім, і сынам Радзімам Гарэцкім (акадэмікам НАН Беларусі, геолагам, геатэктонікам) - слынны прадстаўнік аднаго з найбольш вядомых беларускіх інтэлігенцкіх родаў ХХ стагоддзя. Выдатны беларускі вучоны-геолаг, акадэмік НАН Беларусі, доктар геолага-мінералагічных навук, заслужаны дзеяч навукі БССР, лаўрэат дзяржаўных прэмій СССР і БССР, ён з’яўляецца аўтарам больш за 160 навуковых прац, у т.л. |
|