Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мечыслаў МОРХАТ: «Землякі такога гонару заслугоўваюць»
20.03.2013
—
Новости Культуры
|
ШАРКОЎШЧЫНСКІ раён «славіцца» сваімі гліністымі землямі. Тут ці не ў кожнай гаспадарцы можна вырабляць цэглу. І нездарма ў савецкія часы ў гарадскім пасёлку быў магутны цагельны завод. Затое хлебаробам даводзіцца працаваць, па сутнасці, у экстрэмальных умовах: пасля дажджоў на поле не ўз’ехаць, а ў засуху — «не закласці» плуг. Падкормку азімых вясной да нядаўніх часоў, пакуль не з’явіўся ўсюдыход «Раса», вяла тут авіяцыя.
За ўсім гэтым — падтрымка дзяржавы і напружаная плённая праца людзей. І менавіта да людзей мясцовая ўлада праяўляе асаблівы клопат. У мінулым годзе па ініцыятыве былога старшыні райвыканкама, а цяпер дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Мечыслава Морхата праведзены святы амаль у кожным аграгарадку, на якіх усе лепшыя працаўнікі і ветэраны былі прылюдна ўшанованы. Адбыўся і раённы слёт перадавікоў. Дарэчы, увесь мінулы год раён падыходзіў да таго, каб урачыста правесці цырымонію на званне «Чалавек года Шаркоўшчыны». Гэта была заветная мара Мечыслава Морхата і яго, можно сказаць, святы абавязак перад сваімі землякамі. Яна, гэтая мара, добра лягла ў кантэкст даручэння старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Косінца — у кожным раёне падрыхтаваць, як мае быць, і правесці такія мерапрыемствы. І вось спрацаваў закладзены ў 2012 годзе трывалы падмурак. Па розных аб’ектыўных прычынах прэм’ера адметнай падзеі для Шаркоўшчынскага раёна і Віцебшчыны адбылася толькі ў мінулую пятніцу. У раённым Доме культуры ўпершыню ў гісторыі раёна названы «Чалавек года Шаркоўшчыны». Ганаровага звання ўдастоены людзі з самых розных сфер жыцця: педагог Ларыса Гараніна, прадавец Алена Матрунёнак, медыцынская сястра Вера Сіняўская, работнік культуры Вера Шуман, бізнесмен Вячаслаў Кожан і іншыя. Усяго — 15 чалавек. Трэцяя частка з іх — працаўнікі вёскі. Гэта трактарысты-машыністы Анатоль Ермаловіч з КУВСП «Гарадзец», Дзмітрый Качан з КУВСП імя Маркава, Пётр Чарняўскі і Дзмітрый Ліпскі з ААТ «Даватарскі» і аператар машыннага даення з гэтай жа гаспадаркі Ніна Лубянцова. У кожнага — свая адметная біяграфія, звязаная з зямлёй і роднай вёскай. Дзмітрый Качан пераняў эстафету механізатара ад бацькі. Вярнуўся ў родную гаспадарку пасля арміі сем год таму назад. Шчыраваў і на трактары, і на камбайне. Летась намалаціў 1300 тон зерня і заняў другое месца ў раёне сярод маладзёжных экіпажаў. Жыве ў аграгарадку, гадуе сына. Дзмітрый Ліпскі таксама малады механізатар. Выдатна ведае сельскагаспадарчую тэхніку, паспяхова спраўляецца з яе рамонтам. Заняў першае месца па ворыве на рэспубліканскіх спаборніцтвах. Ніна Лубянцова па маладосці выехала было ў Латвію. Працавала там медсястрой у бальніцы. Але праз які час вярнулася ў родныя мясціны, Валожынкі, дзе нарадзілася, і вось ужо два дзясяткі год нясе вахту аператара машыннага даення на мясцовай ферме. Летась надаіла ад кожнай каровы па 6318 літраў малака. Па яе прыкладу прыйшлі на ферму і маладыя работніцы з яе ж вёскі — Таццяна Савуць і Наташа Елубаева. Ніна мае і сваю вялікую падсобную гаспадарку: дзвюх кароў, свіней, курэй, трусоў. Пра кожнага з лаўрэатаў, пакуль той падымаўся на сцэну, гучаў невялічкі расказ. Уручаў узнагароды — спецыяльны значок, Дыплом і грашовую прэмію — старшыня райвыканкама Мікалай Баговіч. — Вы — сапраўдныя героі года! — падкрэсліў ён у сваім выступленні. — Кожны ўкладваў у работу душу, самаадданасць, праяўляў ініцыятыву. Сёлета 510-годдзе Шаркоўшчыны, і вы сваімі дасягненнямі зрабілі ёй выдатны падарунак. Член Савета Рэспублікі Мікалай Мартынаў падараваў кожнаму лаўрэату адмысловы наручны гадзіннік з сімвалічнай назвай «Брава». У гэты ж дзень на гэтай жа сцэне былі названы лепшыя сярод школьнікаў — «Вучань года». Такога ганаровага звання ўдастоены Святаслаў Пракаповіч, Елізавета Сакова, Ірына Буйко, Ігар Барсук, Андрэй Стральчонак і іншыя. Хто ведае, пройдзе колькі год, і мо зноў прагучаць гэтыя прозвішчы, толькі ўжо ў намінацыі «Чалавек года Шаркоўшчыны»! Удзельнікаў урачыстасці, а справа была якраз напярэдадні Масленіцы, частавалі блінамі. Быў дадзены вялікі канцэрт мастацкай самадзейнасці. Запомніліся словы гімна Шаркоўшчыны на верш мясцовага паэта Міледзія Кукуця: Не стамлюся я любіць Гэтыя мясціны, Дзе Дзісёнка ўдаль бяжыць, Дзе народ гасцінны! Тут працуюць і песні пяюць, Павялося здаўна, так і будзе, Услаўляючы край і зямлю, Працавітыя, шчырыя людзі! Уладзімір САУЛІЧ, «БН» Фота аўтара Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
ШАРКОЎШЧЫНСКІ раён «славіцца» сваімі гліністымі землямі. Тут ці не ў кожнай гаспадарцы можна вырабляць цэглу. І нездарма ў савецкія часы ў гарадскім пасёлку быў... |
|