Зорка Венера... Што там далей?
09.12.2011
—
Новости Культуры
|
Беларусы ведаюць Багдановіча ў твар, аднак вершы яго ўзгадваюць з цяжкасцю. Напярэдадні 120-гадовага юбілею Максіма Багдановіча карэспандэнт “НГ” вырашыла правесці невялікі эксперымент. Адправіўшыся да помніка беларускаму класіку, што стаіць каля Вялікага тэатра оперы і балета, пацікавілася ў прахожых, ці ведаюць яны, каму ўзведзены манумент, і ці могуць узгадаць хоць некалькі радкоў з яго твораў. У прыгожым маладым бронзавым мужчыне Багдановіча пазнаў нават трохгадовы Дамінік. Затое тых, хто змог працытаваць вершы паэта, можна было пералічыць па пальцах. Расчараванне прыйшло не адразу. Першыя рэспандэнты аказаліся нават вельмі добра “паэтычна” падкаванымі. Кацярына з Валожына, якая прыехала ў сталіцу па пакупкі, не толькі з лёгкасцю пазнала Багдановіча, але і прызналася, што ён з’яўляецца адным з самых любімых яе паэтаў. — Ведаеце, што я ўзгадваю, калі штодня распальваю печ? “Вечар на захадзе ў попеле тушыць/Кучу чырвоных кавалкаў вугля...” Мне падаецца, гэта адзін з самых лірычных твораў паэта. Парадавала і пенсіянерка Валянціна Харужэнка, у якой я запыталася, ці ведае яна, каму ўзведзены помнік ля опернага тэатра. — А як жа — Максіму Багдановічу! “Зорка Венера ўзышла над зямлёю,/ Светлыя згадкi з сабой прывяла.../ Помнiш, калi я спаткаўся з табою, / Зорка Венера ўзышла”, — працытавала жанчына, падбадзёрыўшы мяне добрым веданнем беларускай класікі. — Каму невядомы гэты твор беларускага паэта!Як аказалася, многім. З астатніх рэспандэнтаў прыйшлося літаральна выцягваць хоць некалькі паэтычных радкоў.— Памятаю, вывучалі Багдановіча ў школе. Аднак якія менавіта вершы, успомніць не магу, — прызналася Святлана, якая прыехала з Барысава да дачкі ў Мінск.— А ці не знаёмы вам, — вырашыла дапамагчы субяседніцы, — хоць бы верш “Здароў, марозны, звонкі вечар”... — “Здароў, скрыпучы, мяккі снег! — тут жа прадоўжыла Святлана. — Мяцель не вее, сціхнуў вецер,/I волен лёгкіх санак бег”. А яшчэ, во, успомніла: “Ад родных ніў, ад роднай хаты/ У панскі двор дзеля красы /Яны, бяздольныя, узяты / Ткаць залатыя паясы. “Слуцкія ткачыхі”, здаецца. Іх яшчэ “Песняры” спяваюць. Праўда, пагуляць у “памятаю — не памятаю” ўдалося не са многімі.Аператар аўтазаправачнай станцыі Уладзіміра Багдановіча пазнаў, аднак пра паэта ўспомніць нічога не змог. — Прызнацца, мала памятаю пра яго. Ведаю, вершы пісаў. Але больш анічога.— А беларускую літаратуру наогул чытаеце?— Ды неяк не прывілі любоў да яе ў школе, — сумна ўздыхнуў мужчына. Беспрацоўны Дзяніс вершаў Багдановіча таксама не прыгадаў. Аднак успомніў некаторыя факты з яго біяграфіі.— Нядаўна чытаў яго вершы на лацініцы, — расказаў хлопец. — Так з ходу не ўспомню. Памятаю, што памёр у маладым узросце, доўгі час жыў у Ялце і што помнік яму нядаўна пераставілі — зараз паэт глядзіць на сваю вуліцу.Няня Рыта, якая гуляла каля тэатра з трохгадовым Дамінікам, адразу пазнала ў мануменце беларускага паэта. Але калі я папрасіла ўспомніць што-небудзь з яго творчасці, паціснула плячыма і з усмешкай запыталася ў свайго маленькага выхаванца: — А ты, Дамінік, успомніш што-небудзь пра Максіма Багдановіча?— Не, — заматаў той галавой.— А ты наогул ведаеш, хто такі Максім Багдановіч? — спыталася я ў малога.— Максім Багдановіч? — сур’ёзна перапытаў хлопчык. — Гэта вуліца такая і помнік!Для трохгадовага дзіцяці веды больш чым дастатковыя! Пойдзе ў школу — больш даведаецца. Там як-ніяк пра Багдановіча расказваюць і вершы на памяць задаюць вучыць. Толькі вось чаму мы, дарослыя, не можам успомніць ні яго творы, ні адзіны паэтычны зборнік “Вянок”, ні адкрытыя ім для беларусаў санет і трыялет, ні многае іншае з творчасці паэта, якога параўноўваюць з Пушкіным? Але ж Пушкіна мы добра ведаем. У чым жа праблема? У тым, што нам дрэнна выкладаюць у школе, ці, можа, у тым, што мы проста не хочам ведаць родную літаратуру і гісторыю?! Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларусы ведаюць Багдановіча ў твар, аднак вершы яго ўзгадваюць з цяжкасцю.
|
|