Францішак — паслядоўнік Францішка. Партрэт полацкага святара Францішка Кісяля ў гістарычным інтэр’еры. 21.by

Францішак — паслядоўнік Францішка. Партрэт полацкага святара Францішка Кісяля ў гістарычным інтэр’еры

17.06.2010 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

 Францішак — паслядоўнік Францішка.
Партрэт полацкага святара Францішка Кісяля ў гістарычным інтэр’еры.

Ксёндз-пробашч полацкага касцёла святога Андрэя Баболі Францішак Кісель нясе людзям мудрасць Божую праз біблейскае слова, як і пяцьсот гадоў таму яго зямляк Францішак Скарына перакладаў кнігі Бібліі і пісаў да іх прадмовы “людем посполитым к доброму научению”. Францішак Кісель цытуе славутае выказванне Скарыны, якое сваімі каранямі зыходзіць да Евангелля: “Люди, где зродилися и ускормлены суть по Бозе, к тому месту великую ласку имають”.

Кінатэатр становіцца храмам

Айцец Францішак прыбыў у Полацк з Браслава для пастырскага служэння халоднай восенню 1992-га, калі тутэйшыя вернікі, яшчэ не меўшыя свайго сталага прытулку, атрымалі ў якасці кампенсацыі за разбураныя храмы стары будынак кінатэатра “Юбілейны”, што стаяў на левым беразе Заходняй Дзвіны. Яго сцены і памяшканні мелі страшны выгляд, і парафіі не заставалася нічога іншага, як будаваць новы храм. Штодня па 20—30 гараджан на чале са сваім святаром працавалі на будоўлі касцёла. Фундатары з ліку пенсіянераў ахвяравалі на будоўлю адну з дзвюх сваіх пенсій, добраахвотна заставаліся вартаўнікамі на ноч, дапамагалі цеслярам замешваць раствор, прарабу — праводзіць камунікацыі. — Тут, у Полацку, я адчуў гэтую самую незвычайную аўру, пра якую часта гавораць і старажылы, і госці горада князёў, — расказвае айцец Францішак. — Многія рэчы нельга патлумачыць словамі. Касцёл узняўся быццам па волі Божай, і ўжо ў 1996-м загучаў яго звон з белай вежы над Дзвіной.Гэта былі першыя нязвыклыя званы для наваколля пасля доўгіх дзесяцігоддзяў атэістычнага супрацьстаяння. Касцёл падняўся якраз паралельна Богаяўленскаму і Сафійскаму саборам, якія праз стагоддзі пазіраюць у блакітныя дзвінскія хвалі на супрацьлеглым беразе ракі. — Культ святога Андрэя Баболі, рэліквіі якога асабліва пашыраны на беларускім Палессі, на Піншчыне ў ХVІІ стагоддзі святар шчыраваў на Божай ніве, за што быў бязлітасна закатаваны ў Янове (Іванаве) бязбожнікамі, — распавядае айцец Францішак. Аднаўленню каталіцкага касцёла дапамаглі і нямецкія сябры палачан з горада-пабраціма Фрыдрыхсхафена, што ў Баварыі. У кожную сваю паездку ў Полацк баварцы цікавіліся гэтай святыняй і дапамагалі чым маглі. Напрыклад, перадалі храму цудоўны арган, які вельмі ўпісаўся пад скляпеннямі новага касцёла.Ксёндз Францішак Кісель імкнуўся надаць інтэр’еру касцёла глыбокі мастацкі змест, і дапамог яму ў гэтым вядомы беларускі мастак Валяр’ян Янушкевіч. Разам са сваім вучнем Уладзімірам Кандрусевічам Валяр’ян Янушкевіч стварыў восем унікальных фрэсак, якія апавядаюць пра гістарычныя падзеі полацкай мінуўшчыны.

Адвечнае пытанне: як жыць далей?

Францішак Кісель нарадзіўся ў сям’і сялян вёскі Мосар, што на Глыбоччыне, у самыя неспрыяльныя для веруючых хрысціян часы, калі касцёлы і цэрквы ператвараліся ў сховішчы для гаспадарчых прадпрыемстваў, а святары неслі свой пакутны крыж за веру ў сібірскіх турмах і на паўночных пасяленнях.— Мяне хрысціў мосарскі ксёндз Міхал Сухарэвіч, які дагэтуль пацярпеў ад рэпрэсій і вярнуўся з-за кратаў. Бацькі часта прыгадваюць, што ягоныя словы пра мой лёс аказаліся прароцкімі, — гаворыць айцец Францішак. — Але праз два гады ксяндза не стала. Вёска на доўгія гады засталася без святара. Людзі самастойна прыходзілі ў касцёл і маліліся. Бацька быў механізатарам, яго ў калгасе ўсе паважалі. Калі пачыналася жніво, ён абавязкова спыняў свой камбайн і ішоў памаліцца каля абраза. Без малітвы не абыходзілася ніводная справа.Кожны школьны панядзелак юнага Францішка выклікалі на размову да дырэктара.— Ты ў нядзелю хадзіў у касцёл, — ваяўніча пачынала размову дырэктар і сароміла хлопца за яго “недальнабачныя” погляды. Разбор палётаў для вучня, які захапляўся матэматыкай і геаграфіяй, заканчваўся пагрозай не прыняць яго ў  піянеры, а потым і ў камсамол.— Я і цяпер тыя школьныя гады прыгадваю з болем, бо дзіця мусіць жыць па прыкладзе сваіх бацькоў, цяжка было перажываць гэтае дзяленне ў грамадстве на веруючых і атэістаў, — працягвае гаворку ксёндз Францішак. — Але калі ў старшых класах пайшоў ужо ва Удзелаўскую сярэднюю школу, там дырэктарам быў Антон Мікалаевіч Кацкель (яму я вельмі ўдзячны, малюся і зараз за яго), ён ні разу не выклікаў мяне да сябе ў кабінет і не загаварыў наконт веры. І толькі калі надышлі выпускныя экзамены, дырэктар далікатна запытаўся, куды далей пайду вучыцца.Зразумела, для школы тады быў бы ўдар, калі б яе выпускнік неўзабаве паступіў у духоўную семінарыю. І Франц Кісель выбраў тэхнікум сувязі і накіраваўся на вучобу ў Віцебск. Вучыўся старанна, а на кожнае свята спяшаўся ў Глыбокае, у касцёл, які ўлады не зачынілі, і кожны вернік меў магчымасць паспавядацца.Пасля заканчэння тэхнікума маладога сувязіста прызвалі  на службу ў армію, на Паўночны флот. У адпачынак марак Францішак Кісель ехаў дадому праз Даўгаўпілс. Так ішоў цягнік. У гэтым горадзе ў медыцынскім вучылішчы вучылася яго малодшая сястра. Яны сустрэліся ў касцёле. Гэта было лёсавызначальнае супадзенне. Менавіта тады будучы полацкі святар і даведаўся, што ў Рызе працуе духоўная семінарыя...Пяць гадоў вучобы ў Рыжскай семінарыі прайшлі як адзін. Але ні на хвіліну малады семінарыст не пашкадаваў аб выбраным шляху. Яму неаднойчы яшчэ ў школьныя гады задавалі пытанне: як будзеш жыць далей? Ён звычайна маўчаў, таму што ўжо тады ведаў адказ: па законах Святога Евангелля, якім зачытваўся з дзяцінства.— Калі сэрца чалавека адчынена Богу, Усявышні сам падтрымае і пакажа адзіна правільны шлях, — разважае ксёндз Францішак Кісель. — У той час, калі грамадства яшчэ не павярнулася да традыцыйнай хрысціянскай культуры, пакліканне на святарства ўспрымалася як выклік гэтаму грамадству. Але Бог усім кіруе. Сёння гэта разумее ўсё больш людзей. Станоўчыя перамены ў грамадстве відавочныя. І ў гэтым бачыцца вялікі сэнс нашай веры.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ксёндз-пробашч полацкага касцёла святога Андрэя Баболі Францішак Кісель нясе людзям мудрасць Божую праз біблейскае слова, як і пяцьсот гадоў таму яго зямляк...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика