Паэт, які дыктуе вершы
06.04.2013
—
Новости Культуры
|
Партрэт паэта, выкананы мастаком Алесем Цыркуновым. Напрыканцы сакавіка выйшла кніга “Падаючыя зоркі”. Гэта зборнік вершаў Зыдора Вайнілкі — паэта, чалавека з абмежаванымі магчымасцямі. Ініцыятарам выхаду кнігі стаў краязнаўца з вёскі Камарова Іван Драўніцкі.Ён расказаў, што Зыдор нарадзіўся ў ліпені 1952 года ў вёсцы Куркулі Мядзельскага раёна. У шасцімесячным узросце цяжка захварэў, стаў інвалідам з дзяцінства. Самастойна навучыўся пісаць, маляваць, далучыўся да паэзіі. — З нашай Куцькаўскай школы мы яму да Новага года выдзялялі падарункі ад Дзеда Мароза — цукеркі, — узгадвае Іван Драўніцкі. — У 1979 годзе ад яго прыйшла запіска: “Прашу больш падарункаў мне не прысылайце, бо ўжо старэю, мне 27 год”. Цукеркі замянілі кніжкамі. Пасля таго, як памёр бацька, аслабла мачаха, Зыдор жыве па дамах-інтэрнатах для для састарэлых і інвалідаў. Немалы час пражываў у адпаведнай установе ў Маладзечне. Там радаваў людзей сваім вершамі. За творы на конкурсе паэзіі ў намінацыі “За духоўнае адраджэнне”, які быў прымеркаваны да Дня незалежнасці, прысудзілі першае месца. Зараз Зыдор жыве ў Лагойскім доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў. І калі раней мог сесці ў інвалідную каляску і сам сябе абслужыць, то зараз цалкам залежыць ад іншых. Нават вершы даводзіцца дыктаваць. — Уражвае душэўная шчырасць і дабрыня гэтага чалавека, — кажа Іван Драўніцкі. — Ён знаходзіцца ў незайздросным становішчы, але не наракае на свой лёс, а іншым людзям жадае міру і дабра. У зборніку пераважна рускамоўныя вершы, але ёсць і на беларускай. Піша Зыдор на розныя тэмы: пра шлях да Бога, прыроду, сяброў, родны край: Мая хата пустая стаіць без вакон – Да яе я ўжо не вярнуся, Толькі блізкім суседзям свой нізкі паклон Перадаць хоць у вершах імкнуся. Зборнік выдалі метадам самвыдату. Іван Драўніцкі далучыў да выдання шмат людзей. Жыхарка Маладзечна Таццяна Шкода збірала рукапісы паэта, запісвала вершы Рэгіна Матукевіч. Мастак Алесь Цыркуноў намаляваў ілюстрацыю да вокладкі і партрэт мастака, дапамагалі яшчэ настаўніцы Камароўскай школы Вольга Гуйская і Алена Дунец, вучні Лізавета Марчанка, Алеся Дрозд, Віялета Мядзельская. Стараліся над выданнем Зміцер Лупач і Юрый Калбасіч з Глыбокага, Міхал Гіль з Паставаў. Фінансавую дапамогу аказалі старшыні ААТ “Свір-Агра” Генадзь Юхно і Свірскага пасялковага выканкама Віктар Субач. Агульнымі намаганнямі і пабачыў свет зборнік, тыраж якога 50 экземпляраў. Алесь ВЫСОЦКІ.
Зыдор Вайнілка “Развітанне” Вельмі рад, што мой голас пачуты, Што да сэрца людскіх ён дайшоў, Гэты дом для мяне быў замкнуты, А цяпер у ім многа сяброў.
Гэты горад, што даў мне прытулак, Для мяне стаў такім дарагім, Быццам родным стаў кожны завулак, Нібы я і радзіўся ў ім.
Тут знайшоў я прызнанне паэта, Шмат пазнаў я цудоўных людзей, Ад іх клопатаў сэрца сагрэта, Ад іх ласкі бывае лягчэй.
Сказаць мала ім “Шчырае дзякуй”, Мала шчасця ўсім пажадаць, Каб ніхто з іх ад гора не плакаў, Я свой талент гатовы аддаць. Маладзечна, 08.01.2008. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Напрыканцы сакавіка выйшла кніга “Падаючыя зоркі”. Гэта зборнік вершаў Зыдора Вайнілкі — паэта, чалавека з абмежаванымі магчымасцямі. Ініцыятарам выхаду кнігі...
|
|