“Капыльскія пацехі” насмяшылі нават масквічоў
27.03.2012 10:48
—
Новости Культуры
|
“Капыльскія пацехі” насмяшылі нават масквічоў Сёння ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень тэатра. Не абмінаюць гэта свята і тэатральныя колы Беларусі. Тым больш што святкаваць ёсць каму. У краіне дзейнічаюць 27 прафесійных тэатраў. А калі палічыць яшчэ аматарскія і народныя тэатры, у якіх між іншым жыццё бурліць не горш за прафесійныя. Тут і свае самародкі, і праграмы, і “фішкі”... Карэспандэнты “НГ” напярэдадні свята завіталі ў госці да ўдзельнікаў народнага тэатра гульні і гумару “Капыльскія пацехі” і даведаліся, адкуль у акцёраў растуць хвасты, дзе яны бяруць рэквізіт і чым “лечаць” мясцовых тэатралаў. — А як гэта ты, Адамаўна, у спадніцу ўлезла? — пытаецца ў калегі перад выступленнем адна з удзельніц тэатра “Капыльскія пацехі”. — Дык худзею ж. — А чаго гэта? — На вынас рыхтуюся, — засмяялася тая. Што ў жыцці, што на сцэне бясконца жартуюць удзельнікі народнага тэатра гульні і гумару Капыльскага раённага Цэнтра культуры. Відаць, гумар у іх у крыві. — Ой, ведаеце, на Капыльшчыне жарты пруць, як з якой крыніцы, — гаворыць кіраўнік і рэжысёр тэатра Любоў Галубовіч. — Канешне, мы не маглі дапусціць, каб гэта крыніца вычарпалася. Сабраліся самыя ініцыятыўныя і стварылі ў 1993 годзе тэатр гульні і гумару, дарэчы, першы на Міншчыне. А праз колькі год атрымалі і званне народнага. Вядома, склад калектыву за гэты час змяніўся. Але запал застаўся той жа. З якімі толькі праграмамі не выступаюць артысты! Гульнявыя шоу, аўкцыёны, варожбы і нават “пацешны шпіталь”. Праграмы пішуць на мясцовым матэрыяле, а таксама паводле твораў беларускіх і рускіх класікаў. — Памятаю, неяк ставілі “Да трэціх пеўняў” паводле твора Васіля Шукшына. Вось жа і смеху нарабілі на адной з рэпетыцый, — успамінае Галубовіч. А адбылося вось што. Не паспелі артысты зняць касцюмы, як прыбягае жонка аднаго з іх — ён якраз выконваў ролю чорта. — Валодзя, збірайся. Пакуль не зачыніліся ўсе крамы, пойдзем штаны табе глянем. Давай хуценька! — падганяла жонка мужа. Ну сабраўся той, ідуць. А Валодзю ўсе людзі поглядам праводзяць. — Слухай, а чаго яны ўсе так глядзяць на мяне? — пытаецца ён у жонкі. Як глянула яна на мужа: — Валодзя, ты ж з хвастом! Аказваецца, артыст так спяшаўся, што касцюм не да канца зняў. Прыколы аграгарадка І не так часам закруціцца галава ў акцёраў. Яно і не дзіўна, у кожнага ж свае справы. Тэатр — гэта хобі і любімы занятак. А ёсць жа і асноўная праца. Сярод удзельнікаў тэатра — і індывідуальны прадпрымальнік, і клубны работнік, і псіхолаг, і студэнт сельскагаспадарчага каледжа, і тамада... Людзі самых розных прафесій, якія проста любяць гумар і не ўяўляюць жыццё без сцэны, хоць і маленькай. Таццяна Вошкат, да прыкладу, працуе дырэктарам сельскага клуба ў вёсцы Пацейкі. — На рэпетыцыі ў райцэнтр езджу на папутках. Падымаю руку — падбіраюць яшчэ бабулю, — смяецца Таццяна Адамаўна. — Думаю, што толькі дзякуючы тэатру і жыву. Васямнаццаць гадоў таму былі жудасныя праблемы са здароўем, далі другую групу, і я перайшла працаваць у культуру. Вось, бачыце, да сёння жыву і весялюся. Мне гэты аптымізм ад мамы, відаць, перадаўся. Яна і цяпер, у 82 гады застаецца гумарной. Памятаю, прыступ сардэчны ў яе здарыўся. Яна — за бутэлечку валяр’янкі. Спрабуе адкрыць, а корак пракручваецца. Адкручвае, а ён не адкручваецца. І як ёй ні дрэнна, кажа: “Вось жа ж халера! Сделано в СССР. Открытию не подлежит”. Вось і думаеш пасля такога: каму прасцей працаваць — прафесійным артыстам ці вось такім аматарам, якім прыходзіцца сумяшчаць і працу, і рэпетыцыі, і гастролі?.. А выязджаць “Капыльскім пацехам” прыходзіцца шмат. — Штораз выдумляем асобную праграму, падбіраем спецыяльна пад гледача, — гаворыць кіраўнік тэатра Любоў Галубовіч. — Для вясковых жыхароў, да прыкладу, спецыяльна распрацавалі “Прыколы аграгарадка”. Яны добра ўспрымаюць жарты пра жыццё на вёсцы, пераапрананне ў хатніх жывёл. Гумар — справа сур’ёзная. Жартаваць яшчэ трэба ўмець. “А я хлопец добры” І ў “Капыльскіх пацех” гэта, відаць, добра атрымліваецца. Бо ездзяць артысты не толькі па раёне. Чакаюць іх і на абласных святах, і на рэспубліканскіх. Нават у Маскве некалькі разоў былі. Але самыя ўдзячныя гледачы хіба ў родным раёне і яго невялікіх вёсках. Давялося на свае вочы ўбачыць, у якіх умовах прыходзіцца працаваць артыстам падчас іх выступлення ў вёсцы Старыца. Невялікі клуб, маленькая сцэна, пра грымёрныя, вядома, і гаварыць не прыходзіцца. Аднак усе артысты — людзі гумарныя. І такія ўмовы іх толькі пацяшаюць. — Класныя ў вас боты, — заўважыла ў аднаго з артыстаў бліскучыя хромавыя боты. — Такіх сёння і ў продажы не знойдзеш. — Бацькавыя, — з гонарам кажа іх уладальнік, індывідуальны прадпрымальнік Антон Шышмароў (на фота ўверсе). — Ён у мяне ваенным быў. Вось выдалі аднойчы. З трапятаннем захоўваю да сёння. Як аказалася, дзякуючы бацьку Антон і на Капыльшчыну трапіў. Сам нарадзіўся ў Расіі, на мяжы з Кітаем. Але паколькі бацька быў ваенным, прыходзілася шмат падарожнічаць. І аднойчы лёс закінуў у беларускі Капыль, дзе і заўважылі творчыя таленты Антона — запрасілі ў народны ансамбль народнай песні “Спадчына”, а пасля і ў “Капыльскія пацехі”. Антон асвоіў ігру на гармоніку і зараз з вялікім захапленнем весяліць мясцовы народ беларускімі прыпеўкамі і песнямі: “Казаў бацька, каб я ажаніўся, Каб па ночах не хадзіў і не валачыўся, А я — хлопец добры, я не валачуся: Дзе дзеўку пачую, там і заначую. У адной спаў я, у другое ўпіўся, А ў трэцяй на пячы нагавіц забыўся”. З усмешкай на вуснах і радасцю ў вачах, як упэўнілася сама, успрымаюць людзі праграмы народнага тэатра “Капыльскія пацехі”. І можна зразумець, чаму. Бо ўсе без выключэння артысты выступаюць з адкрытай душой, шчыра і самааддана. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёння ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень тэатра. Не абмінаюць гэта свята і тэатральныя колы Беларусі. Тым больш што святкаваць ёсць каму.
|
|