«Адабрана пяць новых праектаў, адноўлена 41 перадача»
30.08.2013
—
Новости Культуры
|
«ГАВОРЫЦЬ Мінск!..» Гэтыя словы знаёмы сёння мільёнам беларусаў і прэзентуюць знакавы нацыянальны медыйны брэнд — Беларускае радыё. Жыццё і клопаты вяскоўцаў заўсёды былі, ёсць і застануцца ў цэнтры ўвагі радыёжурналістаў Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё. Як і застануцца нязменнымі прыярытэты вяшчальнай палітыкі — аператыўнасць, масавасць, даступнасць. «БН» рэгулярна публікуе праграмы Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё. Сёння да адкрыцця новага сезону спецыяльна для сваіх чытачоў прапаноўваем праграму радыёперадач на першы тыдзень верасня. Пра адметнасці новага сезону карэспандэнту «БН» расказаў галоўны дырэктар Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Антон ВАСЮКЕВІЧ.
— Антон Барысавіч, у эфіры найбуйнейшага радыёканала Беларусі гучыць больш за 70 праграм рознай тэматыкі і жанраў. Заўсёды праводзяцца прамыя радыётрансляцыі самых важных падзей у жыцці краіны. Якія праекты ўсё ж найбольш папулярныя? — Гэта традыцыйна «Радыёфакт», «Актуальны мікрафон» (сумесны са спадарожнікавым тэлеканалам «Беларусь 24», гібрыдны праект). Выклікае цікавасць слухачоў «Такі дзень» — сацыяльна-палітычная дыскусійная праграма, «Радыё.by» — радыёверсія анлайн канферэнцый на сайце www.radio1.tvr.by. Заўсёды топавыя пазіцыі трымаюць «Сямейнае радыё», «Вітаем, віншуем, жадаем!», «Раніца з Беларускім радыё». Нельга не заўважыць, што наш канал мае самую шырокую ў краіне трансляцыйную сетку, якая забяспечвае поўны ахоп тэрыторыі рэспублікі і памежныя раёны з Расіяй, Украінай і краінамі Еўрасаюза. Дарэчы, наш канал рэгулярна арганізуе міждзяржаўныя радыёмасты, развівае супрацоўніцтва з радыёкампаніямі як з краінамі-ўдзельніцамі Еўрапейскага, так і Азіяцкага вяшчальных саюзаў. — Адметнасць Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё не толькі ў высокай якасці кантэнту, але і ў пэўных тэхнічных характарыстыках вяшчання… Гэта, спараўды, так. Наш канал — адзіны ў Беларусі, які трансліруецца ў лічбавым стандарце DVB-T. Кругласутачна вядуцца эфірнае FM- і анлайн вяшчанне. Гэта было асноўнай маркетынгавай мэтай новага сезону і зроблена, першым чынам, каб палепшыць пазіцыі канала ў FM-эфіры краіны. Галоўнае, што мы хочам, — быць цікавымі для сваіх слухачоў, разам абмяркоўваць актуальныя пытанні, прыемна і з карысцю адпачываць. Усё гэта адлюстроўваецца ў дэвізе самага папулярнага радыё Беларусі «Будзем разам!». Грунтуючыся на сацыялагічных доследах, мы аднавілі праграмны пакунак, унеслі змены ў сетку вяшчання. — Цікава, і колькі там навінак? — На новы сезон адабрана пяць новых праектаў, адноўлена 41 перадача. У сетцы вяшчання размешчаны 75 праграм уласнай вытворчасці. Сярод новых праектаў — штотыднёвая аналітычная перадача на гістарычную тэматыку з удзелам спецыялістаў Музея сучаснай беларускай дзяржаўнасці «Гістарычны ракурс». З’явіцца на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё «Арт-салон». Гэта будзе дыскусійная перадача аб актуальных праблемах беларускай культуры і мастацтва. Выходзіць у эфір яна будзе раз на тыдзень. «Этнафорум» распавядзе слухачам пра сучасныя формы беларускіх музычных традыцый. У «Імправізацыі» (будзе выходзіць штотыднёва) слухачы пачуюць «жывое», ці канцэртнае, выкананне музычных твораў беларускімі калектывамі ў вялікай студыі Дома радыё. Мы запускаем і штодзённую інтэрактыўную перадачу «Бонус». Яна арыентавана на FM-аўдыторыю, аўтааматараў і слухачоў мабільнага радыё. Шэраг праграм, якія мелі шырокую і стабільную аўдыторыю слухачоў у папярэднім сезоне, захоўваюцца і ўдасканальваюцца. Гэта праекты «Беларускі шлях», «Навіны планеты», «Пастфактум», «Радыёслужба бяспекі», «Галерэя», «Кінаклуб», іншыя. У іх зменены хронаметраж і месца ў сетцы вяшчання, адноўлены склад творчых гуртоў. Сумесна са спадарожнікавым тэлеканалам «Беларусь 24» мы працягнем рэалізацыю грамадска-палітычнага праекта «Актуальны мікрафон». У новым сезоне перапраграміравана эфірная гадзіна з пяці да шасці раніцы. У дадзеным прамежку размесціцца інфармацыйны выпуск і тэматычныя рубрыкі. — Антон Барысавіч, адным з накірункаў у радыйным кантэнце вашага канала заўсёды была культурная тэматыка. Яна захаваецца і ў новым сезоне? — Так. Мы ўвялі ў эфірную сетку (з 21.00 па 22.00. — Аўт.) дадатковыя выпускі праграмы «Тэатр Беларускага радыё». Гэта дазволіць шырэй выкарыстоўваць фондавыя матэрыялы, а таксама арганізоўваць тэматычныя акцыі. Апошнія, у сваю чаргу, будуць прысвечаны творчасці выдатных беларускіх пісьменнікаў, драматургаў, артыстаў, рэжысёраў і кампазітараў. У калейдаскопе «зорных» імёнаў — народныя артысты СССР Уладзімір Уладамірскі і Барыс Платонаў, народныя артысты Беларусі Генадзь Гарбук і Раіса Кашэльнікава, народны паэт Аркадзь Куляшоў і народны пісьменнік Васіль Быкаў… — Ці аднаўляецца фармат музычнага вяшчання? — Правільна будзе сказаць, яно ўдасканальваецца. У новым созоне плануецца поўнасцю перайсці на фармат музычнага праграміравання Oldie based Soft AC. Музычная палітыка канала, як і заўжды, будзе заснавана на папулярызацыі творчасці беларускіх аўтараў і выканаўцаў. Разам з тым у канцэртных праграмах пад рубрыкай «Музыка на ўсе поры» будуць гучаць савецкія і замежныя рэтра-кампазіцыі. — Што асаблівага падрыхтаваў ваш канал для слухача беларускай вёскі? — Як і раней, кожны дзень у эфір будзе выходзіць «Сельская раніца», аздобленая каларытнымі радыёпартрэтамі вяскоўцаў. Хутка на рэспубліканскім фестывалі-кірмашы «Дажынкі» ў Жлобіне будуць ушаноўваць герояў жніва. І пра іх мы раскажам таксама падрабязна. Цэнтральнае месца ў інфармацыйных і аналітычных праграмах зойме тэма рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы ўстойлівага развіцця вёскі да 2015 года. Яна будзе асвятляцца ў спецыяльных выпусках праекта «Актуальны мікрафон» і ў інфармацыйных праграмах «Радыёфакт», «Пастфактум». Беларускія народныя музычныя інструменты будуць гучаць у перадачы пад назвай «Іграй, душа!». Упэўнены, многім вяскоўцам палюбіліся не толькі гэтыя, але і іншыя праекты. Гутарыла Таццяна УСКОВА, «БН» Фота Сяргея ЛАЗЮКА, «БН»
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«ГАВОРЫЦЬ Мінск!..» Гэтыя словы знаёмы сёння мільёнам беларусаў і прэзентуюць знакавы нацыянальны медыйны брэнд — Беларускае радыё. Жыццё і клопаты вяскоўцаў... |
|