Захапляючыя дзівосы. Першымі вызначыць сем цудаў свайго раёна вырашылі вучні Шчучынскай дзяржаўнай гімназіі на чале з намеснікам дырэктара па навукова-метадычнай рабоце гэтай навучальнай установы Аленай Лісоўскай
19.05.2010
—
Новости Культуры
|
Юныя энтузіясты правялі вялікую і карпатлівую даследчую работу. А калі яны канчаткова вызначылі сем гістарычных і духоўных жамчужын Шчучыншчыны, з імі пагадзіліся нават самыя дасціпныя краязнаўцы. Пугачоўскі валунНепадалёку ад вёскі Вялікія Пугачы, што за 22 кіламетры ад Шчучына ў паўночна-заходнім напрамку, на полі знаходзіцца валун ружовай буйназярністай структуры. Яго назвалі Пугачоўскім і аб’явілі помнікам прыроды рэспубліканскага значэння.Даўжыня каменя — 8 метраў, шырыня — 7 метраў, вышыня — 2,19 метра. Мясцовыя доўгажыхары называюць гэты валун “вялікім камнем” і расказваюць, што раней ён быў нашмат вышэйшы. Маўляў, тут калісьці шумеў лес, і каб залезці на камень, трэба было спачатку ўскарабкацца на бярозу, што расла побач. Маленькі ВерсальДа яшчэ аднаго архітэктурнага шчучынскага цуда прыкавана зараз увага сучаснікаў. Палац князёў Друцкіх-Любецкіх, які пачаў узводзіцца напрыканцы XIX — пачатку XX стагоддзя, зараз перажывае рэканструкцыю. Спецыялісты вельмі адказна адносяцца да архітэктурных асаблівасцей велічнага будынка — лепшага ўзору пераходнага перыяду ад барока да класіцызму.Дарэчы, менавіта шчучынскія даследчыкі даўніны знайшлі... двайнік палаца Друцкіх-Любецкіх. Гэта Малы Трыанон (архітэктар Габрыэль), які месціцца на тэрыторыі Версаля — рэзідэнцыі французскіх каралёў. Тут жа і лагічнае тлумачэнне гэтаму факту: князь Ксаверый Друцкі-Любецкі ў свой час быў накіраваны ад Расійскай імперыі паслом у Францыю, а вярнуўшыся на радзіму, упаўне мог дазволіць такую мілую экстравагантнасць — стварыць для сябе “маленькі Версаль” у Шчучыне. Царква-крэпасцьДа гэтага цуда нельга прывыкнуць. Кожны раз, калі бываеш у Мураванцы, дух займае ад зачаравання старажытным храмам, які нагадвае і замак, і цытадэль. Велічныя вежы з байніцамі, сцены двухметровай таўшчыні, таямнічыя лабірынты... Маламажэйкаўская царква, яна ж Мураванка, знаходзіцца непадалёку ад міжнароднай аўтастрады Гродна — Мінск — Масква. Ад Гродна да яе 86 кіламетраў, ад Ліды — менш за 30. “Мы прымаем нямала паломнікаў, турыстаў і вельмі рады ўсім, каго цікавіць старажытная гісторыя нашага храма, — гаворыць настаяцель Свята-Раства-Багародзічнай царквы святар Міхаіл Лойка. — Спадзяёмся, што гэта ўнікальная царква-крэпасць — помнік абарончага дойлідства гатычна-рэнесанснага стылю — неўзабаве будзе ўключана ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА”. У Ракавічы — да цудатворнай іконыПа ўсеагульным меркаванні, найвялікшай святыняй Шчучынскага раёна з’яўляецца ікона Ракавіцкай Божай Маці. Паводле падання, у 1748 годзе мешчаніну Макрэцкаму прысніўся прарочы сон — яму з’явілася Багародзіца. Раніцай ён пайшоў да ўказанага месца ля ракі, дзе і знайшоў ікону. Рачулка змялела, амаль знікла. І толькі там, дзе была знойдзена ікона, і па сённяшні дзень бруіцца цудадзейная крыніца — гаючая вада дапамагае хворым людзям, ачышчае духоўна, надае сілы.На сродкі мешчаніна Макрэцкага ў гэтым месцы ўзвялі драўляны храм, у ім і знаходзілася ікона. Праўда, праз нейкі час яе з ушанаваннямі адправілі ў Вільню, а ў Ракавічах і па сённяшні дзень захоўваецца і не меней ушаноўваецца спіс з іконы ў срэбным акладзе. Гэта выява Ракавіцкай Божай Маці таксама творыць цуды, вылечвае людзей фізічна і духоўна. Коркавы гайСапраўдны батанічны цуд Шчучыншчыны — коркавы гай. Літаральна за дзесятак кіламетраў ад райцэнтра, у наваколлі вёскі Малыя Баяры, раскінулася цэлая плантацыя коркавага дрэва (яно ж — аксаміт амурскі), якую ў 1954 годзе заклалі работнікі Шчучынскага лясніцтва. Ці ж не дзіва, што дрэвы, радзімай якіх з’яўляюцца паўднёвыя шыроты, трывала прыжыліся на Беларусі!? Калегіум піяраўУ сярэдзіне XVIII стагоддзя Шчучын нагадваў маленькі Оксфард. Тут у калегіуме асветніцкага ордэна манахаў-піяраў (не блытаць з сучасным тэрмінам “піяр”!) выкладалі тэалогію, філасофію, этыку, логіку, рыторыку, усходнія мовы і яшчэ мноства іншых прадметаў ажно пяць прафесараў. Рэктарам калегіума быў знакаміты навуковец Станіслаў Баніфацый Юндзіл. Закладзены ім унікальны батанічны сад — найвялікшая загадка для мясцовых краязнаўцаў. Існуе некалькі версій, але дакладнае месца знаходжання сада так і не ўстаноўлена. Між тым вядома, што ў 1814 годзе шчучынскі батанічны сад быў адным з лепшых на Беларусі і налічваў каля 500 відаў раслін. Менавіта шчучынскі вопыт паспрыяў знакамітаму Юндзілу, калі той закладваў батанічныя сады ў Вільні і Вене. Вітражы чырвонага касцёлаВелічным помнікам неаготыкі з’яўляецца Петрапаўлаўскі касцёл у вёсцы Старыя Васілішкі. Яго пабудавалі ў 1897—1903 гадах з чырвонай цэглы па праекце вядомага польскага архітэктара Канстанціна Вайцяхоўскага. Мастацкую выразнасць інтэр’еру надаюць фрэскі, чаканка, мноства скульптур, арыгінальная штучная пячора, створаная ў левым нефе касцёла... Але адным з цудаў Шчучыншчыны аб’яўлены менавіта вітражы касцёла. Выкананыя ў лепшых традыцыях вітражнага мастацтва, яны распавядаюць пра пакутніцкі шлях Хрыста. Вітражы запаўняюць усе аконныя праёмы, утвараючы дзівосную гульню святла і ценяў. Гэта варта пабачыць! Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Юныя энтузіясты правялі вялікую і карпатлівую даследчую работу. А калі яны канчаткова вызначылі сем гістарычных і духоўных жамчужын Шчучыншчыны, з імі...
|
|