Камон энд дэнс: Зоркі з Палесся
12.10.2012 16:48
—
Новости Культуры
|
Камон энд дэнс: Зоркі з Палесся Забудзь пра "Бурановских бабушек". У палескай вёсцы Пагост, вядомай усяму свету дзякуючы CNN, вось ужо паўстагоддзя спявае свае песні этна-гурт "Міжрэчча". Акрамя таго, яны захоўваюць аўтэнтычныя абрады. А нядаўна гурт зладзіў паспяховае турнэ па Германіі, дзе на іх канцэртах галасілі дэпутаты Бундэстагу. На зваротным шляху мы перахапілі бабулек у Менску – пакуль яны даюць інтэрв’ю за проста так.
"Што ж вы нас так непрыгожа клічаце – “бабулі”? Мы дзяўчаткі, не старэе ж душа! Што мы, у апошняй стадыі ўжо?" – смяецца баба Каця. Фронтвумэн і заснавальніцы гурта "Міжрэчча" Кацярыне Аляксееўне Панчанцы – 71 год. Наймаладзейшай з "дзяўчатак" крыху больш за 30, найстарэйшай – 87. Агулам у гурце 12 жанчын і адзін гарманіст. У іх рэпертуары каля 200 народных песень і яшчэ добры тузін паганскіх абрадаў, пра якія мы хіба што ў падручніках чыталі. Калісьці з-за калядавання адну з будучых удзельніц "Міжрэчча" выгналі са школы. Крок ад апалы да славы расцягнуўся на паўстагоддзя – у 2004 годзе абрад "Юраўскі карагод" увайшоў у спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА як нематэрыяльная каштоўнасць. А ў 2010 годзе менавіта з-за аўтэнтыкі абрадаў палеская вёска Пагост заняла трэцюю пазіцыю ў спісе "топ-10 месцаў для святкавання Калядаў" паводле версіі CNN, абышоўшы Нью-Ёрк, Лондан і Сідней. Дарэчы, "міжрэчча" – гэта не пра Тыгр і Еўфрат, а пра Сцвігу і Прыпяць. Падрабязнасці біяграфіі гурта нам бадзёра распавядае баба Каця пасля выступу ў менскім Музеі гісторыі і культуры на фолк-фэсце "Замыканне зямлі". Месца камернае, чалавек на 30, сам выступ – скарочаны. Як патлумачылі арганізатары, палескія зоркі стаміліся падчас нямецкага турнэ. Аднак з саміх бабак энергія так і б’е – баба Маня, 85 гадоў, пасля канцэрта працягвае таньчыць – дай божа першакурсніцам ін’язу. А па бабе Каці ніколі не скажаш, што яна перанесла два інсульты. "Глядзіце на мяне, не ў камеру!" – просіць бабу Кацю журналістка. "Я ў дзірку не хочу глядзець! Гэй, а ты куды лезеш пад спадніцу?!" – перасцерагае бабка відэааператара, які спрабуе прымацаваць ёй мікрафон дзесьці ззаду. Мікрафоны для гурта – рэч нязвыклая, выступаюць яны звычайна без іх. Фанаграму не выкарыстоўваюць таксама, чым выгодна адрозніваюцца ад бліжэйшых канкурэнтак. "Бурановские бабушки" – папса. Іх сапсавалі. Нашто пад фанаграму спяваць, калі ёсць жывы голас? Нашто англійская мова, калі ёсць свая?" – узрушана кажа баба Каця. Высвятляецца, што "Міжрэчча" лёгка паехала б на "Еўрабачанне", а пакуль туды не клічуць – будзе ездзіць у Берлін. Ініцыятарам трыпу ў Германію стаў фатограф Андрэй Лянкевіч, які даўно працуе з палескімі зоркамі. А арганізавалі ўсё беларуска Алеся Белановіч і вядомы аматар беларушчыны немец Інго Пэц. Дагэтуль бабулі за мяжой не былі і доўга не верылі свайму шчасцю. Калі стала зразумела, што гэта не жарт – плакалі ад радасці. Аўтэнтычных беларусак сустракаў дэпутат Бундэстагу – усіх абшукалі напярэдадні сустрэчы і ў бойкай бабы Каці забралі ножычак. Дэпутат доўга пытаў пра Лукашэнку, а потым пакляўся, што асабіста прыедзе да Кацярыны Аляксееўны, каб паглядзець на беларускі народ. Яна абяцала чакаць. Канцэрты адбыліся ў Берліне і Дрэздэне. Выступ у царкве Святой Лізаветы ў Берліне мусіў доўжыцца паўтары гадзіны, але гурт не адпускалі са сцэны ўсе дзве. У зале было чалавек 300. Жанчын цалавалі і абдымалі, іншыя гледачы нават плакалі, немцы буркалі "гут" ды цалавалі рукі. "А за вайну я не крыўдую. Сын за бацьку не адказвае, як і бацька за сына. Вайна такая: не заб'еш яго ты, ён заб'е цябе. Што цяпер дзецям злаваць? Давайце жыць дружна", – ставіць тлустую кропку баба Каця, народжаная ў 1941 годзе. "Міжрэчча" чакаюць у Германіі яшчэ раз – цяпер канцэрт будзе ўжо на 2000 гледачоў. На радзіме кар’ерны рост бабак выклікае больш пытанняў. Гурт замацаваны за мясцовым Домам культуры, палова канцэртаў – бясплатная, а грошы за платныя здаюцца ў ДК. Афіцыйна гуртом кіруе нявестка бабы Каці. Дадатковую інфу, кшталту памеру ганарараў, вызначыць складана – з тэмы грошай баба Каця саслізвае "на выдатна". Хаця наўрад ці ганарары дазваляюць адмовіцца ад хатняй гаспадаркі, нягледзячы на тое, што "Міжрэчча" дае 48 канцэртаў на год. Гэта амаль канцэрт на тыдзень – бабулі шмат гастралююць па Беларусі і перыядычна займаюць першыя месцы ў конкурсах, пра якія ніколі не напіша часопіс "КГ". Гэтак было не заўсёды. Баба Каця працуе ў Доме культуры Пагоста з 1980 года – была і мастацкім кіраўніком, і загадчыцай, і вартаўніцай. Ёсць свая спецыфіка ў вясковых культурніцкіх установах: "Было, што і білі – гэта ж вёска, п'юць, весяляцца. А клуб гнецца – па чатыры сотні душ ціснецца", – успамінае Кацярына. Аднак залатая эпоха Дома культуры прайшла – цяпер у вёсцы засталося ўсяго 250 жыхароў. Моладзь да гурта далучаецца, аднак часам, паводле бабы Каці, "хутка співаецца і сыходзіць". Баба Каця любіць прамаўляць простыя жыццёвыя ісціны, і ім хочацца даваць веры, гэтым словам, не сапсаваным загонамі экзістэнцыялістаў. "Хіба шчасце ў рукі возьмеш? Сама я яго не бачыла. Бог забраў і братоў, і бацьку, і маці, і гаспадара, і сыночкаў пяцёх. Шчасце – калі дзеткі жывыя. Шчасце – калі з жонкаю жывеш добра ў пары. Вось іду па Германіі, бачу – старыя людзі, сівенькія. Ідуць за рукі, гавораць – і пацалуе дзед бабу. Што гэта, каханне? Не, гэта шчасце". Лайфхакі ад бабы Каці Як выклікаць дождж – Бяром з дзевяці калодзезяў ваду і ў дзевяць калодзезяў сыплем асвячоны мак. На ваду малітву молім, а потым стары лье на малога, малы на старога. Хто каго сустрэў па сялу – той таго аблівае. Такая гулянка, такі абрад. На трэці дзень пойдзе дождж. Як адвесці бяду ад вёскі – Усе жанчыны збіраюцца ў адной хаце на захадзе сонца. Да ўсходу трэба напрасці нітак і выткаць ручнік, 3–4 метры даўжынёй. Мужчынам да ўсходу трэба валамі абараць сяло кругом. І сяло будзе захаванае ад бяды. Як забяспечыць добры ўраджай (Юраўскі карагод) – Шостага мая, на Юр’я, жыхары вёскі выходзяць у поле вадзіць карагод, спяваць ды прасіць аб добрым ураджаі. Потым трэба абысці з песнямі ўсю вёску. І пшаніца сапраўды паўстае калоссем – хоць і топчуць яе карагодам, хоць і фотакарэспандэнты на яе кладуцца штабялямі, як у вайну. Не хадзіць, дзе заяц дарогу перабег – Як заяц дарогу перабяжыць – век не хадзі туды. Вяртайся ды на другі дзень пойдзеш. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Забудзь пра "Бурановских бабушек". У палескай вёсцы Пагост, вядомай усяму свету дзякуючы CNN, вось ужо паўстагоддзя спявае свае песні этна-гурт "Міжрэчча". Акрамя...
|
|