Вітражы народнай кемлівасці. Партызанскія часопісы на шпалерах і пісталеты-кулямёты з крыла самалёта прызнаны гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі міжнароднага значэння
10.11.2010
—
Новости Культуры
|
Слухаючы аповеды пра лясных мсціўцаў, думаю, шмат у каго ўзнікалі пытанні. Як гэта былыя шкаляры, электрыкі і трактарысты змагаліся з ворагам? Якія ў іх там былі баявыя навыкі і якая зброя: вілы ды некалькі абрэзаў? Беларускія партызаны не былі настолькі прымітыўнымі. Упэўнілася ў іх кемлівасці, завітаўшы ў музей Вялікай Айчыннай вайны, дзе толькі самаробнай агнястрэльнай зброі налічваецца 62 адзінкі. Майстэрня пад зямлёй Не ў прамысловых умовах — у зямлянцы пад шум дрэў і ветру выраблялі партызаны нажы, кінжалы і пісталеты-кулямёты. Мяркуецца, да канца акупацыі ў карыстанні беларускіх партызан было каля 3—4 тысяч агнястрэльнай зброі. І гэта не ўлічваючы вялікай колькасці самаробных нажоў.Якія там былі інструменты? Кувалда, малаток, напільнік... А матэрыялы — тыя, што знойдуць: жалеза ад бочак і патронных скрынь, дрот ад аўтапакрышак ці часткі збітых самалётаў. Заводскімі былі толькі ствалы — ад старых пашкоджаных вінтовак і кулямётаў. І кулі — іх партызаны збіралі па палях пасля адыходу войск Чырвонай Арміі ці шукалі на разгромленых складах.— Аўтаматычная зброя мае настолькі ж складаную канструкцыю, як нейкая частка паравоза ці механічная сеялка, — тлумачыць навуковы супрацоўнік навукова-даследчага аддзела фондавай работы музея Сяргей Лапароў. — Займаліся яе вытворчасцю, як правіла, тыя партызаны, якія ўмелі працаваць з жалезам: кавалі, слесары... У атрадах было па два-тры сапраўдныя кулямёты. Партызаны разбіралі іх па запчастках, здымалі меркі і ўжо па іх узору выраблялі зброю. На адзін пісталет-кулямёт у самавучкі ішло ад тыдня да паўтара месяца.Акрамя копій партызаны выпускалі і ўласныя ўнікальныя сістэмы. Трэба сказаць, самаробная зброя “лясных братоў” не ўступала па сваіх баявых характарыстыках заводскім узорам. А часам нават пераўзыходзіла іх! Зброя агнястрэльная, халодная і... папяровая Самаробныя часопісы і лістоўкі — яшчэ адна асаблівасць партызанскага жыцця. У калекцыі музея Вялікай Айчыннай — каля 250 самаробных выданняў. У прамежках паміж баямі партызаны хадзілі па хатах, просячы ў мясцовых жыхароў кавалачак шпалер і які аловак, сярод хламу ў разбураных будынках шукалі шматкі паперы і кардонныя каробкі. Навошта? Каб выдаваць уласныя часопісы.— Гэта бясцэнныя дакументы, — расказвае вядучы навуковы супрацоўнік аддзела фондавай работы Наталля Філіповіч. — Тут кранае ўсё: непасрэднасць выкладання матэрыялаў, цікавыя замалёўкі, сяброўскія шаржы і коміксы... Часопісы маюць вялікую значнасць у плане гістарычным і мастацкім — вельмі часта іх афармлялі прафесійныя мастакі. Першы партызанскі часопіс з’явіўся ў лютым 1942 года. Гэта быў “Народны мсціўца” 208-га атрада імя Сталіна Магілёўскай вобласці. Канешне, часопісы выдаваліся нерэгулярна — не дазвалялі абставіны. Здаралася і такое, што руку аўтара спыняла куля, не даўшы дапісаць апошні радок.З вялікім нецярпеннем чакалі байцы часопісаў, за імі ўсталёўваліся чэргі. Існаваў нават графік перадачы часопіса з падраздзялення ў падраздзяленне. У выданнях былі не толькі артыкулы пра подзвігі і ваенныя дзеянні, але вершы, прыпеўкі, рэбусы і шарады... Вынаходлівасці аўтарам было не займаць: у рэбусах, напрыклад, зашыфраваны словы Сталіна, Някрасава, ваенныя тэрміны і слоўцы з партызанскага жаргону.Часопісы настолькі цаніліся, што партызаны захоўвалі іх разам з дакументамі атрада ці брыгады. А трапіўшы ў кальцо блакады, закопвалі ў зямлю ў скрынях, каб пасля па іх вярнуцца. Падобным чынам былі выратаваны дзевяць нумароў часопіса “Кутузавец” 2-й Мінскай брыгады яго выдаўцамі партызанамі Грыгорыем і Зінаідай Дзідзенка.— Мама расказвала, — успамінае іх дачка Галіна Дзідзенка, — калі прыйшлі немцы, партызанам нічога не заставалася, як адступаць у балота. Мама схапіла часопісы, захутала іх у сваю адзіную цёплую кофту і закапала каля самай высокай сасны. Пасля адступлення яны з бацькам вярнуліся на гэта месца і выратавалі часопісы.У музей Вялікай Айчыннай вайны партызанскія рукапісныя часопісы і самаробная зброя трапілі ў 45-м, якраз пасля ліквідацыі Беларускага штаба партызанскага руху. Рэчы ўнікальныя, і праз 65 гадоў яны — жывое адлюстраванне партызанскай мудрасці і кемлівасці. Аналагаў гэтых экспанатаў няма ні ў адным музеі свету. Нядзіўна, што іх прызналі гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі міжнароднага значэння. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Слухаючы аповеды пра лясных мсціўцаў, думаю, шмат у каго ўзнікалі пытанні. |
|