Зміцер Сасноўскі выдаў падручнік гісторыі беларускай музыкі
13.10.2010 02:00
—
Новости Культуры
|
Кніга Зьмітра Сасноўскага "Гісторыя беларускай музычнай культуры ад старажытнасьці да канца XVIII стагодзьдзя" выйшла ў выдавецтве "Харвест" накладам у адну тысячу асобнікаў. Кніга прэтэндуе на статус першага падручніка гісторыі нацыянальнай музыкі, хаця і ня мае адпаведных грыфаў Міністэрства адукацыі.
Знаны музыка, стваральнік і лідэр гурта сярэднявечнай музыкі "Стары Ольса" прысьвяціў збору і сыстэматызацыі матэрыялаў для падручніка дзевяць гадоў свайго жыцьця. А рабіць гэта яго змусіла адсутнасьць у Беларусі падобнага выданьня. Зьміцер Сасноўскі чакаў, што такую кнігу напішуць айчынныя музыказнаўцы ці гісторыкі, але час ішоў, а студэнты па-ранейшаму ня маюць па чым вывучаць такі велізарны пласт нацыянальнае культуры. "Вось наш гурт „Стары Ольса“ займаецца старадаўняй музыкай, і нам даводзіцца рэгулярна абгрунтоўваць, чаму мы зайгралі менавіта на гэтых інструмэнтах, якім чынам мы склалі аранжыроўкі, чаму мы выбралі гэта, тое, хуткасьць і ўсё астатняе. А падручніка па гісторыі беларускай музыкі няма ў нашых унівэрсытэтах". Спадар Сасноўскі наважыўся сам напісаць такі падручнік. І вось плён дзевяцігадовай працы выйшаў з друку. На больш як чатырохстах старонках тэматычна і храналягічна сыстэматызаваныя разрозьненыя да гэтага зьвесткі па музычнай культуры народу ў цэнтры Эўропы. Тут упершыню разглядаюцца тэмы вайсковай, сыгнальнай і эпічнай музыкі, жыцьцё і дзейнасьць у Беларусі заходнеэўрапейскіх кампазытараў эпохі барока, клясыфікацыя беларускіх інструмэнтаў у замежных музэях. Уся кніга падзеленая на пяць разьдзелаў, якія дапоўненыя асобнымі артыкуламі пра загадкавыя зьявы ў гісторыі айчыннае музыкі, а таксама васьмімоўным даведнікам народных інструмэнтаў. Выданьне навукова-папулярнае, яно ня мае грыфу "падручнік" ці хаця б "дапаможнік", бо аўтар — не акадэмічны дасьледчык і не зьбіраў на сваю працу шматлікія рэцэнзіі навуковых аўтарытэтаў ды візы адпаведных устаноў ад адукацыі. Галоўнае, лічыць спадар Сасноўскі, што такая кніга зьявілася: "Я думаю, што на доўгі час, пакуль на самой справе вялікі народ не займее іншага падручніка па гісторыі нацыянальнай музыкі, гэта будзе нефармальны дапаможнік". Выдаўцы абяцаюць, што гэты першы нефармальны падручнік Зьмітра Сасноўскага па гісторыі беларускай музыкі будзе на паліцах усіх кнігарняў краіны. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кніга прэтэндуе на статус першага падручніка гісторыі нацыянальнай музыкі, хаця і ня мае адпаведных грыфаў Міністэрства адукацыі
|
|