Салаўіныя трэлі і шапэнаўскія мазуркі. Белдзяржфілармонія запрашае ў госці... ноччу!
17.06.2010
—
Новости Культуры
|
Трыо-фэст сучаснага мастацтва — “Ноч Музыкі” адбудзецца на сцэне Вялікай залы Беларускай дзяржаўнай філармоніі з 23 на 24 чэрвеня. “Кожная ноч пачынаецца з вечара, але не кожная з музыкі”, — інтрыгуюць аўтары праекта і ўпэўніваюць: госці незвычайнай творчай ночы атрымаюць сапраўдную асалоду. Той ноччу вам не выпадзе заснуць — вас зачаруюць спевамі начных салаўёў, музыкай Арво Пярта і Алана Хаванэса. У таямнічы свет мастацтва, месяца і салаўіных трэляў перанясуць музыканты з Польшчы, Расіі, Італіі, ЗША і, канечне, Беларусі. Творы Джона Кейджа і Піліпа Гласа выканаюць Крысціна Фонг і Міхаэль Карнацкі. Народны артыст Расіі Уладзімір Васільеў прэзентуе сваю апошнюю харэаграфічную работу, якая прысвечана Кацярыне Максімавай. У імпрэзе будзе ўдзельнічаць салістка Вялікага тэатра Расіі Дар’я Хахлова... Народная музыка і мазурка Шапэна — агульнага больш, чым вы думалі! Шапэнаўскія творы прагучаць не толькі ў класічным выкананні. Слухачы пачуюць іх у арыгінальнай форме, менавіта такімі, якімі іх чуў сам Шапэн — у выкананні на аўтэнтычных інструментах. Госці з Варшавы, музычны калектыў “Zespol Polski” прадставіць мінчанам забытыя песні і танцы — мазуркі, абэркі, куявякі і полькі з мазавецкіх нізін. Творы, водгук якіх чуваць у музыцы класіка. Польскія выканаўцы папаўняюць свой рэпертуар з гістарычных крыніц і навуковай дакументацыі, а прэзентуюць яго выключна на аўтэнтычных даўніх інструментах.Ініцыятары “Ночы” вырашылі аб’яднаць як мага больш відаў мастацтва — жывапіс, музыку, харэаграфію і нават тэатр. Святлану Зелянкоўскую, якая выступіць у якасці чароўнай вядучай, паўночнікі ўбачаць у ролі Кансуэлы ў музычным спектаклі “Жорж Санд, мазурка і Шапэн”. У фае філармоніі будзе экспанавацца выстава сучаснага жывапісу беларускіх мастакоў і акварэльныя работы знакамітага танцоўшчыка Вялікага тэатра Расіі народнага артыста Расіі Уладзіміра Васільева. У антрактах вам прапануюць узбадзёрыцца кавай і асобымі прысмакамі-пачастункамі.Незвычайнае завяршэнне музычнай “Ночы” прыдумалі беларускія кампазітары. На мяжы ночы, акурат апоўначы, на Беларусі народзіцца новы твор — “Калыханка для Шапэна”. Нечаканай адкрытасцю, шчырасцю і лёгкасцю здзівяць нас беларускія кампазітары Сяргей Картэс, Віктар Капыцько, Вячаслаў Кузняцоў, Сяргей Бельцюкоў, Аляксандр Літвіноўскі, Ларыса Сімаковіч, Дзмітрый Лыбін, Кастусь Яськоў, якія пагадзіліся напісаць для трыо-фэсту сучаснага мастацтва “Ноч музыкі” сумесны імправізаваны твор. Напрыканцы “Ночы” ён набудзе статус абсалютнай сусветнай прэм’еры і далучыцца да касмічнасці Шапэна. Ніхто не можа прадбачыць канчатковы абрыс гэтага сачынення — ён праявіцца падчас выканання. Кошт білетаў — ад 6 да 55 тысяч рублёў. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Трыо-фэст сучаснага мастацтва — “Ноч Музыкі” адбудзецца на сцэне Вялікай залы Беларускай дзяржаўнай філармоніі з 23 на 24 чэрвеня. “Кожная ноч пачынаецца з вечара,...
|
|