Сьпявак з Нарвэгіі беларускага паходжаньня, які набыў сусьветную вядомасьць пасьля перамогі на конкурсе «Эўравізія-2009», запісаў для праекту «Будзьма! Тузін.Перазагрузка-2» беларускую вэрсію свайго гіта Europe's Skies.
У беларускай інтэрпрэтацыі Глеба Лабадзенкі яна атрымала назву «Небасхіл Эўропы». Аляксандар Рыбак шкадуе, што не вывучыў дасканала сваю родную мову і выказаў спадзеў, што яго сьпевам натхніцца новае пакаленьне беларускіх дзяцей.
«Паэтычная праца Лабадзенкі мне прыйшлася да спадобы. «Небасхіл» — вельмі цудоўнае слова, асабліва калі згадваеш маляўнічую прыроду Беларусі», — зазначае Аляксандар. Непасрэдны ўдзел у працы над беларускай вэрсіяй ўзяла яго маці Натальля Валянцінаўна Рыбак. Яна тлумачыла Сашы не да канца зразумелыя словы, сачыла за слушным вымаўленьнем падчас працы ў студыі. «Не забылася яшчэ на беларускую, хоць за ўвесь час, як мы жылі ў Нарвэгіі не давялося паразмаўляць на нашай цудоўнай мове», — прызнаецца Натальля Рыбак.
Песьню «Небасхіл Эўропы», запісаную для праекту «Будзьма! Тузін.Перазагрузка-2» , Аляксандар Рыбак мяркуе ўключыць і ў беларускае выданьне свайго другога студыйнага альбому, выхад якога заплянаваны на восень. І пэўна, гэта не апошняя песьня па-беларуску ад славутага нарвэскага беларуса.
Аляксандар Рыбак — «Небасхіл Эўропы» (муз. Аляксандар Рыбак, сл. Аляксандар Рыбак, Томас Варнэс, бел.тэкст — Глеб Лабадзенка)
Супакой мяне на небе душы У сэрцы любоў ты запішы Вывучаю я цябе да драбніц Мару з табой разам сасьніць
Горы, рэкі, гаі, лугі, Тут мой дом, тут берагі.
Небасхіл Эўропы, зноў малады З высі глядзіць на гарады Да душы тваёй таемнай сьвятло Шляхам начным зноў прывяло
Прамінаюць карагодам зямлі Нашых вачэй два караблі Дакраніся да паветраных крыл Мы паплывем за небасхіл
Сонца, зоры, лясы, Сусьвет Мы глядзім з вышыні планет
Небасхіл Эўропы, зноў малады З высі глядзіць на гарады Да душы тваёй таемнай сьвятло Шляхам начным зноў прывяло