Касцёл Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Сталовічах адзначыў 100-годдзе. 21.by

Касцёл Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Сталовічах адзначыў 100-годдзе

04.07.2011 16:45 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Касцёл Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Сталовічах адзначыў 100-годдзе

  • Раіса СУШКО, здымак Карнэлія КОНСЭКА, Наш край

3 ліпеня ў касцёле Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Сталовічах сабраліся парафіяне, госці парафіі, духавенства, каб узнесці хвалу Богу за святыню ў гонар 100-годдзя з дня яе заснавання. Збіраліся цэлымі сем’ямі – Масюкевічы, Булыгі, Пятрушкі, Бранавіцкія, Васюкі, Шымкуці, Карасі, Вайцэхоўскія, Былінскія, Рыбіцкія…



Сабраліся ўжо нашчадкі тых вернікаў, якія ў канцы ХІХ – пачатку ХХ cтагоддзяў настойліва дамагаліся дазволу на ўзвядзенне каталіцкага храма ў іх родным мястэчку Ствалавічы (такая назва найчасцей сустракаецца ў дакументах таго часу).

Я не перабольшваю, ужываючы прыслоўе "настойліва". Настойлівасць пацвярджаецца працяглаю перапіскаю мясцовых католікаў з тагачаснымі ўладамі, якая захоўваецца ў архівах парафіі. Справа ў тым, што храм, які сёння стаіць у цэнтры вёскі, літаральна на дарозе Баранавічы – Навагрудак, першапачаткова быў пабудаваны (у 1639 – 1736 гг.) як каталіцкі касцёл Мальтыйскага ордэна, адзіны на Беларусі. Яго фундатарам быў князь Мікалай Крыштоп Радзівіл.

Аднак гістарычныя буры не толькі скасавалі ордэн Мальтыйскіх камандораў у Расійскай імперыі, але i зруйнавалі прывычны лад жыцця мясцовых хрысціянаў. У 1864 годзе касцёл быў зачынены, а ў 1868-м – наогул ператвораны ў праваслаўную царкву. (Дело "О закрытіи Столовичскаго Р.К. Костела" таксама захоўваецца ў архіве мясцовай парафіі). Сталавіцкія католікі, пазбаўленыя духоўнай спадчыны і "прыпісаныя" з той нагоды да крошынскай парафіі, пачалі доўгі шлях да новага касцёла. І шлях той вымяраецца працягласцю часу больш чым чатыры дзесяцігоддзі.

Зыходзячы з архіўных матэрыялаў, першым, хто ад імя ўсіх парафіян звярнуўся да Мінскага губернатара з просьбай даць дазвол на ўзвядзенне новага касцёла замест страчанага, была Фяліцыя Парфімовіч. Мінскі губернатар генерал-лейтэнант князь Трубецкой адхіліў прашэнне "по соображению, что постройка в Стволовичах костела, с назначением ксендза к оному, могла бы оказать вредное влияние на местных жителей, еще не окрепших в православии". Праз два гады (у 1899-м) Іван Міхневіч, Іван Тыц і Вікенці Рыбіцкі ад імя сялянскай суполкі зноў просяць дазволу на свае сродкі збудаваць касцёл, матывуючы, што храм крошынскай парафіі, да якой сталавіцкія католікі далучаныя, занадта цесны, што ў дні свят людзей набіваецца столькі, што здараюцца нават "обмороки и даже удушия", што "прихожане… невыразимо страдают от того, что приходской ксёндз по обширности и отдаленности своего прихода на востребование к больному часто не успевает с последнею духовною помощью… Многие из прихожан… умирают без исповеди и св. причастия, а дети – без св. крещения", што, урэшце рэшт, "святыня для христианина есть целое его души утешение, в радости, скорби и печали".

Словам, яшчэ доўгі час "верноподданные крестьяне" збіралі подпісы, звярталіся ў розныя інстанцыі, дасылаючы просьбу, пратаколы сходаў, дзе размова ішла аб неабходнасці будаваць свой касцёл. Пісалі нават "Его Императорскому Величеству Государю Императору Николаю Александровичу" (дарэчы, а якім прыгожым почыркам пісалі – проста мастацкім!). І толькі пасля таго, калі да масавага звароту парафіян вясною 1906 года далучыўся кіраўнік Магілёўскай рымска-каталіцкай архідыяцэзіі пралат Дзенісевіч, на яго імя прыйшоў станоўчы адказ.

У сталавіцкіх католікаў пачалося новае жыццё. Але пачалося не без цяжкасцей, і пацвярджэнне гэтаму таксама знаходзім у адным з архіўных дакументаў – паведамленні Мінскага губернатара ў "Департамент Духовных Дел Иностранных Исповеданий". У ім гаворыцца аб тым, што 8 мая 1910 г., у дзень св. Станіслава, на мясцовых рымска-каталіцкіх могілках сабраліся чалавек 200 католікаў, каб "с надлежащей торжественностью" прыцягнуць для закладкі касцёла вялікі камень, які ляжаў на невядомай магіле. Сабраліся вечарам, "когда большинство жителей православного исповедания спало, с шумом и криком приступили к вытаскиванию ввалившегося в землю камня". Карацей кажучы, паліцыя саставіла пратакол, і восем чалавек, па пастанове губернатара, былі арыштаваныя на тры месяцы.

Усе вышэйнапісанае – даўно ўжо здабытак гісторыі, радкі з летапісу каталіцкай святыні ў сучасных Сталовічах, якая не толькі прываблівае прыгажосцю сваіх архітэктурных формаў, але і тым духам, які жыве ў гэтых мурах спрадвеку. 91-гадовая Уршуля Адамаўна Масюкевіч успамінае:

– Сама я родам з Пастарыння, і мы з мамаю прызвычаіліся хадзіць у Жалезніцу, там капліца калісьці была, а тата хадзіў да касцёла ў Сталовічы. Але ў самыя вялікія ўрачыстыя святы, на фэст і мы траплялі. Фэсты ў Сталовічах былі два разы ў год – на свята Сэрца Пана Езуса і на свята Усячэння галавы Яна Хрысціцеля. Святая Імша правілася на працягу трох дзён, да Бога ўзносіліся 40-гадзінныя малітвы. А колькі людзей тут збіралася! Мястэчка было вялікае, навакольных вёсак многа, моладзі многа – і ўсе ў Бога верылі. Сталавіцкі касцёл ніколі не зачыняўся. Праўда, вайною свайго ксяндза тут не было – прыязджаў святар з Паланэчкі, але без Слова Божага людзі не заставаліся. Наша сям’я (бацькі, васьмёра дзяцей) была моцна набожнай, мая сястра Гандзя і наогул цэлых дванаццаць гадоў прыслужвала ў касцёле ў Баранавічах. Ведаеце, што я вам скажу: трэба, каб усе маладыя цяпер таксама верылі ў Бога, бо бязвер’е да дабра не давядзе.

Зыгмунт Францавіч Бранавіцкі на цэлых дзесяць гадоў маладзейшы за бабку Уршулю, пражыў тут усё жыццё, і яго памяць утрымлівае значна болей падзей, якія адбываліся ў жыцці касцёла і парафіян. Але праз некаторыя з іх гаворыць з радаснаю усмешкаю: маўляў, усё дрэннае Бог можа перамяніць на лепшае, толькі надзею не трэба губляць. Успамінае, як яны шлюб са сваёю жонкаю Ірынаю Пятроўнаю бралі:

– Маючы пад бокам свой такі прыгожы касцёл, мусілі ехаць у Дзятлава (яна з тых краёў родам), ды й там пры зачыненых дзвярах вянчаліся! Як жа: дазнаецца камісар, у храме ўгледзіць – з работы звольняць, а яна ж галоўны бухгалтар у калгасе!

– Сапраўды, да касцёла хадзілі і настаўнікі, і медработнікі, і калгасныя спецыялісты, не гаворачы аб простых людзях, усе, хто адчуваў сябе пабожным католікам, – далучылася да размовы Ірына Пятроўна, – але сапраўднай смеласці і адкрытасці ў выкананні тых ці іншых традыцый Касцёла не было, бо страціць працу баяўся кожны. Пойдзем, бывала, на службу, і не садзімся на лаўкі, а адразу паднімаемся на хоры, каб нас ніхто не заўважыў. А там пры ўваходзе таблічку павесім: "Аварийное состояние". Ну а навошта камісару пападаць у такое "состояние"? А калі ўжо ён выйдзе з храма, вернікі знізу падаюць знак: "сыходзьце"! Цяпер стала добра, ніхто нікога не праследуе за веру, не трэба збіраць грошы на падаткі за касцёльны пляц. А яшчэ нам добра, што маем вельмі добрага святара – ксяндза Конрада Патыка. На кожнай літургіі адпачываем душою, калі ён дае тлумачэнні евангельскіх урыўкаў. Казанні яго цікавыя, пераканаўчыя, яскравыя – хочацца слухаць бясконца! Не ведаю, дзе яшчэ ёсць такія ўдалыя да ўсялякай працы святары. Наш кс. Конрад умее тынкаваць, шпакляваць, маляваць, калі трэба – не саромеецца падлогу памыць, словам, працуе закасаўшы рукавы. І да кожнага парафіяніна ўважлівы. А для нас усё гэта – прыклад хрысціянскіх паводзінаў у штодзённым жыцці, тое, чаму навучае Касцёл. А без такой навукі чалавеку жыць цяжка. 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
3 ліпеня ў касцёле Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Сталовічах сабраліся парафіяне, госці парафіі, духавенства, каб узнесці хвалу Богу за святыню ў гонар 100-годдзя з дня...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика