Рукапісы не гараць. Юльян Пшыркоў
31.10.2012 09:02
—
Новости Культуры
|
Рукапісы не гараць. Юльян Пшыркоў 31 кастрычніка 2012 года спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння выдатнага беларускага літаратуразнаўцы, крытыка, заслужанага дзеяча навукі, доктара філалагічных навук, прафесара, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа Юльяна Сяргеевіча Пшыркова (1912 – 1980).
Нарадзіўся будучы вучоны ў вёсцы Кісцяні Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1924 годзе скончыў мясцовую пачатковую школу, якая існавала з даўніх часоў. На выпускных экзаменах прысутнічаў будучы народны пісьменнік Беларусі Міхась Лынькоў. Ён прапанаваў найбольш здольным вучням, сярод якіх быў і Юльян Пшыркоў, прадоўжыць вучобу і даў ім добрую рэкамендацыю пры залічэнні ў сямігадовую школу ў Свержані, дзе ў той час сам працаваў настаўнікам. Пасля закрыцця ў 1925 годзе Свержанскай школы Ю.Пшыркоў атрымліваў веды ў Рагачоўскай сямігодцы, якую скончыў у 1928 годзе. У сваіх успамінах адзначаў, што яму вельмі шанцавала на настаўнікаў, якія заклалі трывалы фундамент ведаў, намагаліся развіваць у дзяцей здольнасці да самастойнага мыслення.
Па заканчэнні школы Ю.Пшыркоў, як і большасць яго аднакласнікаў, падаў дакументы ў Магілёўскі каморніцкі тэхнікум, бо прафесія каморніка – спецыяліста па землеўпарадкаванні – была вельмі прэстыжнай для сельскай месцовасці. Але, нягледзячы на паспяхова здадзеные экзамены, ён так і не быў залічаны ў гэтую навучальную ўстанову – у той час перавагу пры паступленні атрымлівалі дзеці беднякоў ды рабочых, а бацька Ю.Пшыркова лічыўся серадняком. У 1929 годзе юнак не без ахвоты паступіў на двухгадовыя настаўніцкія курсы ў г. Рагачове. З-за вострай патрэбы ў вясковых настаўніках праграма навучання была скарочана і ўжо праз год Ю.Пшыркоў атрымаў пасведчанне педагога, працаваў у Клічаўскім і Буда-Кашалёўскім раёнах.
Далейшая адукацыя Ю.Пшыркова была звязана з Ленінградскім інстытутам філасофіі, літаратуры і гісторыі (пазней быў рэарганізаваны ў філалагічны факультэт Ленінградскага ўніверсітэта), куды ён паступіў ў 1934 годзе. Вучоба ў вядомым універсітэце мела для будучага навукоўца надзвычай важнае значэнне. Тут чыталі лекцыі такія знакамітыя вучоныя, як С.Абнорскі, А.Арлоў, М.Піксанаў, Г.Гукоўскі, П.Беркаў, І.Яромін, В.Шышмароў, Л.Шчэрба, В.Жырмунскі, Я.Тарле і інш. Падчас вучобы вызначылася адна з асноўных тэм будучай даследчай працы Ю.Пшыркова – творчасць Якуба Коласа. Гэтай тэме была прысвечана і дыпломная работа Ю.Пшыркова. “Асабліва мяне захапіла “Новая зямля”, – успамінаў вучоны. – “Адно толькі выклікала непаразуменне, чаму крытыка зводзіць на нішто гэты выдатнейшы твор мастацтва. Рашыў даведацца пра думку самога Якуба Коласа і напісаў яму ліст, у якім падрабязна выклаў сваё разуменне ідэі паэмы. Неўзабаве народны паэт прыслаў адказ. “Дваццаць год, – пісаў ён, – мяне бэсціць і лае крытыка, і я не ведаю за што, бо ў паэме сказана зусім не тое, што яна там знаходзіць. Вы першы, хто правільна ацаніў паэму. Жадаю ўдачы”. Пазней, у 1940 годзе, раздзел дыпломнай працы, прысвечаны “Новай зямлі”, быў апублікаваны ў часопісе “Полымя рэвалюцыі”. Выступленне на старонках гэтага часопіса, як лічыў Ю.Пшыркоў, паклала пачатак яго дзейнасці як крытыка і літаратуразнаўцы.
У 1939 годзе па заканчэнні ўніверсітэта з адзнакай “выдатна” Ю.Пшыркоў вярнуўся на радзіму, уладкаваўся ў Магілёўскі педінстытут. Паралельна з выкладчыцкай працай, рыхтуючыся для далейшай навуковай работы, здаў экзамены па кандыдацкім мінімуме.
У лістападзе 1940 года малады выкладчык быў прызваны на вайсковую службу, якая расцягнулася і на доўгія гады Вялікай Айчыннай вайны. Ён удзельнічаў у абароне Ленінграда, штурмаваў Кёнігсберг, быў тройчы паранены. У сваёй аўтабіяграфіі вучоны адзначаў: “… Вялікая Айчынная вайна з’явілася другой вышэйшай школай, у якой я прайшоў непаўторны па сваёй важнасці курс грамадзянскага і патрыятычнага выхавання”.
Пасля дэмабілізацыі з дапамогай Я.Коласа і М.Лынькова, якія яшчэ ў студэнце Пшыркове разгледзілі будучага навукоўца, здольнага сказаць сваё слова ў беларускім літаратуразнаўстве, Ю.Пшыркоў быў прыняты ў Інстытут літаратуры АН БССР на пасаду навуковага супрацоўніка, а з 1954 года бяззменна, звыш чвэрці стагоддзя кіраваў сектарам дакастрычніцкай літаратуры і тэксталогіі.
На працягу ўсёй сваёй науковай і творчай дзейнасці Ю.Пшыркоў займаўся вывучэннем і выданнем спадчыны народнага песняра Беларусі Якуба Коласа. Кандыдацкая дысертацыя, якую вучоны абараніў у 1947 годзе, была прысвечана паэмам Я.Коласа “Новая зямля” і “Сымон-музыка”. У 1951 годзе выйшла ў свет яго першая ў беларускім коласазнаўстве манаграфія “Якуб Колас. Жыццё і творчасць”, у 1956 – праца “Трылогія Якуба Коласа “На ростанях”, у 1975 – “Эпас рэвалюцыі”, а ў 1982 – “Летапісец свайго народа. Жыццёвы і творчы шлях Якуба Коласа” (выдадзена пасмяротна).
У канцы 1950-х гадоў Ю.Пшыркоў грунтоўна і аб’ектыўна даследаваў літаратурнае жыццё Беларусі 1920-х – 1930-х гг., станаўленне і развіццё беларускай мастацкай прозы. Яшчэ ў 1959 годзе вучоным была напісана праца, прысвечаная гэтай тэме. Яна рыхтававалася як доктарская дысертацыя, але яе абарона была затрымана з-за сур’ёзных перашкод з боку недобрасумленных людзей і адбылася толькі ў 1962 годзе, ужо пасля таго, як у 1960 годзе была надрукавана асобнай манаграфіяй.
Аб разнастайнасці творчых інтарэсаў вучонага сведчаць такія яго працы, як “Уплыў творчасці А.С.Пушкіна на развіццё беларускай літаратуры” (1949), “Тарас Шаўчэнка і беларуская літаратура” (1951), “А.Е.Богданович” (1966) і інш. Адначасова вучоны даследаваў творчасць Я.Брыля, В.Быкава, У.Дубоўкі, А.Макаёнка, М.Танка, К.Крапівы і інш., карпатліва, па крупінках, збіраў матэрыялы аб творчай спадчыне беларускіх пісьменнікаў.
Працы Ю.Пшыркова, прысвечаныя творчасці таго ці іншага пісьменніка, заўсёды вылучаліся аб’ектыўным, глыбока прафесійным літаратуразнаўчым аналізам у спалучэнні з жывой манерай падачы матэрыяла. У асобе Ю.Пшыркова арганічна ўжываліся навуковец і пісьменнік. Невыпадкова, яшчэ ў 1950 годзе ён быў прыняты ў члены Саюза пісьменнікаў.
Ю.С.Пшыркоў – адзін з аўтараў кнігі “Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры” (1956), грунтоўнага даследавання “Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры” (1977), за якую ён у канцы 1980 года атрымаў званне лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа (пасмяротна).
Вучоны-даследчык унёс вялікі ўклад у беларускую тэксталогію. Пад яго кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле рыхтаваліся і выдаваліся зборы твораў Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, К.Чорнага, В.Дуніна-Марцінкевіча.
Самаадданая, плённая навуковая праца Ю.Пшыркова была высока адзначана ўрадам рэспублікі – у 1978 годзе яму было нададзена званне заслужанага дзеяча навукі.
Працу вучонага Ю.Пшыркоў арганічна спалучаў з педагагічнай: выкладаў ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (1945–1957), Мінскім педінстытуце (1966 – 1968), пісаў падручнікі па беларускай літаратуры для сярэдняй школы, студэнтаў вну, рыхтаваў высокаадукаваных, рознабакова развітых навукоўцаў, настаўнікаў, літаратараў.
Сярод узнагарод даследчыка – ордэны Айчыннай вайны II ступені, “Знак Пашаны”, медалі. Ю.С.Пшыркоў пайшоў з жыцця 23 снежня 1980 года.
Асабісты архіў вучонага захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Матэрыял падрыхтавалі Т.Жук i М.Ліс - навуковыя супрацоўнікі аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
31 кастрычніка 2012 года спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння выдатнага беларускага літаратуразнаўцы, крытыка, заслужанага дзеяча навукі, доктара філалагічных навук,...
|
|