Калі Амерыка стала Савецкай, а пасёлак імя Сталіна названы Вішанскім. 21.by

Калі Амерыка стала Савецкай, а пасёлак імя Сталіна названы Вішанскім

13.05.2010 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ці аб тым, як вёскам шукаюць гучнае імя

На працягу многіх гадоў я ездзіў па Гомельшчыне, паралельна з асноўнымі клопатамі цікавіўся гісторыяй сельскіх населеных пунктаў, запісваў паданні пра іх назвы, збіраў літаратуру па тапаніміцы.

Сённяшнія мае развагі не ва ўсім супадаюць з меркаваннямі аўтараў “Слоўніка назваў населеных пунктаў Гомельскай вобласці”, які выдавецтва “Навука і тэхніка” выпусціла ў 1986 годзе.
Ва ўводзінах у кнігу навукоўцы сцвярджалі: “Новыя назвы -- тыя, што ўзніклі і ўзнікаюць пры Савецкай уладзе, таму ў іх адлюстроўваецца грамадска-эканамічны ўклад нашага жыцця, сацыялістычныя адносіны паміж людзьмі, ідэалагічнае жыццё эпохі, яго змест і накірунак. Словы для назваў найчасцей выбіраюць з даволі выразным, празрыстым значэннем, каб яны не толькі давалі намінацыю населенаму пункту, а і мелі ідэалагічную нагрузку”.
Я не маю права ўпікаць дасведчаных у мове навукоўцаў за “ідэалагічную нагрузку”: як кажуць, такі быў час, такая была эпоха. Тым больш што ў наступным абзацы ўводзінаў моваведы быццам бы закрэслілі сваю папярэднюю выснову: “Даючы новыя назвы, людзі стараліся, каб яны арганізоўвалі, з'ядноўвалі, клікалі, вялі. Нямала назваў няўдалых, тыпу Адчаянны, Баец, Зара Новай Жызні, Рашыцельны, Шлях Селяніна”...
Да няўдалых тагачасных слоў-ідэалаў, слоў-гегемонаў, слоў-імкненняў дадам прозвішчы рэвалюцыянераў рознай вартасці, камуністычных дзеячаў СССР, прозвішчы якіх пераносіліся на вёскі і пасёлкі, ад якіх затым даводзілася адмаўляцца і часта зноў даваць няўдалыя, рызыкоўныя па тэрмінах ужывання назвы.
У вёсцы Савецкая Жлобінскага раёна кабеты сталага веку расказвалі, калі, адкуль і як узнікла сучасная назва іх пасялення.
Летам 1964 года ў вёску пад першай у яе гісторыі назвай Амерыка прыехалі прадстаўнікі райкама партыі, сабралі сход і сказалі: “Нягожа вам, таварышы, называцца амерыканскімі капіталістамі. Вашай вёсцы трэба падшукаць гучнае імя. Па дарозе да вас мы толькі над гэтым і разважалі. Давайце з сённяшняга дня называць вас савецкімі, а вёску Савецкай”.
А людзям што, хіба яны лішнія ў Бога, наперабой расказвалі жанчыны, і ўрэшце рэшт усе прыйшлі да такога вываду: “Пад саветамі жывём, дык і будзем савецкімі, калі так лічаць у высокіх інстанцыях”.
Калі ж я пацікавіўся пра ўзнікненне скасаванай назвы, апавядальніцы выклалі дзве версіі.
Першая з іх асноўвалася на тым, што перасяленец з суседняй вёскі быццам бы да ўладкавання жылля на тэрыторыі пуставаўшага ўрочышча ў пачатку XX стагоддзя ездзіў на заробкі ў Амерыку і насіў мянушку “амерыканец”. Другая версія абапіралася на тое, што тыя ж перасяленцы, вывучыўшы наваколле і яго асаблівасці, нібыта прамовілі: “Дык тут жа сапраўдная Амерыка”, што азначала: на новым месцы ёсць усе падставы збіраць неблагія ўраджаі і наладжваць забяспечанае жыццё.
У першыя гады Савецкай улады асабліва пашыранымі сталі словы “чырвоны” і “новы”, якія дадаваліся да існаваўшай назвы ці атрымлівалі зусім новую. У памянёным слоўніку я налічыў ажно 46 “чырвоных” і 82 “новыя”. Вось некаторыя з іх: Чырвонае Поле, Чырвонае Селішча, Чырвоная Паляна, Чырвонае Курганне, Чырвоны Лужок, Чырвоны Маяк, Чырвоны Шлях, Чырвоны Сцяг, Чырвоны Араты, Чырвоны Агароднік і нават Чырвоны Пільшчык... Сярод “новых” -- Новы Дварэц, Новая Ніва, Новы Прамень, Новая Вёска, Новыя Каласы, Новы Млын і нават Новае Наваселле.
У 30-я гады мінулага стагоддзя і ўжо ў пасляваенны час прашугала некалькі хваляў перайменаванняў населеных пунктаў, якія насілі прозвішчы рэвалюцыянераў і камуністычных дзеячаў, у тым ліку Бухарына, Троцкага, Сталіна.
Каб не прыніжаць годнасці і заслуг гэтых “людзей-ідэалаў”, поўныя назвы пасяленняў гучалі і пісаліся так: Пасёлак імя Бухарына, Пасёлак імя Троцкага, Пасёлак імя Сталіна. Прозвішча правадыра ўсіх часоў і народаў амаль адначасова было нададзена чатыром населеным пунктам: двум у Буда-Кашалёўскім, па аднаму ў Веткаўскім і Гомельскім раёнах. Цікава, што пад сталінскія, бухарынскія, троцкінскія паселішчы трапілі даволі прыстойныя і амаль што адзінкавыя на тэрыторыі вобласці назвы -- Рошча, Лугавая, Вясновая.
Здараліся і ўдалыя выключэнні. Пасёлак імя Сталіна Гомельскага раёна ў 1957 годзе атрымаў паэтычную і адпаведную занятку сялян -- Вішанскі. З таго часу пасёлак пастаянна пашыраў тэрыторыю і склад насельніцтва. Калі ў пасёлку імя Сталіна ў 1926 годзе мелася 17 двароў і пражывала 107 чалавек, дык у 2004 годзе ў Вішанскім налічвалася ўжо 125 гаспадарак і 319 жыхароў. У яго межы ўліўся пасёлак пад кароткай назвай Новы.
Многія вёскі з разраду аднаднёвак у розны час злучыліся з больш буйнымі населенымі пунктамі ці назаўсёды зніклі з карты Гомельшчыны. Тыя, што выжылі, у тым ліку такія, як Галоднае, Хаткі, доўгія гады фіксаваліся толькі ў афіцыйных дакументах, а насельніцтва, як правіла, карысталася першапачатковымі назвамі, што высвечвае наступнае: штучна ўтворанае, уведзенае па загадзе, не разлічанае на вечнасць не вытрымлівае выпрабавання часам, як і тыя ж бальшавікі ў асобах Троцкага, Бухарына, Сталіна.
На апошнюю Радаўніцу абышоў усе вуліцы сваёй роднай вёскі Барталамееўка (Варфаламееўка -- Л. Вінаградаў. Выданне “Гомель. Яго мінулае і цяперашняе. 1142--1900 гг.”), якая пасля катастрофы на ЧАЭС адышла ў нябыт.
У яе цэнтры ад перакрыжавання вуліц у чатырох напрамках размяшчалася Сяло з некалі знакамітым будынкам царквы і забытымі шумлівымі радамі мікольскіх ярмарак. Перпендыкулярна яму амаль да лесу цягнулася Наваселле, а з бакоў размяшчаліся вуліцы Бачок, Куток, агароды якіх пасля адсялення вёскі паспелі зарасці бярозамі, таполямі, а асфальтавыя стужкі дарог зацягнуліся ароніяй і засыпаліся пяском.
Дык вось на закапаных хатах у шасцідзесятыя гады былі прымацаваны шыльды з моднымі для таго часу назвамі -- Савецкая, Піянерская і Камсамольская. У сустрэтых на тую Радаўніцу землякоў пацікавіўся, чаму на могільнік яны ідуць не з таго боку, і ў адказ пачуў: “Хадзілі на роднае Наваселле”. Не на Камсамольскую, а на Наваселле!
Мае рацыю гомельскі навуковец А. Рогалеў, які ў сваёй кнізе “Сцежкі ў даўніну” напісаў: “Гісторыя цікавая не толькі знешнімі атрыбутамі, а перш за ўсё сваім зместам, сваёй сутнасцю, захаванасцю ў чалавечай памяці. І ў гэтым сэнсе няма гісторыі беднай ці багатай, яна ўсюды свая, непаўторная”.
Дык будзем жа асцярожнымі і ўдумлівымі пры наданні назваў новым, калі ўзнікне такая неабходнасць, пасяленням, жылым мікрараёнам і вуліцам. Гісторыя не любіць ідэалогіі і палітызаванасці. У кожным зручным выпадку яна адрынае іх, захоўваючы толькі тое, што міла і дорага чалавечай душы.
Мікола ЕРМАКОЎ
Гомельская вобласць

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика