ЦУДадзейная вада
24.09.2011
—
Новости Культуры
|
Адна з самых вядомых беларускіх крыніц знаходзіцца ля вёскі Сялец Буда-Кашалёўскага раёна. Яна выйшла ў фінал наша праекта. Нездарма Беларусь называюць Сінявокай. Наша краіна багатая не толькі азёрамі і рэкамі, але і шматлікімі дзівоснымі крыніцамі. Пакаштаваць сцюдзёнай вады з беларускіх крыніц прыязджаюць нават з замежжа. Бо вада гэта, кажуць, валодае вялікімі цудадзейнымі ўласцівасцямі. Гаючыя якасці крынічнай вады людзі заўважылі яшчэ ў глыбокай старажытнасці. Да ключоў, якія білі з-пад зямлі, прыходзілі маліцца, яшчэ будучы язычнікамі, прыносілі рознага кшталту ахвяраванні і нават праводзілі абрады — напрыклад выклікання дажджу. Пасля прыняцця хрысціянства каля крыніц пачалі ўзводзіць капліцы і ставіць крыжы, якія ўпрыгожвалі кветкамі, павязвалі ручнікамі, хусткамі, рознакаляровымі стужкамі. Заўсёды крыніцы былі ў пашане народа. — Цуд раптоўнага з’яўлення крыніцы звязвалі з нябеснымі боствамі і хрысціянскімі святымі, — расказвае наш пастаянны аўтар фалькларыст Янка Крук. — На месцы з’яўлення шматлікіх абразоў Божай Маці і сёння б’юць крыніцы з лекавай вадой. Калі знаходзілі такую крыніцу, сяляне чысцілі гэта месца ад пяску і валежніку, ставілі невялікі зруб, а побач — капліцу з абразамі Божай Маці і святой Параскевы Пятніцы.Да крыніц прыходзілі і ў святы, і ў будні. Прыходзілі, каб ачысціцца духоўна, засцерагчыся ад хвароб, пазбавіцца ад цяжкіх немачаў.— Хадзілі да гаючых крыніц звычайна да ўзыходу сонца, “пакуль птушка не праляцела”, — гаворыць Янка Крук. — Лічылася, што “некранутая” вада валодае большай лекавай сілай. Існавала абавязковае правіла набіраць ваду толькі па ходу яе плыні. Адліваць “лішнюю” ваду назад у крыніцу катэгарычна забаранялася. Дазвалялася выліць яе побач, на зямлю. Народны этыкет забараняў таксама праць бялізну ў крынічнай вадзе, купацца ў ёй парадзіхам, “нячыстым жанчынам”, кідаць у яе смецце. Нездарма казалі: “Плюнуць у ваду — што маці ў вочы”. Існуе павер’е, што ў кожнай крыніцы ёсць свой дзень, у які яна валодае найбольшай лекавай сілай. Для адных гэта Вялікдзень, для другіх — Тройца, для іншых яшчэ нешта. Дарэчы, каля многіх крыніц сёння ладзяцца фэсты, прысвечаныя пэўным рэлігійным святам. Напрыклад, на Тройцу людзі збіраюцца да крыніцы ў Любонічах Кіраўскага раёна, Горне на Лагойшчыне, Заазер’і Акцябрскага раёна, на Іллю — у Стайках на Ушаччыне, на Макавея (14 жніўня) — на Сінім Ключы каля Слаўгарада. Збіраліся на гэта свята і ля крыніцы ў Буда-Кашалёўскім раёне, якая трапіла ў фінал нашага праекта. Дарэчы, многія крыніцы маюць назвы, звязаныя менавіта з рэлігійным календаром, — Іллянка, Юр’еўская, Пятніцкая. Ёсць крыніцы, якія атрымалі назвы ад уласцівасцей сваёй вады — Жывая Вада, Студзянец, Зімнік, Белая Крыніца. Сустракаюцца таксама назвы, звязаныя з гістарычнымі падзеямі і асобамі краіны. Непадалёку ад Пінска ёсць крыніца Каралевы Боны, на Быхаўшчыне б’е з зямлі Вітаў Калодзеж. А недалёка ад Навагрудка пакланяюцца Каралеўскаму Ручаю. Кажуць, нібыта крыніцу гэту капаў сам Стэфан Баторый.Усяго на Беларусі існуе каля тысячы гаючых крыніц. Кажуць, адны дапамагаюць ад раўматызму, другія вылечваюць ад алкагалізму, трэція зацягваюць раны разбітага сэрца. Цяжка пералічыць усе сакральныя крыніцы, якія існуюць у краіне. Таму прапануем чытачам “НГ” пазнаёміцца з самымі вядомымі вытокамі ў кожнай вобласці. Брэсцкая вобласць Пружанскі раён, вёска ВежнаеКрыніца з’явілася ў 1981 годзе — Вяжнянская Свята-Мікалаеўская царква якраз адзначала сваё 200-годдзе. Некалькі магутных фантанаў забілі з зямлі, калі экскаватар падчас меліярацыйных работ зняў верхні пласт грунту. У 2002 годзе крыніцу асвяцілі ў гонар Мікалая Цудатворца. Гродзенская вобласць Шчучынскі раён, вёска РакавічыКажуць, у сярэдзіне XVIII стагоддзя каля мясцовай рэчкі з’явіўся абраз Божай Маці, які пазней назвалі Ракавіцкай. З часам рака высахла, а на месцы, дзе з’явілася ікона, забіла крыніца. Цяпер там знаходзяцца капліца і калодзеж са святой вадой. Гомельская вобласць Буда-Кашалёўскі раён, вёска Сялец Калі з’явілася тут крыніца, ніхто ўжо і не памятае. Але, кажуць, яшчэ ў 30-я гады каля яе была драўляная хатка, дзе збіраліся святар з прыхаджанамі. Побач стаялі крыжы з павязанымі ручнікамі. А на Макавея тут заўсёды вялася служба. Святар асвячаў ваду, даваў, як лякарства, хворым і асвячаў ёю жытло і падворак. Магілёўская вобласць Крычаўскі раён, вёска Прудок“Святая крыніца” знаходзіцца на мяжы сасновага бору і поля. Старажылы расказваюць, што калісьці на тым месцы была царква, якая нібы сышла пад зямлю падчас службы. На месцы правалу і забіла крыніца. Мінская вобласць Валожынскі раён, пасёлак Ракаў Згодна з легендай, сляпому з’явілася ў сне Божая Маці, якая загадала яму ісці на ўскраіну вёскі. Прачнуўшыся, стары так і зрабіў. І па дарозе... натрапіў на крыніцу. Памыўшы вочы ў ёй, вярнуў сабе зрок. Першае, што ўбачыў стары, была ікона Прасвятой Багародзіцы, якая ззяла на дрэве. Пазней на гэтым месцы пабудавалі царкву. Праўда, савецкія ўлады забаранілі праводзіць у храме службы, крыніцу засыпалі хлёркай і аб’явілі, што піць ваду з яе нельга. Толькі ў 90-я да крыніцы вярнулася жыццё — сюды зноў пачалі з’язджацца людзі. Віцебская вобласць Талачынскі раён, вёска Янава Згодна з паданнем, побач з крыніцай з’явілася ікона святых Барыса і Глеба. У хуткім часе пабудавалі тут драўляную царкву, у якой і змясцілі ікону. У 1902 годзе ўзвялі ўжо мураваны храм. Але аказаўся ён не вельмі даўгавечным. Савецкія ўлады зруйнавалі яго, а тэрыторыю вакол крыніцы ўзаралі. Аднак сёння паломнікі збіраюцца каля святога месца, як і раней. Асабліва шмат іх у дзень святых Барыса і Глеба. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адна з самых вядомых беларускіх крыніц знаходзіцца ля вёскі Сялец Буда-Кашалёўскага раёна.
|
|