“Пацан с Автаза” Віктар Марціновіч прэзентаваў элітарна-папсовы раман. 21.by

“Пацан с Автаза” Віктар Марціновіч прэзентаваў элітарна-папсовы раман

13.06.2013 13:18 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Журналіст і пісьменнік Віктар Марціновіч 12 чэрвеня так бы мовіць афіцыйна прэзентаваў новы раман “Сфагнум”, які выйшаў амаль адначасова ў дзвюх версіях і на дзвюх мовах. У электронным варыянце і на рускай мове раман ужо трэці тыдзень можна спампаваць на старонцы выдавецтва “Пяршак” на сайце часопіса 34mag.net. Тыя, хто хоча спрычыніцца да беларускамоўнага варыянту раману, могуць набыць папяровую кніжку.




Самыя зацятыя аматары творчасці Віктара Марціновіча ўжо паспелі прачытаць і параўнаць абедзьве версіі “Сфагнума” — сярод прысутных у залі мінскага Інстытута Гётэ, дзе ладзілася прэзентацыя, такіх было шмат. Яны задалі істотныя пытанні аўтару і паклалі на лапаткі перакладчыка Віталя Рыжкова.

Прэзентацыя адбывалася ў рэжыме, да якога мінская публіка, якая наведвае літаратурныя імпрэзы, прызвычаілася. Сюрпрызаў і нечаканак не было, але дзякуючы Віктару, які час ад часу пераўвасабляўся ў “пацана с Автаза”, атмасфера атрымалася такой, што сыходзіць не хацелася.


Трансміфічны рэалізм Віктара Марціновіча

Адкрываў прэзентацыю першы намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч. Ён доўга дзякаваў усім: саюзу, у кніжнай серыі якога “Кнігарня пісьменніка” выйшаў папяровы “Сфагнум”, праекту “Пяршак”, дзе пабачыў свет рускамоўны варыянт, і, канечне, маладому сябру СБП Віктару Марціновічу.

“На жаль, у рамане Віктара няма станоўчых герояў, акрамя самога Віктара. Станоўчыя героі пад імхом, у нашай рэчаіснасці беларускай — у балоце”, — заўважыў Пашкевіч.




Рэдактар “Пяршака” Антон Кашлікаў адзначыў, што не спраўдзілася меркаванне, быццам электронная версія кнігі забівае папяровы варыянт, які ўжо ніхто не купіць. Доказам таму тое, што за тры майскія дні кніга “Сфагнум” пабіла ўсе рэкорды па продажы ў “Белкнізе”. Такім чынам на практыцы даказана, што электронны і папяровы варыянты кнігі могуць гарманічна суіснаваць. Чаго і дамагаўся аўтар раману.

Антон Кашлікаў


Крытык Андрэй Расінскі растлумачыў прысутным жанравую прыналежнасць новага рамана Марціновіча і абяцаў не гаварыць пра кінематаграфічнасць твора, “які так і просіцца на экран”.

“Мы з’яўляемся сведкамі з’яўлення новага жанра. У Лацінскай Амерыцы ёсць эстэтыка — магічны рэалізм. У папярэдніх кнігах Віктара ёсць элементы гэтага магічнага рэалізму. Але ў нашым выпадку я б назваў гэта транслагічным альбо трансміфічным рэалізмам. Калі ў Лацінскай Амерыцы буйства прыроды, то ў нас гэта балота і сфагнум. Калі ў Амерыцы экстраверсія, то беларусы інтраверныя — яны сядзяць у сваіх студнях і глядзяць у неба. Кожны сядзіць у сваёй хаце са сваімі асабістымі і калектыўнымі забабонамі”.

Што да самога Віктара, то ён лічыць, што піша ў рэчышчы пострэалізму.


Віталь Рыжкоў у перакладзе праславіў сваю бабулю

Мадэратар сустрэчы Усевалад Сцебурака распавядаў пра кнігу цікавыя факты. Прысутныя даведаліся, што адным з самых складаных для перакладчыка кнігі Віталя Рыжкова словаў было “беспредел”.

“У суполцы by-mova разгарнулася цэлая дыскусія на гэту тэму. Было прапанавана больш за трыццаць варыянтаў перакладу гэтага слова. Адным з лепшым варыянтаў было прызнанае слова Сяргея Шупы — “безмяжак”, але па пэўных прычынах гэтае слова не было скарыстанае перакладчыкам”.

Сам Віталь Рыжкоў прызнаўся, што ягонай асноўнай задачай было, каб “чытач не даведаўся, што Віктар напісаў раман не па-беларуску. Што тычыцца абсэнтнай лексікі, то яна засталася, але я пакідаў прыблізна палову, у тых выпадках, дзе лічыў яе ўжыванне мэтазгодным. Частку я замяняў сінонімамі. Але кнігу трэба было выдаваць, прадаваць у кнігарнях...”.

Віктар Марціновіч


Пытанне якасці перакладу “Сфагнума” паэтам Рыжковым хвалявала шмат каго з прысутных у залі. Жанчына, якая назвалася Ізольдай і запэўніла, што прадстаўляе саму сябе, спыталася, чаму ў беларускамоўнай версіі раману “канкрэтныя пацаны” прылізаныя, іх мова падчышчаная і не такая каларытная, як выпісаў Марціновіч.

Віталь Рыжкоў сказаў, што частка мацюкоў была прыбраная з ягонай ініцыятывы, а яшчэ чвэрць — па распараджэнні рэдакцыі, у якой выходзіла кніга.

“Атрымліваецца, што вы проста напісалі ўласную версію рамана. Гэта не пераклад. Беларускай літаратуры не хапае смеласці, мы ўвесь час банцікі навязваем”, — канстатавала спадарыня Ізольда.

Віктар Марціновіч аджартаваўся: “Затое атрымаўся раман, які можна смела ўключаць у школьную праграму!”.

Віктар Марціновіч


Прагучала яшчэ адно цікавае пытанне — чаму баба Люба, якая ў Віктара гаворыць на трасянцы, так, як і размаўляюць насамрэч жыхары Глускага раёну, дзе адбываецца дзеянне раману, у перакладзе Віталя Рыжкова атрымалася настаўніцай беларускай мовы, якая гаворыць на чысцюткай беларускай мове. Аргумент Віталя здзівіў: “Мая бабуля, якая жыла на Магілёўшчыне, так размаўляла”. Пасля такога адказа шмат для каго пытанне пра вартасць Рыжкова як перакладчыка знікла.


Віктар Марціновіч заклікаў забыцца на падзелы

Аўтар вырашыў не распавядаць пра кнігу, пра якую ўжо вельмі шмат напісана і сказана. Ён звярнуўся да прысутных з тым, што яму сапраўды баліць:

Віктар Марціновіч


“Тое, што адбываецца тут — гэта цуд. Я бачу колькасць людзей, дастатковай для накладу адной папяровай кніжкі. Я хачу вас заклікаць, сябры, забыцца пра падзелы на рускамоўных і беларускамоўных, на падзелы па саюзах. Забыцца пра гэта і памятаць, што ў нас ёсць чытач, якога мы можам страціць, якога мы ўжо дэ-факта страцілі. Трэба, каб і пісьменнікі, і крытыкі, і супрацоўнікі рэдакцый памяталі пра тое, што нашы беларускія пісьменнікі пішуць не горш за Гая Рычы. Ім проста не стае ўвагі, ім не стае медыйнай прысутнасці.

Я хацеў бы заклікаць вас: чытайце беларускае. Калі вы не ведаеце, што чытаць, звярніцеся да мяне ў Фэйсбуку, я вам напішу спіс прозы, ад якой у вас проста сарве дах. Там будзе Андрэй Федарэнка, які сёння сярод нас, там будзе Някляеў, які напісаў файны раман, там будзе Ахроменка з яго “Тэорыяй змовы”...

Віктар Марціновіч


Калі вы крытык, калі ласка, не лайце беларускае! Я прачытаў некалькі вельмі гідкіх рэцэнзій на свой раман. Людзі кіраваліся нейкімі сваімі асабістымі матывамі. На мой погляд, калі крытык аблайвае беларускую прозу, ён вымушае беларускага чытача звяртацца да рускамоўнай прозы. Сёння перад крытыкай паўстаюць іншыя задачы. Трэба растлумачыць людзям, куды глядзець. Хай найлепшым вашым крытычным, крытыканскім водгукам на раман будзе адсутнасць увагі да яго. Калі вам не спадабаўся раман, не пішыце пра яго. Пішыце пра тых, хто напісаў годныя кнігі. Гэта самая лепшая крытыка. Людцы, хопіць лаіць адзін аднаго — я не стамляюся гэта казаць.

Я звяртаюся да сваіх калег-пісьменнікаў. Давайце папулярызаваць адзін алнога і гаварыць добрае пра калег. Толькі так мы захаваем чытача, толькі так мы захаем цікавасць да літаратуры, прыкметы якой я бачу сёння ў гэтай залі”.

Віктар Марціновіч


Калі падчас пытанняў-адказаў вырашылі-такі вызначыць, якую кнігу напісаў Віктар Марціновіч, высветлілася, што рускамоўны варыянт — масавы, папсовы, а беларускамоўны — элітарны. Такую версію прапанаваў Андрэй Расінскі. Прысутным яна спадабалася.

Фота Сяргея Сацюка



Ася ПАПЛАЎСКАЯ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Журналіст і пісьменнік Віктар Марціновіч 12 чэрвеня так бы мовіць афіцыйна прэзентаваў новы раман “Сфагнум”, які выйшаў амаль адначасова ў дзвюх версіях і на...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика