Пяты штогадовы фестываль "Вольнае паветра" закрыў летні сезон
28.08.2012 13:24
—
Новости Культуры
|
Пяты штогадовы фестываль "Вольнае паветра" закрыў летні сезон Дзе знаходзіцца хутар "Шаблі", цяпер, здаецца, ведае ледзь не кожны: ад фестывалю да фестывалю тут збіраецца ўсё больш людзей, а мерапрыемствы хутара - ужо даўно не проста свята для сяброў-прыяцеляў, а галоўныя музычныя падзеі краіны. І традыцыйна ўсё самае цікавае гэтым летам адбывалася менавіта ў Шаблях. Пяты штогадовы фестываль "Вольнае паветра" закрыў летні сезон максімальна вытанчаным і разнапланавым музычным дзействам.
Добра, калі хтосьці думае пра тое, каб табе было добра. Добра, калі нехта робіць нешта з любоўю: да людзей, да сваёй справы, да музыкі. Галоўнай асаблівасцю "Вольнага паветра - 2012" стаў яго фармат: безумоўна, арганізатары фестывалю, плануючы спіс музыкаў, паклапаціліся, каб усім гледачам было цікава. Цэласны па фармаце фестываль атрымаўся фестывалем палярнасцяў: хто хацеў, меў магчымасць паслухаць сур’ёзную этніку, тыя ж, у каго настрой быў менш задуменным, адпальвалі пад ударны раскаўбасны балкан. Дзве сцэны, больш за дзясятак гуртоў і дыджэяў, паўтары тысячы гледачоў. Забаўна, што музычныя перавагі гледачоў падзяліліся прыблізна пароўну, і, ня гледзячы на важкасць спісу музыкаў галоўнай сцэны, малая сцэна ні на секунду не страціла канкурэнтаздольнасці: тут танчылі і весяліліся 12 гадзін запар. Зрэшты, ля галоўнай сцэны таксама было шматлюдна. Адкрыў фестываль "дэструктыўны пажарны аркестр "Гаротнiца". Гэты якасны забіяцкі музычны балаган змяніў балаган больш "сталы", але не менш забіяцкі: Kriwi ў цяперашнім складзе гучаць максімальна пераканаўча і гарманічна. У гэты час на малой сцэне народ падагравалі беларускія DJ Magic і DJ Gips. А ў полі праходзіў чарговы адкрыты чэмпіянат па кіданні каровіных кізякоў. Забава сумненнага характару прыцягнула значна большую колькасць людзей, чым, скажам, заняткі ёгай, якія праходзілі на адной з палянак хутара: відавочна, што гэты від спорту (кіданне каровіных кізякоў) значна больш зразумелы і даступны сярэднестатыстычнаму беларусу. Якія цуды спрыту і кемлівасці выяўляліся тут! Кідальнікі “аладак” прыдумалі не проста кідаць іх, але згортваць у ядры і змешваць з камянямі, каб тыя ляцелі далей. Вынік такой вынаходлівасці - рэкорд турніру 54 метры. Далей самыя актыўныя выправіліся гарцаваць пад DJ Balkana, якога прынята лічыць "ідэальным дыджэем для пахаванняў і вяселляў!". Нескладана ўявіць чыстасардэчную зухаватасць яго сэта. Малая сцэна ў нейкі момант пачала паліць так, што была вымушаная ненадоўга замаўчаць. Падыходзіў час выступу этна-трыа "Троіца", і па просьбе яе лідара Івана Кірчука гук быў спачатку прыглушаны, а неўзабаве і зусім выключаны. Хтосьці абураўся на 40-хвілінны зрух у выступах дыджэяў малой сцэны, але выдатную музыку "Троіцы" сапраўды лепш слухаць без старонніх шумаў. Дарэчы, выступ трыа сабраў самую вялікую колькасць публікі пад вялікай сцэнай. Сумеснага выступу ўкраінскага калектыву "ДахаБраха" і мінскага трыа Port Mone ("Хмелева project") чакалі вельмі доўга. Іх выступленняў ужывую яшчэ ніхто ў Беларусі не бачыў, але чакалі адназначна. Унікальнасць кожнага гурта, памножаная адна на адну, магла даць толькі неверагодны вынік. Дзівосна прыгожая сумесная праграма! Вельмі эфектнае відовішча: паненкі ў чорных папахах, гэткіх жа чорных строгіх сукенках ці то незямнымі галасамі, ці то адным сваім вобразам нагадвалі хутчэй міфічных птушак, чым проста паненак; плаўная, нечувана загадкавая музыка ўпляталася ў туман, згушчалася ў нізінах паляны фестывалю - усё сведчыла пра незвычайнасць. Думаецца, ніхто б не здзівіўся, калі б з найбліжэйшых кустоў выйшлі і далучыліся да гледачоў звяры і казачныя істоты. Яшчэ больш туман пагусцеў да выступлення хэдлайнераў - нямецкага гурта Di Grine Kuzine. Яны, зрэшты, маглі б сысці за тых самых міфічных персанажаў. Магія і энергетыка іх выступу павінная была выклікаць дэмана, але добрага і неймаверна вясёлага: гурт з савецкім мінулым (усходні Берлін) і балкана-клезмерскай цяпершчынай тварыў проста цуды. І выклікала-такі! Але не дэмана, а велізарны карагод пад сцэнай і неймаверны раскаўбас, які, злучыўшыся з радасцю малой сцэны (дзе працавалі ў поце твару Baltic Balkan DJs з Літвы і наш чароўны DJ Papa BO), гаманіў і не сунімаўся да 4 гадзін раніцы. Дарэчы, замежныя музыкі былі ўражаныя тым, што на фестывалі, дзе не прадаецца алкаголь, пануе такі святочны і светлы настрой. Яны былі сапраўды ашаломленыя прыёмам і энергіяй месца, людзей, самога фестывалю. А ўсё таму, што было ўсё добра і з любоўю. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Галоўнай асаблівасцю "Вольнага паветра - 2012" стаў яго фармат: безумоўна, арганізатары фестывалю, плануючы спіс музыкаў, паклапаціліся, каб усім гледачам было... |
|