Сучасныя тапёры, хто яны?
21.05.2010 16:24
—
Новости Культуры
|
Тапёр — музыка, які выконвае акампанемент падчас паказу нямых кінастужак. Найчасцей піяніст, які імправізуе і прыстасоўвае ігранае да сюжэтнай лініі. Прафесія тапёра, якая знікла пасля паўставання гукавага кіно, сёння — у якасці творчага эксперымента — вяртаецца ў кінатэатры, і калі не ў шырокі пракат, дык на элітныя паказы. Цяпер у тапёры ідуць не па грошы, а дзеля творчай асалоды і штурму нязведанага. У мінскім кінатэатры «Перамога» 21 і 22 мая будуць дэманстравацца класічныя нямыя фільмы пад акампанемент маладога расійскага кампазітара Арсенія Трафіма. Арсеній Трафiм — аўтар музыкі да класiчных шэдэўраў Чарлi Чаплiна і Бастора Кiтона да экспрэсiянiстычных i авангардных эксперыментаў Бунюэля, Дзюлака, Мана Рэя, Рэнэ Клера. Разам - 36 кароткаметражных i поўнаметражных фiльмаў. На сённяшнi дзень яго праект «Сучасная Тапёрская Кiназала» — ці не адзіны праект у Расіі, які займаецца папулярызацыяй і абнаўленнем нямога кіно. Стыль музыкi СТК не абмяжоўваецца акадэмiчным фортэпiяна, але таксама ўключае эксперыментальную электронную музыку, джаз, авангард. Бліц-гутарка з кампазітарам.
«Наша Ніва»: сп-р Арсеній, чым тапёрства пачатку ХХ стагоддзя адрозніваецца ад сучаснага? Арсеній Трафім: Тады гэта было прафесіяй, рамесніцтвам. Піяніст-тапёр мусіў адыграць 2-3 сеансы на дзень, падчас якіх месца на мастацтва, зразумела, не было. Прайшло 80-90 гадоў і цяперашні тапёр, — гэта як правіла кампазітар, які свядома, вытрымліваючы кампазіцыйныя законы, стварае аўтарскую музыку для нямога фільма. «НН»: Дык значыць сучасны тапёр нічым не адрозніваецеся ад кампазітара, які сачыняе музыку да фільма? АТ: Не зусім так. Кампазітары працуюць з жывымі рэжысёрамі, а ў мяне застаўся нязменны прынцып — я пішу музыку да старых нямых фільмаў, дзе трэба па-ранейшаму замяшчаць і мову персанажаў, і шумавінне. А ў дадатак нямы фільм — гэта ўнікальнае мастацтва, якое стваралася, каб быць зразумелым усім, дзе паслугуючыся адно нямой ігрой актораў і музычнай дарожкай трэба было выказаць усе пачуцці і сюжэтныя лініі. Я шмат эксперыментаваў: пісаў музыку да тэатральных пастановак, да кінастужак, да вершаў, але прыйшоў да высновы, што менавіта нямое кіно, з яго ўніверсальнасцю, дае разгарнуцца майму творчаму патэнцыялу напоўніцу. «НН»: Цяпер у Расіі расфарбоўваюць старыя чорна-белыя фільмы, ці не з’яўляецца ваша творчасць нешта кшталту гукавай расфарбоўкі старых фільмаў? АТ: Калі вы пра другаснасць сучаснага тапёрства, дык скажу, што гэта зусім не тое, што расфарбоўваць фільмы. Музычна агучыць фільм — гэта стварыць новы стары фільм, надаць яму новы музычна-вобразны змест, дадаць яму новых фарбаў і сучаснага гучання. Такім парадкам, 21 мая. Кінатэатр «Перамога». Кінаканцэрт. Прагляд стужк пад акампанент «Агні вялікага гораду» (1931, Чарлі Чаплін). Пачатак а 19. 22 мая. Галерэя «Ў». Кампазiтар Арсеній Трафiм з праектам «Сучасная Тапёрская Кiназала». На сустрэчы вы зможаце разам з аўтарам праекта ў атмасферу пачатка дваццатага стагоддзя, пабачыць забытае нямое кiно i тапёрскае мастацтва. А яшчэ: паразважаць аб месцы сучаснага мастака, аб беларускай і расійскай культурнай i калякультурнай сiтуацыi, аб тых пытаннях у вобласцi cучаснага мастацтва. Не забудзьцеся узяць з сабою рэч, якая на ваш погляд адлюстроўвае сучасны стан мастацтва. Пачатак а 13. 22 мая. Кінатэатр «Перамога». Вечар сюррэалістычнага нямога кіно: кароткаметражкі ад Клера, люжэ і Дюлака. Пачатак а 19. ЛК Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прафесія тапёра, якая знікла пасля паўставання гукавага кіно, сёння — у якасці эксперымента — вяртаецца. У кінатэатры «Перамога» 21 і 22 мая будуць дэманстравацца... |
|