ПРАЦОЎНЫ СТОЛ. Уладзімір Някляеў. Яблыня-царква і бізун
27.08.2012 21:06
—
Новости Культуры
|
Працоўная прастора пісьменніка Уладзіміра Някляева запоўненая кнігамі, карцінамі ды ўзнагародамі. Калі пра творы мастацтва Уладзімір Пракопавіч распавядае ахвотна, то ўзнагародамі не любіць хваліцца. Асабліва дарагая для яго памятная статуэтка, якая нагадвае, што ён — Крэўскі паэт. Крэва ды роднае Смаргоні ў кватэры пісьменніка шмат: карціны і фотаздымкі з любімымі краявідамі, драўляны герб Крэва, частка сука з яблыні, пад якой малілася маці пісьменніка Анастасія Іванаўна… Знаёмячы мяне з дэталямі сваёй творчай прасторы, Уладзімір Някляеў распавёў, як марыў стаць стылягам і першы раз сутыкнуўся з міліцэйскай дубінкай, як у ягоны гонар назвалі карабель, як завальваў іспыты з-за кахання, як хацеў паступіць у музычную вучэльню, а скончыў… электратэхнікум.
Далёка не ўсе нейроны здольныя да трансфармацый. Як і не ўсе людзі, што асабліва добра відаць у нашай найноўшай гісторыі. І яшчэ вось што: не ўсе расліны, якія падобныя да кактусаў, насамрэч ёсць імі. І не ўсе людзі, якія падобныя да людзей, людзі. Вельмі часта гэта кактусы.
Гэта менскі раман. Называецца «Аўтамат з газіроўкай. З сіропам і без». Дарэчы, у мяне ён называўся: «Аўтамат з газаванай вадой з сіропам і без», а рэдактар прапанаў трохі іншую назву. І не толькі трохі іншую — значна лепшую, вось што такое рэдактар. Падзеі ў менскім рамане разгортваюцца напачатку 60-х гадоў, у час так званай хрушчоўскай «адлігі», калі адбыўся сапраўдны ўсплеск грамадскага, літаратурнага жыцця. У 60-я былі маладымі Быкаў, Караткевіч, Барадулін, Бураўкін, Вярцінскі... Барадулін з Вярцінскім чытаюць у менскім рамане свае вершы. У 1961 годзе мне было 15 гадоў, я прыехаў у Менск паступаць у электратэхнікум сувязі. Паступіў, скончыў яго, але да сёння не разумею, чаму як і чаму гарыць электрычная лампачка Зрэшты, Альберт Энштэйн гэтага таксама не разумеў (смяецца). Пад калонамі каля ўваходу ў Тэатр юнага гледача вечарамі збіралася моладзь. Паэты чыталі вершы, барды спявалі песні. Там я пазнаёміўся з гуру менскага андэграунда Кімам Хадзеевым, з людзьмі, з якімі пасля шмат гадоў сябраваў. Але, прызнаюся, не толькі (і нават не столькі) праз вершы і песні цягнула мяне да іх. Многія з іх былі стылягамі — і мне хацелася стаць стылягам. Як гэтыя хлопцы вылучаліся на даволі шэрым тле тагачаснага менскага жыцця! Не толькі вонкава вылучаліся: яркімі кашулямі «пажар у джунглях», нагавіцамі-дудачкамі, «шузамі на маннай кашы», — але і ўнутрана: разняволенасцю. Яны мулілі вочы партыйцам, гэбістам — і з імі ўрэшце расправіліся, зляпіўшы з іх «антысавецкую групоўку». Менскі раман пачынаецца раздзелам «Брадвей». Гэта частка праспекту ад Галоўпаштамта да кавярні «Бярозка». Каб «кінуць брэк па броду», прайсці па менскім «Брадвэі», трэба было займець такі ж, як у стылягаў, «прыкід». А дзе грошы ўзяць? Колькі я разгрузіў вагонаў з цэментам, перш чым нацягнуў дудачкі, надзеў кашулю з малпамі да папагумі, абуўся ў шузы на маннай кашы! І хоць я харкаў тым цэментам, але якая была праходачка па «Брадвеі» са стылягамі! А ў Купалаўскім скверы налятае на нас брыгадміл — брыгада садзейнічання міліцыі. Міліцыянты тады з палкамі гумовымі, як зараз, не хадзілі. А вось у брыгадмілаў такія палкі былі. Яны мала таго, што адбатожылі мяне, дык яшчэ павалілі — і давай нажніцамі мае дудачкі рэзаць! Порткі, на якія я зарабляў, цэмент грузячы! Вось калі я зразумеў, што ў Савецкім саюзе нешта не тое адбываецца (смяецца). «Аўтамат з газіроўкай...» — раман пра той, якога ўжо няма, Менск, пра ягоныя вулкі і вулачкі, пранізаныя сонцам дворыкі Нямігі, якая была яшчэ непарушанай, пра залаты пыл юнацтва. Зараз я адсылаю яго ў рэдакцыю часопіса «Дзеяслоў», у якім раман будзе друкавацца.
Вось успаміны Мураўёва. Чаму яны ў мяне? Я падумаў: надта ўжо адназначна трактуецца Мураўёў тымі беларускімі аўтарамі, якія пісалі пра паўстанне 1863 года. Вешальнік ды вешальнік... А ён жа дзяржаўны дзеяч. Цэнтральная фігура тых падзей. Персанаж не меншай (гістарычный) значнасці, чым Каліноўскі. І менавіта праз спробу падыйсці да яго з такімі меркамі я ў інтанацыі, як я цяпер бачу, стаў фальшывіць. Які да д’ябла дзяржаўны дзеяч! Праз якія дзяржаўныя інтарэсы можна жыўцом, як потым фашысты палілі ў Хатыні, паліць людзей? Кідаць жывымі немаўлятак у вапну! Пра гэта ў дзённіках Мураўёва ні слова, але ж гэта было! І ніякіх шкадаванняў, ніякага намёку на пакаянне. Наадворот: пералік усіх, нават самых дробязных выяваў царскай ласкі за здзейсненае ў «Северо-Западном крае». І так стаў мне гэты Мураўёў упоперак горла, што пакуль не пракаўтнуць.
Пра маё колішняе намеры стаць музыкам ведае Генадзь Бураўкін, які і падарыў мне гэтую саламяную скрыпку як напамін пра тое, што не ўсё ў нашым лёсе залежыць выключна ад нас. Маўляў, выбірай сяброў... Мы з ім даўно адзін аднаго выбралі.
Мікола афармляў адну з маіх кніг, аформіў абстрактна — і нешта мне тыя абстракцыі не глянуліся. Тады ён замест іх паставіў на вокладку мой фатаздымак. «Табе хочацца сабой любавацца? На, любуйся!» Ён якраз пісаў мой партрэт, дык так раззлаваўся з-за вокладкі, што загрунтаваў палатно і намаляваў на мне партрэт іншага чалавека. Ну, што паробіш… Прамінуў час... Незадоўга да сваёй трагічнай сустрэчы з Тырэнскім морам, якое навечна накрыла яго сваёй хваляй, Мікола піша карціны «Загнаны анёл» і «Падарожжа ў Афон». Дык вось гэтая карціна і ёсць «Падарожжа ў Афон» на карабельчыку «Ул. Някляеў». Вось так Мікола выйшаў з той даўняй крыўды. Жэст?.. Жэст — ды яшчэ які! Жэст сапраўднага мастака і сапраўднага сябра. На жаль, развітальны...
Чаму яблыня так называлася? Маці мая была верніцай. Сапраўднай. А бацька — камуністам, у яго адносіны з Богам былі прахалодныя. Таму матуля выходзіла ў сад, ставала пад гэтую яблыню і малілася. Яблыня захінала яе ад дажду, снегу, ветру — не захінала ад Бога. Таму яна і царква...
Капялюш для каўбоя Ася ПАПЛАЎСКАЯ, фота аўтара Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Някляеў распавёў, як марыў стаць стылягам і першы раз сутыкнуўся з міліцэйскай дубінкай, як у ягоны гонар назвалі карабель...
|
|