Новыя апавяданні пра Леніна. Ленін і дзеці
10.08.2010 18:07
—
Новости Культуры
|
Пасля вашай радзімы больш за ўсё на свеце Ленін любіў дзяцей. Прычым ён любіў іх не па-дзіцячаму і не як звычайныя людзі, а ўсім сваім ленінскім сэрцам. Людзі так не маглі, бо ў іх не было ленінскага сэрца. Ленін часта любіў збіраць вакол сябе дзяцей і гутарыў з імі гадзінамі, а то і днямі. Як і гэтым разам, калі ішоў трэці дзень зносінаў Леніна з дзецьмі. — Дзеці, — Ленін абвёў вачыма дзяцей. — Вы, напэўна, хочаце спытаць мяне, навошта да вас прыязджаў таварыш Пхын Дхын Чхын? — Хочам! — запляскалі дзеці. — Гэта вельмі добрае пытанне, дзеці, — вочы Леніна наліліся дабрынёй. — З краінай таварыша Пхын Дхын Чхына вашу краіну звязвае даўняе слаўнае мінулае, як блізкае, калі вы разам паставілі на калені Злучаную Піндастанію, так і не, што вядзе ў тыя стагоддзі, калі продкі таварыша Пхын Дхын Чхына разам з Каліноўскім ого-го як!.. Ленін не стаў тлумачыць, што такое «ого-го як», бо ў кожным падручніку і ў кожнай навуковай манаграфіі вашай краіны пад рэдакцыяй Леніна падрабязна і з малюнкамі расказвалася пра гэтае самае «ого-го як». — Дык вось, — працягнуў Ленін, — таварыш Пхын Дхын Чхын прыязджаў да вас з просьбай. Ён ведае, што ў вашай краіне на кожнага яе грамадзяніна прыпадае па 5 ровараў, а ў ягонай — толькі па два, што ў вашай краіне на кожнага грамадзяніна прыпадае па паўтара трактара, а ў яго і таго менш. Таварыш Пхын Дхын Чхын і папрасіў вас неяк зліквідаваць гэты дысбаланс. Вось ты, дзіця, так, падыдзі да мяне. Да Леніна падышло абранае ім дзіця. — Ты хто — хлопчык ці дзяўчынка? — пажартаваў Ленін. — Я — дзіця, — ацаніла жарт дзіця. — Які добры адказ, — Леніну падабаліся добрыя адказы. — Ты, напэўна, разведчыкам хочаш стаць? Або дыпламатам? — Я хачу стаць інфарматарам, — адказала дзіця. — ...Добрая прафесія, — памарудзіўшы, ухваліў выбар дзіцяці Ленін. — А я ў твае гады марыў стаць кіраўніком якой-небудзь невялікай сельскай гаспадаркі. І, як бачыш, мара мая збылася. Мар, галоўнае, каб гэта нікому не шкодзіла. Як цябе зваць, дзіця? — Паўлік, — зноў адказала дзіця. — Паўлік, — усміхнуўся Ленін. — Я нават паспрабую здагадацца, як тваё прозвішча — Марозаў? — Праўда? — не ўсміхнулася дзіця. — ...Цікава, — прамармытаў Ленін, але працягнуў: — Паўлік, скажы мне — табе да твайго трактара патрэбная яшчэ палова? Думаю, што не. А краіне таварыша Пхын Дхын Чхына яна вельмі патрэбная. З гэтых паловаў яны збяруць адзін вялікі трактар і тады ого-го як. Ты гатовы аддаць сваю палову? — Заўсёды гатовы, — зноў адказала дзіця. — Малайчына, — падзякаваў яму Ленін. — Ленінец? Я так і ведаў. Ну, ідзі на сваё месца. — Таварыш Ленін, — нечакана звярнулася да яго дзіця. — А можна я пра трактары раскажу сваёй маме? — Вядома, вядома, — дазволіў яму Ленін. — І маме раскажы, і тату. — А таты ў нас ужо няма, — проста адказала яму дзіця і пакрочыла на сваё месца, а Ленін уважліва праводзіў яго выпрастаную спіну позіркам. — Дзеці, — стаў падводзіць вынік трохдзённых зносін з дзецьмі Ленін. — Як я разумею, вы таксама гатовыя падзяліцца роварамі, а асабліва — трактарамі, якіх так не хапае краіне таварыша Пхын Дхын Чхына? Дзякуй. Я літаральна бачу ўсмешлівыя твары дзяцей яго краіны. І калі б на маім месцы быў паэт, ён сказаў бы так з гэтай нагоды: калі ўсміхаецца дзіця — усміхаецца цэлы свет. А на атрыманыя з продажу ровараў і трактароў грошы я вам куплю шмат шакаладу і жуйкі. Хочаце жуйкі? — Хочам! — запляскалі дзеці. — Вось і добра, — Ленін выцер слязінку. — Я куплю вам вельмі шмат жуйкі. А цяпер ідзіце дадому. І дзеці пайшлі дадому, а прэзідэнт накапаў сабе 30 кропляў валакардыну, выпіў і заеў шакаладам: ён заўсёды хваляваўся да, падчас і пасля размовы з дзецьмі. — Паўлік Марозаў, таты ўжо няма, — ні да кога канкрэтна не звяртаючыся, прагаварыў Ленін. — Сука якая. На ўсялякі выпадак Ленін паклаў у рот яшчэ пласцінку валідолавай жуйкі, потым лёг на канапу, закруціўся ў калматы плед і пачаў глядзець серыял «Ліквідацыя-5». Падзяліцца навіной:
Клім Клімч-Клімевіч Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пасля вашай радзімы больш за ўсё на свеце Ленін любіў дзяцей. Піша Клім Клімч-Клімевіч.
|
|