Ці вернуцца слуцкія паясы на радзіму?. 21.by

Ці вернуцца слуцкія паясы на радзіму?

27.07.2012 12:32 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ці вернуцца слуцкія паясы на радзіму?

           


Слуцкі краязнаўчы музей абвясціў дабрачынную акцыю па зборы сродкаў для набыцця двух слуцкіх паясоў з прыватнай калекцыі мінскага калекцыянера.

Як вядома, Слуцк — радзіма славутых паясоў, якія прынеслі гораду і Беларусі сусветную вядомасць. Цяпер шэдэўры знаходзяцца ў многіх краінах: Расіі, Украіне, Францыі, Польшчы, Літве, Германіі і нават у Злучаных Штатах Амерыкі. У Беларусі захоўваецца толькі пяць арыгінальных паясоў, вытканых менавіта ў Слуцку, і шэсць — вырабленых на ўзор слуцкіх у майстэрнях іншых гарадоў. Унікальныя творы прыкладнога мастацтва ў сваіх калекцыях маюць пяць айчынных музеяў: Мінскі абласны краязнаўчы (г. Маладзечна), Нацыянальны гістарычны, Літаратурны музей Максіма Багдановіча, музей старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей. Чым абумоўлена ініцыятыва па зборы сродкаў, расказала "Звяздзе" дырэктар Слуцкага краязнаўчага музея Наталля Серык.

— Для жыхароў нашага раёна, як і рэспублікі ў цэлым, слуцкія паясы не толькі прадмет дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, гэта наш нацыянальны гонар. Але, на жаль, у Слуцку няма ніводнага цэлага пояса. У нас захоўваюцца толькі невялікія фрагменты. Таму як толькі мы даведаліся, што прыватны калекцыянер мае намер прадаць рарытэты, не маглі ўпусціць магчымасць іх набыць. Нашу ініцыятыву падтрымала і кіраўніцтва раёна, і дэпутаты, і грамадскасць. У выніку перамоў уладальнік пагадзіўся прадаць паясы менавіта Слуцку, была дасягнута дамоўленасць па цане. Кошт аднаго пояса — каля 90 тыс. долараў.

— Наталля Георгіеўна, цікава, чаму ў даўнія часы просты чалавек не мог насіць такую прыгажосць. Магчыма, дзейнічалі нейкія абмежаванні на заканадаўчым узроўні?

— У тыя часы набыць слуцкія паясы маглі толькі заможныя людзі, шляхта, бо каштавалі яны дорага — ад 50 да 100 дукатаў. І насілі іх як дадатак да дарагога касцюма — кунтуша. У нашым музеі ёсць цікавы фотаздымак, зроблены ў Варшаве: шляхціч у кунтушы, паверх якога завязаны слуцкі пояс. Так што слуцкія паясы былі ў модзе і ў Рэчы Паспалітай.

Штогод фабрыка выпускала каля 200 вырабаў. Гэта няшмат, калі ўлічыць, што пры тым жа Яну Маджарскім тут працавала 28 станкоў і 60 рабочых.

— У вядомым вершы Максіма Багдановіча гаворыцца пра нялёгкі лёс слуцкіх ткачых. Але гістарычныя факты сведчаць, што на фабрыцы працавалі толькі мужчыны. Існуе нават легенда: калі рука жанчыны дакранецца да пояса, ён страціць свае фарбы, паліняе.

— Гэта ўсяго толькі прыгожая легенда. Спачатку для працы на фабрыцы запрасілі самых выдатных майстроў з Турцыі і Персіі. Але праз некаторы час князь накіраваў мясцовых маладых рабочых Я. Гадоўскага і Т. Хаецкага ў Станіслаў для навучання (у тую пару Станіслаў славіўся вытворчасцю паясоў). Менавіта адтуль было завезена і абсталяванне для фабрыкі — некалькі ткацкіх станкоў. Пазней на фабрыку прыйшлі мясцовыя майстры. Да нашых дзён дайшлі іх прозвішчы — Іосіф Барсук, Міхаіл Баранцэвіч, Лойка, Канчыла і інш.

А мужчыны, мяркую, займаліся вырабам паясоў таму, што тут была цяжкая вытворчасць. У поясе выкарыстоўваліся залатыя, сярэбраныя ніткі, іх пракатвалі на спецыяльных станках, таму паясы называлі літымі. І жанчыне такая праца была не па сілах чыста фізічна.

— Ці не выставіў вам цяперашні ўладальнік паясоў абмежаванняў па тэрміне збору сродкаў?

— Нам хацелася б сабраць сродкі як найхутчэй. У верасні ў Слуцку ладзіцца свята горада, да гэтай даты добра было б арганізаваць выставу набытых паясоў у асобнай зале, паказаць фотаздымкі, расказаць аб гісторыі стварэння шэдэўраў. У музеі захоўваецца толькі пяць фрагментаў і здымак слуцкага пояса з Расійскага этнаграфічнага музея, які нам перадалі яшчэ ў савецкія часы. Ён экспанаваўся ў нас на працягу 15 гадоў, але ў 2003-м яго забралі назад. Мы плануем зрабіць наведванне выставы бясплатным, паколькі на набыццё рарытэтаў "скідваецца" ўвесь горад. Калі задумы не спраўдзяцца, то прымяркуем выставу да юбілею музея, якому ў лістападзе спаўняецца 60 гадоў.

— Калі не сакрэт, як ідзе збор сродкаў?

— Людзі адгукнуліся на наш зварот, мы вельмі ўдзячны ім за разуменне і падтрымку. Грошы пералічваюць і прадпрыемствы, і грамадскія арганізацыі, і жыхары. Сваю лепту ў агульную справу ўнеслі і работнікі музея.

Пералічваць грошы можна на рахунак: 3604000000562 у філіяле 615 ААТ "АСБ Беларусбанк", код 808, УНП 690305921, атрымальнік плацяжу ДУ "Слуцкі краязнаўчы музей".

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На жаль, у Слуцку няма ніводнага цэлага пояса. У нас захоўваюцца толькі невялікія фрагменты. Таму як толькі мы даведаліся, што прыватны калекцыянер мае намер...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика