Праваўладальнік оскараноснай стужкі распавёў Еўрарадыё, адкуль на БТ магла з’явіцца пірацкая версія фільма.
На мінулым тыдні на Беларускім тэлебачанні рэкламавалі прамую трансляцыю цырымоніі ўручэння "Оскар". У якасці бонуса на выхадных паказвалі два гучныя фільмы: "Тытанік" Джэймса Кэмерана і "Уладар Буры" Кэтрын Бігелоў. Аднак падчас паказу апошняга, у дастаткова напружаны момант стужкі прыкладна за 20 хвілінаў да канца, прыемны жаночы голас абвясціў, што "рэліз падрыхтаваны спецыяльна для interfilm.ru".
Нагадаем, што ў чэрвені 2009 года на кіраўніцтва парталу interfilm.ru была заведзеная крымінальная справа паводле закону Расійскай Федэрацыі аб "Парушэннях аўтарскіх і сумежных правоў".
Але прэс-сакратар "Белтэлерадыёкампаніі" Святлана Краскоўская-Смалонская пераканала, што БТ беражэ свой імідж і пірацкія копіі для эфіру не выкарыстоўвае.
Святлана Краскоўская-Смалонская: "Вы можаце быць цвёрда ўпэўненыя, што ў нас не пірацкі дыск. Правы на паказ гэтага фільма мы набылі ў кампаніі GALA Media. А гэтая праблема — магчыма, тэхнічная непаладка, да якой мае дачыненне не "Белтэлерадыёкампанія", а, магчыма, "Мінскія тэлевізійныя інфармацыйныя сеткі" ці кабельныя аператары. Магчыма, мела месца накладанне асобнага гуку, асобнай гукавой дарожкі".
У сваю чаргу дырэктар МТІС Віктар Бычкоў адмовіў нават магчымасць з'яўленне гукавога накладання на тэлеэфір БТ.
Віктар Бычкоў: "Скажам, бягучы радок мы запусцілі, гэта я яшчэ разумею, але калі гук нейкі з'яўляецца на канале... мабыць, фільм набылі няўдалы і не адгледзелі яго. У нас увогуле гэты канал ідзе без зменаў і ўкрапванняў: ад іх паступае сігнал, ён канвертуецца і зноў дасылаецца ў сеціва".
У маскоўскім прадстаўніцтве кампаніі GALA Media Еўрарадыё пацвердзілі, што прадалі БТ гэты фільм, а таксама запэўнілі, што маюць на яго ліцэнзію. Але пераклад апынуўся сапраўды пірацкім. Цяпер у кампаніі разбіраюцца, адкуль ён мог узяцца. Сам фільм набываўся з арыгінальнай гукавой дарожкай, а потым кампанія замаўляла пераклад у студыі.
"Мы разбіраемся. У нас ёсць падазрэнне, што замест новага перакладу выкарысталі пірацкі, і такую нам касету зрабілі. Мы зараз на студыі высвятляем, яны пакуль не адказваюць. Я падазраю, што на студыі ўзялі пірацкі пераклад і яго наклалі і выдалі нам за гатовы варыянт. А потым наш АТК і АТК БТ гэта прапусцілі", — распавёў Еўрарадыё прадстаўнік кампаніі GALA Media.
Праваўладальнік оскараноснай стужкі распавёў Еўрарадыё, адкуль на БТ магла з’явіцца пірацкая версія фільма. На мінулым тыдні на Беларускім тэлебачанні...