Усе шляхі вядуць у Стоўбцы. Стаўбцоўшчына са знаходзіцца на мяжы трох гісторыка-культурных частак Беларусі — Цэнтральнай, Панямоння і Палесся
18.09.2010
—
Новости Культуры
|
Таму нездарма на гэтай зямлі скрыжаваліся многія транзітныя і рэгіянальныя шляхі: водны ад Балтыкі да Чорнага мора, сухапутныя з Брэста на Маскву, з Гродна на Навагрудак — Пінск, а таксама з Мінска на Слуцк. І ўсё ж называць край выключна “транзітнай тэрыторыяй” ні ў якім разе нельга. Тут абавязкова варта спыніцца. А магчыма, і затрымацца не на адзін дзень. На прыём да траўніка Фітааптэка ў Рубяжэвічах сёння стала сапраўдным культавым месцам. Сюды прыязджаюць людзі не толькі з Беларусі, але і з Расіі,Украіны, Прыбалтыкі і нават Люксембурга. Бывае, што яе загадчыку, Анатолю Грыгор’еву, якога ў народзе называюць цуда-траўнікам, даводзіцца прымаць да 100 чалавек у дзень. Аптэка вылучаецца тым, што тут не толькі збіраюць і высушваюць травы, але і рыхтуюць знакамітыя лекавыя зборы ад розных хвароб. Прычым па фірменных рэцэптах. Возера з ледніковым мінулым Возера Кромань мае ледніковае паходжанне. Плошча — 92 гектары, а максімальная глыбіня — 26 метраў. Паданне сведчыць, што некалі ў згубленым сярод лясоў кутку было мястэчка, людзі тут жылі мірна і ніколі не ведалі прымусу. Пакуль пра іх не даведаўся пан. Ён прабраўся праз балоты і пачаў браць з жыхароў даніну. У рэшце рэшт вяскоўцы не вытрымалі, выйшлі ўладару насустрач і на вачах у рабаўніка праваліліся разам з царквой пад зямлю. На гэтым месцы і ўтварылася Кромань. — Да 1939 года возера лічылася вельмі папулярным месцам адпачынку, — распавядае дзяржаўны інспектар Стаўбцоўскага ўчастка па маламерных судах Іосіф Грыгарцэвіч, які ўсё сваё дзяцінства правёў на хутары непадалёку ад Кромані, а зараз займаецца тут агратурызмам. — Гэтыя мясціны неаднойчы наведваў Юзэф Пілсудскі. У адзін са сваіх візітаў ён пасадзіў на беразе ліпу, магутная крона якой і сёння ўзвышаецца над возерам. Па Коласаўскіх мясцінах Стаўбцоўшчына самым непасрэдным чынам звязана з біяграфіяй Якуба Коласа. Будучы паэт на гэтай зямлі нарадзіўся і правёў не адзін год свайго жыцця. Каб захаваць памятныя мясціны, яшчэ ў 1972 годзе на тэрыторыі регіёна быў створаны Коласаўскі заказнік. Агульная яго плошча аж 269 гектараў. Сюды ўваходзяць Ласток, Альбуць, Акінчыцы і Смольня, дзе працуе галоўны музей беларускага песняра. На сядзібе растуць ліпы, пасаджаныя ў 1911 годзе самім Коласам, у хаце выстаўлены рэчы сям’і Міцкевічаў, у тым ліку і тыя, якімі карыстаўся паэт. Апроч таго, усе мемарыяльныя аб’екты аб’ядноўвае мастацка-мемарыяльны комплекс “Шлях Коласа”. Ён складаецца з 40 драўляных скульптур па матывах твораў класіка, размешчаных уздоўж дарогі Стоўбцы—Мікалаеўшчына з адгалінаваннем у леснічоўку Альбуць. На левым беразе Нёмана Новы Свержань — невялічкая вёска на левым беразе Нёмана, знаходзіцца прыблізна за тры кіламетры ад раённага цэнтра. Да сярэдзіны ХІХ стагоддзя яна была знакаміта вытворчасцю фаянсу, які вырабляўся на мануфактуры князя Радзівіла. Асноўнымі адметнасцямі з’яўляюцца царква і касцёл, якія размясціліся на галоўнай плошчы населенага пункта. Успенская царква лічыцца помнікам стылю барока, пабудавана ў сярэдзіне XVIII стагоддзя на месцы былого драўлянага храма 1590 года. Другі культавы помнік — Петрапаўлаўскі касцёл — адносіцца да эпохі рэнесансу (1588 год). Аблічча храма — манументальнае і аскетычнае адначасова. Архітэктура мае яскрава абарончы характар. Яшчэ адзін цікавы для вандроўнікаў аб’ект у вёсцы — вадзяны млын. Радзіма “жалезнага Фелікса” Музей-сядзіба “Дзяржынава”, дзе нарадзіўся першы старшыня ВЧК, аднавіў сваю работу 7 кастрычніка 2004 года. Наведаўшы фамільнае гняздо знакамітага бацькі “чырвонага тэрору”, вы зможаце даведацца пра гісторыю старога дваранскага роду, а таксама пабачыць парасон, партфель і куфар Фелікса, з якім 10-гадовы хлопчык адправіўся на вучобу ў Віленскую гімназію. І яшчэ пачуць неверагодны факт: калісьці будучы чэкіст марыў аб кар’еры... каталіцкага святара. Рубяжэвіцкі касцёл Адной з візітовак Стаўбцоўшчыны стаў псеўдагатычны касцёл Святога Іосіфа ў Рубяжэвічах. Храму пашчасціла захавацца да нашых дзён у першапачатковым выглядзе. Вядома, што яго пабудавалі ў 1910 годзе 50 каменячосаў з дапамогай шасці конскіх кранаў. Гэты культавы будынак уражвае сваёй веліччу. Над галоўнай вуліцай вёскі ўзвышаецца 45-метровая званіца, якую відаць ужо здалёк. Не менш эфектна выглядае і спалучэнне камянёў і высокіх “гатычных” вокнаў з вітражамі, у якіх сімвалічныя рэлігійныя выявы — ключ, падсвечнік, чаша, крыж, прыступкі, Віфліемская зорка. Царква-каўчэг Царква Святой Ганны ў саміх Стоўбцах пабудавана ў 1825 годзе. Стаіць яна на ўзгорку, на скрыжаванні вуліц Савецкай і Гайдука. Па сваім знешнім выглядзе нагадвае каўчэг, прычым першапачаткова ў храме не было купалоў. Іканастас драўляны, складаецца з 22 ікон. Асаблівую ўвагу прыцягвае разная царская брама. Адметна, што царква ніколі не зачынялася, нават у ваеннае ліхалецце. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Таму нездарма на гэтай зямлі скрыжаваліся многія транзітныя і рэгіянальныя шляхі: водны ад Балтыкі да Чорнага мора, сухапутныя з Брэста на Маскву, з Гродна на...
|
|