Край, апеты песняром. 21.by

Край, апеты песняром

23.09.2011 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Пад час Дня беларускага пісьменства ў Ганцавічах урачыста адкрыты помнік Якубу Коласу. На свяце прысутнічаў і яго сын, Міхась Міцкевіч

Выдаўцы прывезлі ў Ганцавічы шмат цікавых кніжных навінакГаспадары пастараліся: горад сустракаў гасцей з розных куткоў Беларусі і замежжа чысцінёй, кветкамі. А галоўнае — жывой, сакавітай гаворкай, бо ў маляўнічым кутку Палесся і сёння шануюць беларускую мову, помняць старадаўнія адметныя абрады. Славіцца Ганцаўшчына і народнымі майстрамі-умельцамі.
Многім са школы яшчэ вядома, што ў ганцавіцкай вёсцы Люсіна колісь настаўнічаў Якуб Колас, там пачаў пісаць сваю, сёння ўжо хрэстаматыйную, трылогію “На ростанях”, адлюстраваў у ёй жыццё, побыт, характары палешукоў. Тая акалічнасць, дарэчы, і сёння асвятляе духоўнае жыццё краю, ганцавічане з гонарам кажуць: наш край апеты песняром! І сама ганцавіцкая зямля багатая на майстроў слова, там нарадзіліся пісьменнікі Міхась Рудкоўскі, Іван Кірэйчык, Уладзімір Марук, Іван Лагвіновіч, Віктар Гардзей, Алесь Каско... У вёсцы Чудзін апрацоўваў свае зборы вядомы беларускі фалькларыст, этнограф Аляксандр Сержпутоўскі. Яму было дзе чэрпаць натхненне, бо гэта і рэгіён самабытных народных казачнікаў, такіх, як Д.Кулеш, А.Дудар, Бахмачыха…
Гэта было казачнае свята, сонечнае і цёплае. Па традыцыі яго распачала навукова-творчая экспедыцыя “Шлях да святыняў”. Яе ўдзельнікі чатыры дні былі ў дарозе, рухаліся ад мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора, прайшлі па храмах Міншчыны і Брэстчыны, а раніцай 4 верасня прыбылі ў сталіцу Дня беларускага пісьменства — Ганцавічы. Зранку на цэнтральных вуліцах, Кастрычніцкай і імя Гагарына, панавала весялосць. На шматлікіх сцэнічных пляцоўках выступалі мясцовыя ансамблі, працавалі павільёны кніг і прэсы, фотавыставы, праводзіліся латэрэі і віктарыны. Вясёлы гоман з усіх бакоў, усмешкі на тварах гараджан і гасцей свята, у небе луналі рознакаляровыя паветраныя шары.
А вось месца, дзе гаспада-раць народныя майстры. Сувеніры, ды і практычныя рэчы — на любы густ: нехта выбірае ганчарныя вырабы, а там маладыя хлопцы і дзяўчаты прымерваюць прыгожыя саламяныя брылі-капелюшы, жанчыны купляюць драўляныя лыжкі... Па вуліцы імя Гагарына — імправізаваныя падворкі сельсаветаў раёна, там можна было і адметныя вырабы ткачых, вышывальшчыц пабачыць, і пачаставацца народнымі стравамі.
Апоўдні на гарадской плошчы афіцыйна адкрылася 18-е свята Слова, усіх вітаў віцэ-прэм’ер Беларусі Анатоль Тозік. З дынамікаў гучалі запісы галасоў Янкі Купалы і Якуба Коласа, на сцэне ажылі персанажы трылогіі Якуба Коласа “На ростанях” — сцэнкі выдатна выканалі мясцовыя артысты. Потым пад апладысменты ўзнагароджвалі пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу на лепшы твор у галіне літаратуры, у ліку якіх Казімір Камейша, Мікола Мятліцкі, Віктар Праўдзін, Алена Папова, Алена Масла, Раіса Баравікова і іншыя. Дарэчы, усе выступалі выключна па-беларуску, нават епіскап Пінскі і Лунінецкі Стэфан.
Да свята ў Ганцавічах стварылі Алею пісьменнікаў, на прыгожых картушах увекавечаны імёны пісьменнікаў-ураджэнцаў Ганцаўшчыны. Асаблівае месца на алеі займае помнік Якубу Коласу, урачыста прайшло яго адкрыццё. Аўтары помніка і картушаў — Алеся Грушчанкова і Павел Герасіменка, сямейная пара скульптараў з Брэста. Вобраз песняра, дарэчы, яны стваралі паводле фотаздымка пісьменніка, якім ён быў у маладосці: пэўна, менавіта так і выглядаў Канстанцін Міцкевіч, калі настаўнічаў на Ганцаўшчыне. На адкрыцці помніка быў і сын Якуба Коласа, Міхаіл Канстанцінавіч Міцкевіч. Яго з’яўленне выклікала ўсеаагульны інтарэс. Шмат было жадаючых перакінуцца з ім слоўцам, сфатаграфавацца на памяць. Зазначу, што нягледзячы на сталы ўзрост трымаўся паважаны Міхась Канстанцінавіч аптымістычна і ба-дзёра.
А да галоўнай сцэны збіраў гледачоў канцэрт “З народнай песняй па жыцці” — свята прадоўжылі шматлікія калектывы мастацкай самадзейнасці Брэстчыны. На розных пляцоўках выступалі і майстры слова з Расіі, Украіны, Казахстана, Малдовы, Сербіі, Чарнагорыі, гасцявалі ў Ганцавічах і прадстаўнікі дыпмісій. Завяршылася свята вялікім феерверкам, а вымпел будучай сталіцы свята перададзены гораду Глыбокае.
Віктара Гардзея любяць землякі...Па дарозе дадому мы з сябрамі яшчэ наведалі на Ганцаўшчыне вёску Малыя Круговічы — там нарадзіўся паэт Віктар Гардзей. Вёска ўнікальная тым, што яшчэ пры жыцці ўшанавала земляка. Некалі аднавяскоўцы па сваёй ініцыятыве вырашылі назваць яго імем галоўную вуліцу вёскі — і дамагліся свайго. Я пагутарыў са старажыламі, яны цёплымі словамі згадвалі Віктара, казалі: ён часта наведваецца на малую радзіму. Дарэчы, гаворка ў аднавяскоўцаў Віктара Гардзея вельмі жывая, з жартамі ды прымаўкамі. Што ж, у гэтым куточку Палесся і мастацкаму слову ёсць адкуль напаўняцца сілай.

Лявон Целеш

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пад час Дня беларускага пісьменства ў Ганцавічах урачыста адкрыты помнік Якубу Коласу. На свяце прысутнічаў і яго сын, Міхась Міцкевіч
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика