Гурт «J:морс» сёлета спраўляе свой дзесяты дзень нараджэння ― за гэты тэрмін адзін з самых вядомых беларускіх поп-рок-калектываў паспеў нажыць тону прыхільнікаў і крытыкаў, пры гэтым заўсёды трымаючыся асобна ад рок-н-рольных тусовак, захоўваючыся ўбаку ад палітычных лозунгаў, ідэалагічных акцый, не падстаўляючы галаву пад кожную неадназначную рок-карону.
На гэтым тыдні «Морсы» выбіраюцца ва ўсебеларускія гастролі, старт якім будзе дадзены 21 красавіка ў канцэртнай зале «Мінск». Напярэдадні падарожжа фронтмэн ансамбля Уладзімір Пугач за кубкам чорнай гарбаты распавёў пра тое, як мяняюцца людзі з прыходам «трыццатніка», што такое паркетны антыглабалізм, хто з’яўляецца культурным лідэрам беларускай нацыі, а таксама раз і назаўжды патлумачыў, чаму ў 2006 годзе «J:морс» збег ад сваёй «Рок-кароны».
У чаканні гарачых напояў «Беларускія навіны» прапанавалі лідэру «Морсаў» пашырыць геаграфію гастроляў, а заадно пракласці турыстычныя сцежкі паміж беларусамі ў ва ўсім свеце. Як варыянт ― паехаць з канцэртам да беларусаў Аргентыны.
― Не, не атрымаецца, — кажа Пугач. ― Бо мы не з’яўляемся прадстаўнікамі нацыянальнай культуры. У нас у краіне ёсць сапраўды рэпрэзентатыўныя музыкі ― Лявон Вольскі, гурт «Троіца». Яны могуць зацікавіць беларускія дыяспары. А мы проста спяваем песні ― з пункту гледжання адных цікавыя — і нецікавыя з пункту гледжання іншых. Нацыянальнага каларыту ў нас няшмат.
― У вас за спіной цэлых дзесяць год працы, вы наогул сур’ёзна ставіцеся да гэтага юбілею?
― Не, вы што, я ж не прыдурак!
― Але светапогляд за гэта час у вас памянаўся?
― Безумоўна. Чалавек у дваццаць і трыццаць год вельмі па-рознаму думае. Калі мы пачыналі, «J:морс» не быў нейкім там праектам, гэта было хобі, якое проста ўзяло мяне за каўнер і пацягнула далей, вырашыла ўсё за мяне само. Натуральна, я пачаў разумець, што многае можна планаваць, але атрымаецца ўсё роўна так, як само атрымаецца, як павядзе. Гэта перамяніла мой светапогляд. Ну і пасля ў трыццаць сапраўды менш максімалізму, перастаеш бачыць усё ў чорна-белай афарбоўцы. Жыццё ў звязку з узнікненнем цэлай палітры колераў стала больш цудоўным.
― Хіба ў трыццаць энергіі не менш, чым дзесяць год таму?
― Мы жывем ад стану, калі ў нас вельмі шмат энергіі, і мы не ведаем, што з ёй рабіць, ― да стану, калі нам дакладна вядома, што з энергіяй рабіць, але яе ўжо няма. І прыкладна пасярэдзіне, якраз у трыццаць-сорак гадоў трэба карыстацца тым, што яшчэ ёсць першае, і ўжо другое ёсць.
― Вы не баіцеся старасці, калі застанецца толькі разуменне?
― Не, бо не ведаю пакуль, што гэта такое. Я і зубоў выдзіраць не баяўся, пакуль мне першы не вырвалі.
― Тым не менш, вы ж трымаеце ў галаве, што усё ― і «J:морс» таксама ― аднойчы можа скончыцца?
― Я не ведаю, колькі мы яшчэ будзем граць, напэўна, доўга, або пакуль нас не забароняць. А забараніць могуць па розных прычынах. Вось мы не паехалі ў 2006-м годзе ўдзельнічаць у канцэртах праекту «За Беларусь», і нас тады забаранілі на паўгады. Проста пра гэта мы нікуды не пісалі, не рабілі з гэтага папулізму.
― Вы ні з чаго папулізму не робіце! Дагэтуль загадка, чаму вы ў тым жа 2006-м адмовіліся прымаць галоўную «Рок-карону», чаму вы з’ехалі перад уручэннем?
― Добра, я патлумачу, дыктафон запісвае? Ва ўсе часы ў творчай інтэлігенцыі была схільнасць рамантызаваць палітыку, хаця відавочна, што палітыка — гэта не барацьба паміж дабром і злом, а заўсёды барацьба за ўладу. Нехта спрабуе яе захаваць сілай дзяржаўнага прымусу, нехта спрабуе заваяваць яе іншымі паліттэхналогіямі, за апошнія паўстагоддзі моднай тэндэнцыяй стала выкарыстанне музыкаў і іншых прадстаўнікоў творчых прафесій. Самае небяспечнае ў гэтым — расшчапленне грамадства, калі людзі выходзяць на вуліцы і шпурляюць камяні адно ў аднога.
Таму я не люблю, калі людзьмі маніпулююць і не цярплю ніякую ідэалогію. Калі мы збіраліся на «Рок-каранацыю», я адразу сказаў арганізатару Гену Шульману, што мы сыйдзем, калі адчуем, што нас хочуць выкарыстаць. Ну і потым ужо на самім мерапрыемстве мне стала вельмі непрыемна, калі пачалі выходзіць музыкі і казаць нейкія лозунгі, махаць кулакамі ― рабіць тое, чаго ад іх чакае публіка. Трэба сказаць, што здабыць папулярнасць за кошт добрай песні нашмат складаней, чым выйсці пакрычаць і стаць знакамітым. Я ўсвядоміў, што нават калі я выйду і буду маўчаць, мяне праасацыююць з тусоўкай, а я гэтага не люблю. У мяне свая пазіцыя, я гэта я, і мной маніпуляваць нельга, каб я стаяў са сцягам, як дурачок. Таму я прыняў рашэнне адтуль зваліць, цудоўна разумеючы, чым гэта мне абернецца: даказваць, што ты не вярблюд, прыйдзецца надта доўга. Таму я наогул нікому нічога не стаў даказваць.
Часам каб жыць у згодзе з сумленнем, варта пабыць адшчапенцам. Затое мне зараз вельмі лёгка дыхаецца.
Наогул мне найбольш падабаюцца музыкі, якія займаюцца му-зы-кай. Напрыклад, малады гурт The Toobes ― улётныя хлопцы, яны, як мне здаецца, ні да якой тусоўкі не прымыкаюць.
― Не хочаце з імі зрабіць нешта супольнае?
― Думаю, ім гэта зараз не трэба. І яшчэ не лічу, што з усім, хто падабаецца, трэба нешта рабіць.
― Ну вось, здаецца, Лявон Вольскі дзейнічае так: збірае тых, хто яму падабаецца, і ладзіць супольныя праекты...
― Я не разбіраюся ў яго методыках, я ведаю, што ён бязмежна таленавіты і праз 100 год з усіх нас напішуць менавіта пра яго. Ён культавы персанаж, адзіны такі на ўнутраным беларускім рынку. Тры-чатыры яго песні я сапраўды залічваю да сваіх любімых: «Катуй-ратуй», «Абсэнт», «Дай мне знак»...
― Вось вы ўдзельнічалі ў праекце Вольскага «Такога няма нідзе» на манер мелодый 60-х гадоў. А крытыкі музычныя гэты праект практычна адзінадушна залічылі да вельмі слабых. Што на гэта скажаце?
― Скажу, што ў Беларусі рок-музыка развілася нашмат сур’ёзней, глыбей, чым музычная журналістыка. У Лявона цудоўнае пачуццё гумару, у яго вельмі экстравагантная жыццёвая пазіцыя, і стылізацыі ў яго атрымліваюцца насамрэч добра.
― Трагічныя падзеі ў Польшчы ізноў паказалі, што палякі ― гэта народ і нацыя, здольная як радавацца, так і бедаваць разам. Можа, гэта не самы трапны прыклад, але ён прымусіў задумацца: беларусы нават на святы не адчуваюць еднасці.
― Так, нічога не адбываецца, і нічога не аб’ядноўвае. Здаецца, у беларусаў ёсць нейкі ген сацыяльнай пасіўнасці. Я часта падарожнічаю, паўсюль нешта адбываецца ― тут праект, там праект, дзвіжуха. А вяртаешся дадому, як у кансервавую банку, дзе цішыня і нічога не варушыцца. Можа быць, у нас проста ўсё яшчэ запаведнік Савецкага Саюза, для якога характэрныя крайнасці і давядзенне ўсяго да абсурду. Што лепш: закручаныя гайкі, як у нас, ці поўная анархія, як ва Украіне, дзе дэмакратыю давялі да абсурду? Нашы глядзяць у іх бок і думаюць: няхай будзе лепш так, як ёсць, прынамсі, спакойна.
― Але гайкі закручваюцца зверху, а жаданне выйсці на вуліцу і адчуць сваю еднасць з цэлым народам павінна нараджацца ў кожнай асобнай галаве.
― Не, у нас жаданні нараджаюцца толькі ў адной галаве, таму і рэжым называецца ― аўтарытарны. А наогул каб выйсці і радавацца, трэба проста забыць усе нашы розніцы, перастаць дзяліцца на тусоўкі, бо жыццё будуецца не на палітыцы, а на любові. Песні пра любоў жывуць даўжэй, чым песні пра палітыку. Забываецца ўсё, застаюцца толькі больш тонкія матэрыі.
― Ці ёсць у Беларусі сёння культурны лідэр?
― Культурнага лідэра адзінага для ўсіх быць не можа, Пушкіна не ўсе чыталі, Ісуса Хрыста не ўсе любілі. Культурны лідэр заўжды прыходзіць праз інтэлігенцыю. Мне падаецца, што ў Беларусі такім лідэрам быў Напалеон Орда, зараз такім з’яўляецца Лявон Вольскі.
― А Сяргей Міхалок не можа быць такім? Ён вельмі вядомы.
― Ён займаецца не нацыянальнай культурай, а культывацыяй дастаткова моднай на сёння тэндэнцыі, якую я называю паркетным антыглабалізмам ― гэта калі сытыя, здаровыя людзі пачынаюць змагацца з усім на свеце. А мне ў Міхалка падабаюцца песні, а не лозунгі і агітчастушкі. Адна з маіх самых любімых песень «Ляписа Трубецкого» — «Огоньки». Сяргей Міхалок папулярны даўно, доўга, ён умее рэбрэндавацца, чаму можна пазайздросціць ― я так не ўмею і не ведаю, што буду рабіць ў момант, калі пройдзе мода на музыку.
― Гурт «J:морс» таксама папулярны даўно і доўга. Ці можна сказаць, калі быў пік вашай вядомасці?
― Я адкажу па Булгакаву: галоўная падзея нашага жыцця яшчэ наперадзе.