Пафарбаванае мінулае Магілёва
04.08.2010 12:38
—
Новости Культуры
|
У абласным цэнтры прэзентавалі праект "Магілёў: з мінулага ў сучаснасць". Прэзентацыю арганізавалі ў магілёўскім кінатэатры "Космас". Удзельнікі праекта - журналіст Алесь Асіпцоў, фотамастак Аляксандр Ліцін, калекцыянер Вячаслаў Філінаў - расказалі шмат цікавых рэчаў пра старадаўнія паштоўкі і фотаздымкі. Напрыклад, да рэвалюцыі было выдадзена 650 магілёўскіх паштовак, у асноўным з архітэктурнымі славутасцямі горада. Але з іх толькі адна была каляровая: адсюль і ўзнікла ідэя расфарбаваць на камп'ютары чорна-белыя відарысы, зрабіць нібыта ілюзію явы.
Напрыклад, Уваскрасенская царква і гатэль "Францыя". Як сведчыць гістарычная даведка, царква раней была касцёлам, які ўзвялі іезуіты ў канцы XVІІ - пачатку XVІІІ стагоддзя. Велічны будынак у стылі барока праз сотню гадоў перадалі праваслаўным вернікам, якія паставілі на ім купал. Храм быў пашкоджаны ў гады Вялікай Айчыннай вайны і канчаткова знішчаны ў 50-ыя гады мінулага стагоддзя. Гатэль "Францыя" калісьці ўпрыгожваў Тэатральную плошчу ў цэнтры Магілёва. Экіпажы, дамы ў вытанчаных капялюшыках і галантныя кавалеры, якія пад'язджалі ў гатэль, засталіся ў мінулым. За савецкім часам там знаходзіўся ваенкамат, а потым гатэль знеслі (у 1970-ыя гады). Так што абодва помнікі архітэктуры на гэтай паштоўцы ўжо не існуюць. Вуліца Дваранская цяпер называецца Камсамольскай. На пярэднім плане - Дом дваранства, за ім - яўрэйскае медыка-санітарнае таварыства. Забудова гэтай вуліцы - тыповая для тагачаснага Магілёва. У мураваных будынках у некалькі паверхаў першыя займалі крамы, на другіх жылі гаспадары альбо здаваліся апартаменты. Па такіх магілёўскіх вуліцах у розныя часы гулялі Гаўрыла Дзяржавін, Аляксандр Пушкін, Тарас Шаўчэнка, Мікалай Гогаль, Сяргей Ясенін. З усіх будынкаў на вуліцы Дваранскай, якія ёсць на паштоўцы, ХХ стагоддзе перажыў толькі адзін. Але, вядома, ёсць архітэктурныя славутасці, якія захаваліся да нашых дзён. Колішнія гатэлі "Брыстоль" і "Вена" цяпер займае каледж мастацтваў, у былым рэальным вучылішчы ў нашы дні займаюцца студэнты ўніверсітэта, у будынку Магілёўскага дваранскага сходу пасля рэканструкцыі размясціўся гарадскі цэнтр культуры, з мужчынскай гімназіі атрымаўся гандлёвы цэнтр "Аліса", а вось касцёл Святога Станіслава быў дзяржаўным архівам і зноў вернуты католікам. Вуліца Дваранская
- Мы выпусцілі пробны тыраж у 500 набораў паштовак, - гаворыць кіраўнік выдавецтва Аляксандр Емяльянаў. - Хваляваліся, праўда, але адразу адчулі - інтарэс ёсць. Усе надпісы і тэксты на паштоўках выкананы толькі на беларускай мове. Каб набор быў цікавы для турыстаў, распаўсюджвальнікі папрасілі "АмеліюПрынт" вырабіць дадатковы ліст з тлумачэннем на рускай і англійскай мовах. Наборы з такім дадаткам паступяць у продаж у верасні. Цяпер жа ў Магілёве цалкам беларускамоўныя паштоўкі "Магілёў: з мінулага ў сучаснасць" можна набыць за 9 тысяч рублёў. Першая магілёўская паштоўка з'явілася ў 1902 годзе. Праз сто гадоў як сродак сувязі яна практычна знікла. Але новае выданне старых паштовак дапаможа цяперашнім магілёўцам не проста параўнаць Магілёў сто гадоў таму і сёння, але і адчуць сапраўдную сувязь часоў. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У абласным цэнтры прэзентавалі праект "Магілёў: з мінулага ў сучаснасць".
|
|