Масленіца - свята "наважонаў"
25.02.2011 12:29
—
Новости Культуры
|
Масленіца - свята "наважонаў"
Аксана Катовіч, Янка Крук, Звязда
Мы ўжо адзначалі, што найбольшая колькасць вяселляў сярод усходнеславянскіх народаў спраўлялася ўвосень і ў зімовы мясаед. Сярод некаторых даследчыкаў рускай традыцыйнай культуры існавала меркаванне, што Масленіца перш за ўсё была святам "наважонаў" — тых маладых асоб, якія стварылі сям'ю ў прамежак часу паміж леташнім Вялікаднем і толькі што завершаным мясаедам. Масленіца падводзіла рысу пад перыядамі святкавання сямейных урачыстасцяў і, уласна кажучы, спыняла іх сваім пераходна-стрымальным характарам напярэдадні Вялікага посту. Фактычна кожны гаспадар разумеў: калі сын дасягнуў адпаведнага ўзросту, ён абавязкова павінен ажаніцца, стварыць сям'ю. Тое ж самае патрабаванне тычылася і вясковых дзяўчат. Калі яны дасягалі чатырнаццаці-, шаснаццацігадовага ўзросту, бацькам трэба было рыхтавацца да візіту гасцей-сватоў. Калі ж дачка па нейкіх прычынах заседжвалася "ў дзеўках", бацька садзіў яе на воз і вазіў па навакольных вёсках, прапаноўваючы яе "кандыдатуру" для будучага шлюбу. Тыя ж маладыя, якія пажадалі ўскласці на сябе адказнасць за працяг роду, аказваліся на працягу ўсяго масленічнага тыдня ў цэнтры калектыўнай увагі і атрымлівалі ў свой адрас самыя розныя знакі падзякі і павагі. Бадай што першым знакам родава-абшчыннай падзякі быў калектыўны абход вёскі жанчынамі. Апоўдні збіраўся гурт жанчын-маладзіц (з дзевяці—дванаццаці чалавек), якія мелі па некалькі дзяцей, і рушыў па вёсцы з шумам, і спевамі. Мэта ў іх была адна: наведаць хаты тых гаспадароў, якія ў апошні Мясаед справілі вяселлі сваім сынам або дочкам. Заходзячы да маладухі, жанчыны спявалі магічна-заклінальныя песні з пажаданнем нарадзіць сына ці дачку. Тыя гасцінцы, якімі жанчыны прасілі адарыць за святочнае віншаванне (сыр і мак), былі зусім не выпадковымі. Клінападобны сыр сімвалізаваў эратызм мужчынскага пачатку, а круглыя галоўкі макавак, у якіх зараджалася насенне будучага жыцця, увасаблялі сабой улонне жанчыны. Адметнай асаблівасцю масленічных віншаванняў было тое, што кожны малады чалавек, якому аказалі святочныя знакі павагі, абавязкова павінен быў аддзячыць гурту жанчын. Правілы народнага этыкету прадугледжвалі даволі жорсткае "пакаранне" тых, хто па нейкіх прычынах спрабаваў выкруціцца ад частавання. Калі жанчыны сустракалі некага з маладых на вуліцы, то спявалі яму велічальную песню і, натуральна, чакалі запрашэння да стала. Як толькі чалавек пачынаў марудзіць і спрабаваў праігнараваць віншаванне, яго тут жа кідалі ў гурбу снегу, засыпалі з галавой, а затым саджалі на перавернутую барану і цягнулі аж да самай хаты або да скрыжавання дарог.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мы ўжо адзначалі, што найбольшая колькасць вяселляў сярод усходнеславянскіх народаў спраўлялася ўвосень і ў зімовы мясаед. Сярод некаторых даследчыкаў рускай...
|
|