Падарожжа ў краіну Максіма
09.12.2011
—
Новости Культуры
|
Пра што мы ніколі не прачытаем у інтымным дзённіку паэта. У пачатку снежня, калі зіма яшчэ думае, як уступіць у свае правы, а восень працягвае высцілаць увесь белы свет шэраю смугою, згадваецца вобраз высокага хударлявага юнака з прыгожымі вачыма, з засяроджаным позіркам і кнігай у руках. Гэта Максім Багдановіч. Такі, як і цяпер, паэтычны настрой прыроды, думаецца, быў на дварэ і ў далёкім 1891 годзе, калі 9 снежня ў Мінску ў сям’і настаўнікаў Адама Ягоравіча і Марыі Апанасаўны нарадзіўся будучы паэт, празаік, публіцыст, перакладчык, адзін са стваральнікаў беларускай мовы нашага часу. Яго напаткаў незайздросны лёс. З-за хваробы на сухоты жыццё Максіма абарвалася ў 25 гадоў. І столькі вершаў засталося недапісана, столькі думак недасказана... Аднак гэта не перашкодзіла яму стаць класікам беларускай літаратуры, слынным песняром нашай зямлі. Загадку Багдановіча і сёння імкнуцца разгадаць многія даследчыкі. Прайсці сцяжынамі паэта з нагоды яго 120-годдзя паспрабавала і карэспандэнт “НГ”. “Ад родных ніў...”Не паспеўшы ўволю нацешыцца шчаслівым дзяцін-ствам, Максім страчвае маці, а ўслед за ёй — і мілыя родныя мясціны, па якіх гадамі будзе сумаваць далёка на Волзе. Як сведчанне шчаслівага перыяду, калі яшчэ была жывая мама Максіма, — фотаздымак, на якім два брацікі Вадзім і Максім трымаюцца за рукі. Малодшы Максім, апрануты ці то ў кашульку, ці то ў сукенку, вельмі падобны да дзяўчынкі. Дзеці слухалі матуліны беларускія казкі, песні, прымаўкі. Вялікі ўплыў на Максіма як асобу зрабіў яго бацька. У адным з лістоў да сябра Максім пісаў: “Мяне выхоўваў бацька. Неяк я паказваў вам яго бібліятэку. У ёй усё ёсць істотнае, што з’явілася ў літаратуры ўсяго свету. Мы з дзяцінства праходзілі гэтую сусветную школу”. Казачны свет, што падаравала яму мама Марыя Апанасаўна, веданне моў, якія дапамагаў спасцігаць бацька, паспрыялі таму, што ў дзесяцігадовым узросце Максім пачаў спрабаваць пісаць мастацкія творы па-беларуску. А ў 1907 годзе на старонках друку ўбачыць свет яго “Музыка” — апавяданне аб шматпакутным лёсе Беларусі на працягу стагоддзяў. Каханне і смерць Мноства цікавых момантаў падаравала Максіму дзяцінства. Цэлае лета 1895 года маленькі Багдановіч разам са сваімі брацікамі Вадзімам, Львом і мамай правёў у вёсцы Вяззе пад Асіповічамі. Там жыла сястра Марыі Апанасаўны Стэфа. Яе муж быў лесніком у пана Лапо. Дом (на здымку) быў разбураны дзесяць гадоў таму. Але захавалася перапіска Марыі і Адама, дзе падрабязна апісваюцца ўсе вясковыя прыгоды хлопчыкаў Багдановічаў. Яна пісала, як Максім выпадкова наступіў на суседскае гусяня і задушыў яго, і яна баіцца, што суседзі будуць помсціць; як Вадзіма пакусаў парсюк, як дзеці ледзьве не трапілі пад кароў. Калі маці Максіма памерла ад сухотаў, яго бацька ажаніўся з сястрой жонкі Максіма Горкага Аляксандрай Волжынай (сем’і Адама Багдановіча і Максіма Горкага сябравалі). Максім не мог прыняць “другую маму”. Ёсць звесткі, што ён перастаў абедаць з імі за агульным сталом. Але і гэты шлюб бацькі быў нядоўгім. Аляксандра (а ёй на той момант было толькі васямнаццаць) памірае ў час родаў. На руках Адама Ягоравіча засталося чатыры сыны і дачушка. Даследчыкі лічаць, што ранняя трагічная смерць бацькавай жонкі паслужыла напісанню цыкла вершаў “Каханне і смерць”. “Аня, Анечка, моя елочка зеленая...”Максіму былi ўласцівы простыя чалавечыя жаданнi — кахаць i быць каханым, мець дружную сям’ю. Па характары сваім ён быў інтравертам. Сябра паэта па Яраслаўскай гімназіі Тэадор Дзябольскі ўспамінаў, што Максім быў вельмі сціплым, замкнёным у сабе. Але калі хтосьці рабіў першы крок насустрач, то адразу станавіўся самым родным і блізкім чалавекам. Падчас вучобы ў Яраслаўскай мужчынскай гiмназii Максiм пасябраваў з братамi Мiхаiлам i Мiкалаем Какуевымi. I калi аднойчы завiтаў да iх у госцi, убачыў iх родную сястру Ганну (на здымку) i закахаўся ў яе. Ганна стала для яго ідэалам высокай красы, жаноцкасцi, хараства. Лiчыцца, што пачуццi Максiма да Ганны былi самымi рамантычнымi i ўзнёслымi ў яго жыццi. Гэта ёй, як мяркуецца, прысвечаны раманс “Зорка Венера”, што стаў сапраўдным паэтычным шэдэўрам iнтымнай лiрыкi. Ганне Какуевай паэт прысвяцiў цыкл вершаў “Мадонны”. Гераiня яго вершаванага апавядання “Веранiка” (асаблiва пасля ўвасаблення верша ў музыцы Iгарам Лучанком i ў вакале — “Песнярамi”) стала сiмвалам чысцiнi i высокага кахання.Падсыпала солі ў пачуцці Ганны і Максіма цётка Какуевай Таццяна Рафаілаўна. Мяркуемая цешча Багдановіча ні сям’і, ні дзяцей не мела, і калі маці Ганны памерла, выхаванне дзяцей яна ўзяла на сябе. Стасункі сваіх падапечных трымала пад кантролем. У Максіма пра гэта нават ёсць верш: “Паважаная гаспадыня, Таццяна Рафаілаўна!/У адным з музеяў бачыў японскую вазу/І надпіс над ёю: “Просяць рукамі не датыкацца”./Чалавечай душы таксама не хораша мацаць рукамі./Далікатныя пра гэта ведаюць,/Недалікатным нагадваюць”. Асабiста для Ганны Максiм планаваў напiсаць асобны зборнiк вершаў на рускай мове “Палын-трава”. Максiм нiдзе падрабязна не апiсваў свае адносiны з прадстаўнiцамi супрацьлеглага полу. Ведаў, што яму наканавана кароткае жыццё, таму больш займаўся творчасцю. I да гэтай пары iснуюць легенды аб тым, што ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча захоўваецца iнтымны дзённiк паэта, які нiкому не паказваюць. На самай справе пад цяжарам часу дзённiк стаў нечытаемым. А калi i можна разабраць хаця б некалькi слоў, то ўсё роўна застаецца загадкай, каму яны былi прысвечаны. Каб зразумець, чаму прыгожы дваццацiгадовы юнак не мог растапiць сэрца дзяўчыны, трэба больш уважліва пагартаць старонкі яго біяграфіі. Максім пасля заканчэння гімназіі хацеў паступіць на філалагічны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. Аднак яго з-за недахопу сродкаў не пусціў бацька. Замест Багдановіча па рэкамендацыі акадэміка Шахматава паехаў Браніслаў Тарашкевіч. Так пуцявіны жыцця Максіма і Ганны разышліся. Яго каханая паступіла вучыцца ў Пецярбургскую кансерваторыю і потым выйшла замуж за аднакласніка Максіма Івана Лялеева. А Максім, што ўсёй душой імкнуўся стаць літаратарам або вучоным, змушаны быў вучыцца на юрыста ў Дзямідаўскім юрыдычным ліцэі....Максім меў мноства творчых планаў, аднак з-за абвастрэння хваробы вымушаны быў ехаць у Крым. Там на дваццаць шостым годзе жыцця сэрца Максіма перастала біцца. Але вершы вечна маладога паэта застаюцца блізкімі для нас і сёння. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пра што мы ніколі не прачытаем у інтымным дзённіку паэта. |
|