Новы статус — гораду да твару. 21.by

Новы статус — гораду да твару

28.10.2010 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Нясвіж мае шанец стаць першай культурнай сталіцай Садружнасці Незалежных Дзяржаў
У Нясвіжскім гісторыка-культурным музеі-запаведнікуСмеласць не толькі гарады бярэ, але і падвышае іх культурны статус. Беларуская дэлегацыя на нядаўнім V Форуме творчай і навуковай інтэлігенцыі дзяржаў-удзельніц СНД у Маскве рызыкнула выступіць з важнай ініцыятывай. Як вядома, наступны год будзе аб’яўлены ў Садружнасці Годам гісторыка-культурнай спадчыны. А менавіта ў культурнай сталіцы СНД будзе праходзіць шэраг значных міждзяржаўных мерапрыемстваў і акцый. Вось Беларусь і прапанавала пачаць з Нясвіжу: надаць яму статус культурнай сталіцы ў 2011 годзе. Прапанову падтрымалі на форуме. Хутка па ініцыятыве прымуць канчатковае рашэнне кіраўнікі дзяржаў Садружнасці.
Старажытнаму Нясвіжу, які раней ужо называлі і сталіцай роду Радзівілаў, і некаранавай сталіцай Вялікага княства Літоўскага, ноша новай славы няцяжкая. “Прыемная навіна, — задаволена Галіна Кандрацьева, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Нясвіжскага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. — Вельмі насычаным на розныя падзеі чакаецца наступны год у нашым горадзе.Старажытны Нясвіж сёння
Як вядома, пад канец чэрвеня запланаваны ўрачыстасці з нагоды адкрыцця адрэстаўраванага замка Радзівілаў. Цяпер там поўным ходам ідуць работы. Гарачая пара і для музейшчыкаў. Усе экспазіцыі адразу зрабіць мы, вядома ж, не бяромся, аднак асобныя выставы — абавязкова наладзім! У прыватнасці, адчынім Паляўнічую залу, выставім фотаздымкі з альбомаў вядомай пані Эльжбеты, дачкі князя Альбрэхта Радзівіла”.
Цяпер горад, які мае даўнія традыцыі тэатральнага мастацтва, ладзіць цікавыя праекты сумесна з Вялікім тэатрам оперы і балета. На 2011-ы запланаваны новыя балетныя, оперныя пастаноўкі, гала-канцэрт на розных нясвіжскіх пляцоўках, у тым ліку ў гарадской ратушы і ў двары замка. Адна з іх — опера Уладзіміра Солтана “Дзікае паляванне караля Стаха” паводле аднайменнай аповесці Уладзіміра Караткевіча. На май запланаваны і традыцыйны фэст камернай музыкі “Музы Нясвіжа”. Чакаецца ў горадзе і мастацкая выстава “Гістарычны літоўскі партрэт” з фондаў Львоўскай мастацкай галерэі. Між іншым, зберагаюцца ў галерэі і знакамітыя слуцкія паясы — іх нясвіжскія музейшчыкі таксама жадaюць пабачыць на сваёй выставе.
І яшчэ вестка. На нядаўняй навукова-практычнай канферэнцыі ў Нясвіжы гаварылася пра пачатак работы над стварэннем арыгінальнай “Радзівілаўскай энцыклапедыі” — з такой прапановай выступіў пісьменнік Анатоль Бутэвіч, сам з Нясвіжчыны родам. Ідэя атрымала станоўчы водгук у колах гісторыкаў, мастацтвазнаўцаў. На наступны год, дарэчы, традыцыйная канферэнцыя будзе прысвечана тэме “Радзівілы і мастацтва”, і не выключана, што цікавыя паведамленні на ёй зробяць супрацоўнікі Эрмітажа ды іншых знакамітых музеяў свету, дзе цяпер зберагаюцца мастацкія скарбы з замка Радзівілаў.

Пётр Арэшка

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нясвіж мае шанец стаць першай культурнай сталіцай Садружнасці Незалежных Дзяржаў
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика