Палотны як люстэркі часу
12.03.2013
—
Новости Культуры
|
У Нясвіжы адкрылася новая экспазіцыя Кватэры-музея мастака Міхаіла Сеўрука. Насельнікі гэтага старадаўняга горада лічаць яго мастаком нясвіжскім. Менавіта тут на працягу 40 гадоў майстар жывапісу і графікі чэрпаў натхненне і знаходзіў герояў сваіх твораў. Магчыма, з-за жыцця ў пэўнай аддаленасці ад сталіцы творчасць Міхаіла Сеўрука менш знакамітая, чым яна таго заслугоўвае. Таму энтузіясты і прыхільнікі яго таленту аб’ядналі свае намаганні, каб гэту сітуацыю выправіць. Адкрыццё новай экспазіцыі кватэры-музея — гэта даніна памяці майстру, які пакінуў свой адметны след у мастацтве. На ўрачыстасці з гэтай нагоды ў Нясвіж прыехалі шматлікія госці: прадстаўнікі Міністэрства культуры Беларусі і ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама, сябры, калегі і вучні Міхаіла Канстанцінавіча, прыхільнікі яго таленту, людзі, якія ўмеюць цаніць высокае мастацтва. Персанальная калекцыя мастака ў Нясвіжскім краязнаўчым музеі (яго падраздзяленнем і з’яўляецца кватэра-музей) зараз складае 1118 адзінак. Гэта не толькі карціны, але і накіды, эскізы, малюнкі, эстампы, а таксама кнігі і асабістыя рэчы. У час адкрыцця экспазіцыі быў прэзентаваны альбом «Міхаіл Сяўрук. Жывапіс. Графіка», куды ўвайшлі работы, што захоўваюцца ў фондах музея і часткова прадстаўлены ў новай экспазіцыі. Мастак нарадзіўся ў 1905 годзе ў Варшаве, адукацыю атрымаў у Віленскім універсітэце, дзе скончыў факультэт выяўленчага мастацтва і музыкі. Пасля Другой сусветнай вайны ён жыў і працаваў у Нясвіжы, быў членам Саюза мастакоў БССР. У час росквіту графікі шмат працаваў у гэтым жанры. У сваіх лепшых работах аўтар з любоўю і павагай паказвае чалавека працы. Зачараваны прыгажосцю Нясвіжчыны, Сяўрук стварыў серыю гравюр з выявамі архітэктурных помнікаў — Фарнага касцёла, Слуцкай брамы, гарадской ратушы, палаца Радзівілаў і іншых. Разам з тым мастак актыўна працаваў над афармленнем часопісаў і кніг, што выдаваліся на беларускай мове. У ліку лепшых работ — вокладкі да кніг Максіма Танка і Рыгора Шырмы. Тут жа, у Нясвіжы, былі напісаны і таленавітыя жывапісныя палотны. Спецыялісты сцвярджаюць, што яго партрэтам уласцівыя глыбокі псіхалагізм і праўдзівасць у перадачы чалавечых характараў. На пейзажных палотнах — прыгажосць старадаўняга парку, іншыя мілыя сэрцу куткі роднай прыроды. У Міхаіла Сеўрука шмат вучняў, яго паслядоўнікі і прыхільнікі зараз робяць шмат, каб захаваць і папулярызаваць спадчыну майстра. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Нясвіжы — новая экспазіцыя Кватэры-музея Міхаіла Сеўрука
|
|