У поўны рост
25.10.2011
—
Новости Культуры
|
Партрэтныя скульптуры Вiтаўта i Ягайлы максімальна набліжаны да гістарычных рэалій Рэканструкцыю постацей князя Вялікага княства Літоўскага Вітаўта і польскага караля Ягайлы прэзентавалі ўчора ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь. Партрэтныя скульптуры выкананы ў поўны рост. Вонкавы вобраз дзяржаўных дзеячаў адноўлены на падставе дасканалага вывучэння гістарычных крыніц і іканаграфіі. Як патлумачылі ў музеі, пры ўзнаўленні постацей — іх партрэтнага ўвасаблення і рэканструкцыі строяў — мастакі імкнуліся максімальна наблізіцца да гістарычных рэалій. Вонкавы выгляд Вітаўта адноўлены на падставе выявы з асабістай пячаткі князя, мініяцюры на прастоле пачатку XVI стагоддзя і гравюры з кнігі Гваньіні 1578 года. За аснову партрэтнага вобраза Ягайлы ўзята пластыка надмагілля караля, касцюм ўзноўлены дзякуючы выяве з абраза «Пакланенне трох каралёў». Рэканструкцыя постацей Вітаўта і Ягайлы выканана мастакамі Паўлам Лукам і Юрыем Піскуном. Павел Лук стварыў шэраг скульптур на гістарычную тэматыку, у ліку якіх выявы Эміліі Плятэр, Кастуся Каліноўскага, Францыска Скарыны. Юрый Піскун працуе ў розных жанрах станковага жывапісу, у дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. У апошнія гады ім выканана рэканструкцыя гістарычных касцюмаў для Мірскага і Нясвіжскага замкаў. Постаці Вітаўта і Ягайлы зоймуць пачэснае месца ў залах музея, прысвечаных сярэдневяковай гісторыі Беларусі. Для шырокай аўдыторыі яны будуць даступныя на працягу дзесяці дзён — з 25 кастрычніка па 3 лістапада. Праект па рэканструкцыі постацей Вітаўта і Ягайлы рэалізаваны дзякуючы фінансавай падтрымцы кампаніі «Japan Tobacco International» (JTI). Яе партнёрства з музеем накіравана на арганізацыю сумесных мерапрыемстваў па захаванні і прэзентацыі нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны. Дзякуючы фінансавай падтрымцы гэтай кампаніі сёлета ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь было рэалізавана сем сумесных праектаў. ------------------------------------ Даведка «Р» Імёны князёў Вітаўта і Ягайлы ўпісаны ў слаўныя старонкі беларускай гісторыі. Вітаўт (1350—1430) — князь гарадзенскі, трокскі, вялікі князь Вялікага княства Літоўскага — самая славутая гістарычная постаць беларускай гісторыі, герой летапісаў і старабеларускай літаратуры. Пры ім Вялікае княства Літоўскае дасягнула найбольшай магутнасці. Ягайла (1348?—1434) — вялікі князь Вялікага княства Літоўскага, кароль Польшчы. Быў дзяржаўным дзеячам еўрапейскага маштабу і заснавальнікам беларуска-польскай каралеўскай дынастыі. Супольнымі сіламі Вітаўт і Ягайла спынілі замежную агрэсію, атрымаўшы перамогу ў Грунвальдскай бітве 1410 г. ------------------------------------- Фота: Валерый ХАРЧАНКА Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Беларусi рэканструiравалi дакладныя фiгуры Вітаўта і Ягайлы
|
|