«Дзе Каза хвастом, там жыта кустом!..». 21.by

«Дзе Каза хвастом, там жыта кустом!..»

31.12.2010 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Самадзейныя артысты з вёскi Новы Свержань — жаданыя госцi ў кожным доме

«Эх, Калядачкi, вы хутчэй, хутчэй!..» З вясёлымi забавамi, смачнымi пачастункамi, з танцамi i песнямi. Да свята ў самадзейных артыстаў з народнага хору «Панямонь» навасвержанскага Дома культуры, што на Стаўбцоўшчыне, ужо ўсё падрыхтавана: i абавязковая калядная зорка, i адмысловыя касцюмы з маскамi традыцыйных персанажаў, i абрадавыя песнi на любы выпадак – для гаспадара з гаспадыняй, каб жылося i вялося, для хлопца-халасцяка, каб жонку добрую знайшоў, для дзяўчыны, якая доўга нявесцiцца, каб суджанага сустрэла...

Для аднавяскоўцаў калядоўшчыкi – госцi жаданыя. Спрадвечныя традыцыi тут памятаюць. Усiм вядома: калядоўшчыкi Казу вядуць i радасць нясуць, а «дзе Каза ходзiць, там жыта родзiць, дзе Каза хвастом, там жыта кустом, дзе Каза рогам, там жыта стогам». Iншы раз некаторыя гаспадары нават спецыяльна i загадзя просяць, каб пераапранутыя калядныя госцi абавязкова не абмiнулi iх хату.

Без удзельнiкаў хору «Панямонь» у вёсцы дый у раёне не абыходзiцца нi адзiн канцэрт цi свята. Сваiх народных артыстаў тут добра ведаюць i любяць. Гэты хор — самы старэйшы аматарскi калектыў Стаўбцоўшчыны, якi больш за 30 гадоў носiць ганаровае званне народнага, сёлета адзначыў 80-годдзе з часу заснавання. Хаця ёсць звесткi, што пачатак яго гiсторыi яшчэ даўнейшы. Так, напрыклад, сцвярджае Зоя Iванаўна Язвiнская, якая 50 гадоў загадвала Навасвержанскiм Домам культуры, увесь гэты час у народным хоры спявала i два гады iм жа яшчэ i кiравала.

Дарэчы, большасць народных беларускiх песень, якiя цяпер выконвае хор, збiрала некалi Зоя Iванаўна. Адшуквала, запiсвала iх ад мясцовых жыхароў i па ўсёй Беларусi. Як з гонарам адзначае жанчына, наўрад цi ў каго ў раёне «калекцыя» багацейшая, аж з акадэмii навук прыязджалi ёю пацiкавiцца. Колькi народных песень ведае, Зоя Iванаўна лiчыць не бярэцца, гаворыць, мо тысячу, а то i болей. Да слова сказаць, яна i цяпер у голасе i ў час самых адказных канцэртаў не адмаўляецца падтрымаць калектыў, гэтак жа як i яшчэ два шаноўных «старажылы» хору — Ядвiга Эдуардаўна Кузьмiна i Марыя Антонаўна Ермаковiч.

Традыцыi ад iх перанялi i падтрымлiваюць сённяшнiя ўдзельнiкi «Панямонi» Таццяна Генадзьеўна Дзярнейка, Валянцiна Iванаўна Рабацько, муж i жонка Юрый Аляксандравiч i Зоя Iванаўна Малюцiны, самая маладая салiстка, 10-класнiца Алена Снегур. Усяго ў хоры, якiм кiруе Аляксандр Мiкалаевiч Шыран – чалавек творчы, музыкант i спявак, удзельнiчаюць больш за два дзясяткi навасвержанцаў.

«Усе яны – людзi дружныя, апантаныя, шчыра ўлюбёныя ў народную песню. Скажы: «Трэба выступiць», — у адказ толькi спытаюць: «Калi i дзе?» – так характарызуе ўдзельнiкаў «Панямонi» дырэктар мясцовага Дома культуры Вольга Андрэева.

Не раз навасвержанскiя артысты прадстаўлялi свой раён на розных фестывалях i аглядах. Адна з апошнiх па часе пачэсных адзнак – дыплом трэцяй ступенi на абласным форуме харавога мастацтва «Пеўчае поле» ў Мядзелi. З канцэртамi бывае калектыў у суседнiх Нясвiжскiм, Валожынскiм, Уздзенскiм раёнах. Не абмiнае ўвагай i родную Стаўбцоўшчыну. Летась аб’ехалi лiтаральна ўсе вёскi i вёсачкi трох мясцовых сельсаветаў, больш за сотню канцэртаў далi. Не менш выступленняў адбылося i сёлета. Усе — з нязменным аншлагам i поспехам. А iнакш у гэтых артыстаў проста не бывае.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Самадзейныя артысты з вёскi Новы Свержань — жаданыя госцi ў кожным доме
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика