«Для нас, моладзі, яна была прыкладам нязломнасці»
09.08.2010
—
Новости Культуры
|
Array9 жніўня спаўняецца 100 год са дня нараджэння Ларысы Геніюш. Напярэдадні юбілею гісторык і археолаг Міхась Чарняўскі – адзін з тых, хто сябраваў з Ларысай Геніюш не па ўказцы спецслужбаў, а ад шчырага сэрца – распавёў «Салідарнасці», як Геніюш цкавалі ўлады, навошта яна хавала пад ложкам сякеру і чаму так і не прыняла савецкае грамадзянства.
— Раскажыце, як вы пазнаёміліся з Ларысай Антонаўнай? — Гэта быў, напэўна, 1964 год. Я часта ездзіў у экспедыцыі на Гродзеншчыну. Зразумела, ведаў, што Геніюш жыве ў Зэльве. Мы часта размаўлялі пра яе ў сваім навуковым асяроддзі. У нас было такое нефармальнае аб’яднанне, збіраліся ў Акадэміі навук, у аспіранцкім інтэрнаце. Аднойчы, калі я чарговы раз планаваў ехаць у археалагічную разведку, мой знаёмы Мікола Прасковіч, навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры, параіў заехаць да Ларысы Антонаўны і яе мужа Івана Пятровіча. Ён даўно з імі сябраваў і перапісваўся. Так ён напісаў Ларысе Антонаўне ліст, які я павінен быў падаць. Разумееце, я не мог тады проста так прыйсці да іх у хату. Ёй, якая была асаджана ўсякімі даносчыкамі і стукачамі, за якой увесь час страшэнна сачылі, трэба было ведаць, што за чалавек: свой ці чужы? К вечару трапіў у Зэльву, з-пад ганку мяне адбрахаў сабачка. Выйшла Ларыса Антонаўна. Я працягнуў ёй ліст. Яна прачытала і запрасіла: “Міхаська, заходзьце, вы свой”. Неўзабаве прыйшоў з працы муж Іван Пятровіч (ён, здаецца, на той час працаваў недзе ў аптэцы ці на “хуткай”). Так і пазнаёміліся. Пачаліся роспыты пра ўсё, што там адбываецца ў Мінску: пра Караткевіча, пра іншых. Потым кожнае лета, як быў у экспедыцыі, зазіраў да яе. Акрамя гэтага мы перапісваліся. Мая жонка – лекарка, і яна дапамагала Івану Пятровічу і лекамі, і парадамі. Я таксама перасылаў ім лісты ад Зянона Пазьняка, ад іншых, фотаздымкі. Ларыса Геніюш падчас навучання ў гімназіі — Пра што звычайна размаўлялі? Што, можа, асабліва здзівіла? — Уражвала яе цвёрдасць характару, нясхільнасць, яе беларускасць і вера ў адраджэнне. У яе ж больш нічога не было. А яшчэ яна была глыбока веруючая хрысціянка. Прычым праваслаўная. Але магла і ў касцёле памаліцца, калі не было царквы. Вось гэтая глыбокая вера ў Бога і вера ў беларускасць, у тое, што яна павінна несці гэтую ідэю беларускага адраджэння, Беларускай Народнай Рэспублікі, былі для яе галоўнымі. Усё гэта яна пранесла праз канцлагер, праз гэтыя вельмі складаныя 60-70-я-пачатак 80-х, калі, здавалася, ўсё было задушана гэтым камуністычным маскоўскім тэрорам. Для нас, моладзі, яна была прыкладам нязломнасці. Шмат яна расказвала і пра прэзідэнта БНР Захарку, і пра сваё жыццё ў Празе, і пра сяброў. Распытвала пра іншых — яна была вельмі шчырая душой і суперажывала, старалася дапамагчы. І вельмі цікавілася хоць маленечкай праявай беларускасці: ці жыве яшчэ Беларусь у Мінску, ці яна яшчэ трымаецца, ці спрабуе там хоць нехта штосьці рабіць? І калі былі хоць якія праявы супраціву гэтаму асімілятарскаму маскоўскаму рэжыму, яна вельмі радавалася. Але які ж там быў супраціў?! Хаця б трымацца свайго роднага слова, гэта ўжо быў супраціў, ужо лічылася нейкай антысаветчынай і антыдзяржаўнай дзейнасцю. А яшчэ яна вельмі любіла Караткевіча. Шчыра цаніла Зянона Пазьняка і нават прысвяціла яму верш “Зубры”. Расказвала пра сваіх унукаў, пра сына. Вельмі перажывала, што яны далёка адарваныя ад яе ў Польшчы. Успамінала тых, з кім была разам у канцлагеры. — А ўвогуле распавядала пра сваё жыццё ў канцлагеры? — Пра канцлагер не любіла расказваць. Проста аднойчы таемна перадала мне рукапіс, які я вынес з яе дома. Адтуль я даведаўся пра ўсё гэта. Прачытаў літаральна за суткі, седзячы ў школе ў Беліцы, дзе мы праводзілі раскопкі. Усё гэта вельмі ўразіла. А так яна практычна нічога не расказвала. Толькі хіба што пра тых, з кім яна сядзела. Я ведаю, людзі вельмі цяжка ўспамінаюць канцлагер. Яшчэ пісаць могуць, а расказваць не, бо не хочацца зноў усё перажываць. — Прыходзілася шыфравацца пры размовах? Вас жа, напэўна, праслухоўвалі? — Бывала. Калі трэба было сказаць нешта такое, што не павінны ведаць у доме насупраць. Бо якраз насупраць была камяніца, дзе, здаецца месціўся сельскі савет. А на яе двор глядзелі вокны, дзе знаходзіўся мясцовы аддзел КДБ. Толькі з ганка каля сцяны і на агародзе не праглядалася. І вось, калі з’яўляўся ў доме хтосьці чужы (я ці яшчэ нехта) тут жа забягала суседка запалкі ці солі пазычыць. Вельмі пільна глядзела ў твар і самой было няёмка, што хоча выгледзець, выпытаць, хто ж такі прыйшоў. Часам, калі я пачынаў што-небудзь такое “небяспечнае” казаць, Ларыса Антонаўна паказвала на столь – маўляў, праслухоўваюць. Канешне, слухалі. Ім жа трэба было зарплаты свае адпрацоўваць: ах, за такой антысаветчыцай сочаць! Такая яна ужо небяспечная, хоча перавярнуць не толькі ўсю Зэльву, але зрабіць контррэвалюцыю ва ўсёй Беларусі! Звычайна ў такіх выпадках мы гаварылі шэптам ці на гародзе размаўлялі, або пісалі нешта на паперках, а потым спальвалі гэта ў печцы. Але ж якія там былі таямніцы? Не было ў нас ніякай контррэвалюцыі. Не збіраліся мы нічога ўзрываць. — Не ўзнікала ў вас складанасцяў з-за такога сяброўства? — На допыты, канешне, цягалі. Летам у 1973 годзе былі павальныя допыты па Беларусі. І там пра яе шмат распытвалі. І пра Караткевіча таксама — хацелі яго зрабіць кіраўніком нацыяналістычнага падполля. Пытанні былі да ўсіх: чаму мы туды да яе ездзілі, што рабілі? Хаця асаблівых наступстваў не было, проста ўсё бралася на заметку. Усё фіксавалі. Зараз гэта ёсць у архівах. Можна будзе потым дысертацыі пісаць, работы будзе даследчыкам многа. Гэта адзіныя фонды, дзе захаваліся такія звесткі. — А як у цэлым жылі? — Гэты дом у Зэльве быў яе мужа. Дакладней палавіна. Другую палавіну ў іх забралі. У доме заўсёды было вельмі чыста, проста ідэальна. А сама Ларыса Антонаўна была вельмі гасцінная гаспадыня, смачна гатавала: і дранікі, і прысмакі, і наліўку. Сама ж яна нідзе не працавала, атрымоўвала нейкую мізэрную пенсію – зусім капейкі. Ларыса Геніюш у Празе Была ў іх доме вялікая бібліятэка. Іван Пятровіч быў апантаны збіральнік кніжак. Увесь пакой быў у стэлажах. Ён яшчэ ў Празе меў вялікую бібліятэку, але пры арышце, калі яго проста вырвалі без нічога, усё гэта засталося там і прапала. Гэтыя кнігі ўжо тут збіраў. Апошнія грошы пускаў на іх. Калі ён памёр, прадавачка ў кнігарні казала, што яшчэ аўтаматычна адбірае яму ўсе кніжныя навінкі. А смерць мужа Ларыса Антонаўна вельмі цяжка перажывала. Пачуццё адзіноты яе страшэнна прыгнятала. Казала, што адчувае сябе нібыта ў асаджанай крэпасці. І нават спала з сякерай пад ложкам, каб, калі што, абараніцца. Яна паказала мне тую сякеру – цяжкую, не падняць. Тады я ёй узамен падараваў сваю археалагічную, лёгкую, з пластмасавай ручкай, як тамагаўк, і вострую. — А якія адносіны ў яе былі з суседзямі? — Ужо калі яна памерла, я прыехаў у Зэльву. Збіраўся пайсці на могілкі пакласці кветкі. Але ж у Зэльве кветкі не прадаваліся. Іду я па вуліцы, бачу у адным агародчыку шмат кветак прыгожых. Выйшла гаспадыня. Кажу: “Ці можна ў вас кветак купіць?” Яна мне вялікі-вялікі букет нарэзала. Пытаюся: “Колькі каштуе?” — “Ніколькі! Вы ж да нашай Ларысы, напэўна”. Відаць, пачула, што я па-беларуску гавару. Потым расказала, што Ларыса Антонаўна хросная маці яе дачкі і ўвогуле палавіны вёскі. І дала гэты букет кветак. Гэта было так чулліва. У вёсцы да Ларысы Антонаўны вельмі добра адносіліся, заўсёды казалі “наша Ларыса”. Ды і тая сама пры жыцці шмат расказвала пра суседак, у каго на хрэсьбінах была, на вяселлі, хвалілася, хто ёй ручнік вышыты падараваў. З сябрамі на ганку зэльвенскай хаты: Аляксей Марачкін, Яўген Кулік, Пётра Свентахоўскі, Ларыса Геніюш, Уладзімер Басалыга; сядзіць — Ірына Марачкіна. 1981 г. (фота — А як складвалася з уладамі? — Яна была лёгка ранімая, хоць і выглядала, як крэмень. Але ж вельмі перажывала, што правяраюць яе лісты, што не пускаюць да сына ў Польшчу. Асабліва пра тое, што плёткі распускаюць, што яна калабарантка, фашыстка. Бачачы гэта, я потым у Мінску звяртаўся да Максіма Танка. Ён яе вельмі паважаў, як і яна яго. Той потым хадзіў у ЦК, спрабуючы дапамагчы. Тады ужо цішэй рабілася ў Зэльве, менш цкавалі. Танк усё ўгаворваў, каб Геніюш прыняла савецкае грамадзянства. Тады, маўляў, яе прымуць адразу ў Саюз пісьменнікаў Беларусі, дадуць кватэру ў Мінску, будуць лячыць у добрай паліклініцы. А яна катэгарычна: “Не. Я ў Саюзе пісьменнікаў, дзе Купала і Багдановіч. І ў ім застануся”. — Такое ўражанне, што з той пары не шмат што змянілася. Вось нядаўна па загадзе ідэолага знялі шыльду з дома, дзе жыла Геніюш... — Засталося тое ж самае начальства з камуністычным БССРаўскім мысленнем. Яны фармальна ў незалежнай Рэспубліцы Беларусь, а духоўна — тыя ж самыя рабы Масквы. Гэта ў іх у генах, што беларускае — варожае. Хаця паціху мяняецца, прыходзяць маладзейшыя. Прынамсі, кнігі Геніюш ужо можна друкаваць, стаіць помнік каля царквы ў Зэльве, збіраюцца людзі. Паступова ўсё стане на сваё месца. Трэба ж будзе будаваць незалежную Беларусь. А на чым будаваць? Не на пяску ж. Ды і начальства не вечнае. Вечная толькі Беларусь. Ларыса Геніюш пра гэта заўсёды памятала. Для нас, моладзі, яна вельмі многа значыла. Гэта была важная повязь пакаленняў. Часы БНР і 60-я гады – паміж імі ўвогуле ўсё было выпалена. Расстраляныя ў Курапатах і знішчаныя ў Сібіры. Заставаліся толькі гэтыя вось нітачкі, гэтыя крывяносныя сасуды, якія злучалі нас, маладых, з эпохай і з духам Беларускай Народнай Рэспублікі. Крынiца: Анастасія Зелянкова, Салідарнасць
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
9 жніўня спаўняецца 100 год са дня нараджэння Ларысы Геніюш. Напярэдадні юбілею гісторык і археолаг Міхась Чарняўскі – адзін з тых, хто сябраваў з Ларысай Геніюш...
|
|