У Баранавіцкім раёне 100-гадовы млын дастаяў да крытычнага стану. 21.by

У Баранавіцкім раёне 100-гадовы млын дастаяў да крытычнага стану

07.10.2013 11:12 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Млын як сэнс жыцця

Млын у Сталовічах прастаяў больш за сто гадоў. Яго гаспадаром быў заможны яўрэй, які напярэдадні вайны мусіў выехаць за мяжу. Пасля вайны млын малоў муку ўжо для савецкіх людзей.

Меншы корпус будынка функцыянуе і дагэтуль: раз на тыдзень сюды прыязджае млынар з суседняй Каўпеніцы і меле зерне. Колькі гадоў таму гэты меншы корпус, які пачаў моцна працякаць, накрылі новым шыферам. Да суседняга трохпавярховага корпуса рукі не дайшлі: яго заліваюць дажджы, а колькі гадоў таму па сценах маланкава пабеглі вялікія трэшчыны.



Напрыканцы гэтага лета да млына падагналі вялікі грузавік і вывезлі на металалом старыя металічныя механізмы. Са слоў людзей, якія гэта рабілі, нібыта дазвол на вываз начыння з млына даў мясцовы СПК, на балансе якога знаходзіцца гэты будынак.

- Я падышла запытацца, што робяць з нашым млынам. Чалавек за рулём грузавіка адказаў, што ён усяго толькі вадзіцель, а тыя, хто выносілі начынне млына, сказалі, што будынак у аварыйным стане і нічога з ім ужо не зробіш… - распавяла "IP" настаўніца Таццяна Шаўко, якая больш за сорак гадоў жыве з маці ў доме таго самага млынара-яўрэя.

За гэты час млын, што стаіць у панадворку гэтых людзей, зрабіўся для іх часткай жыцця.

- Для нас з мамай гэты млын - жывы. Ён - частка нашага жыцця, нашай сям'і. І ад ветру, і ад дарогі нас захінае. Я ўжо казала: каб толькі не ўздумалі яго раскідаць, бо тады ў Сталовічах адразу два самагубствы будзе, - кажа Таццяна.

Яе маці Ядвіга пагаджаецца:

- Паглядзіце, якая тут цэгла. Цяпер новае як пабудуюць - яно і дваццаць гадоў не прастаіць ды пачынае сыпацца. А тут за сто гадоў адно трэшчына на будынку з'явілася. Канечне, трэба, каб наш млын застаўся.

А суседская дзяўчына-мастачка нядаўна размалявала старыя сцены млына мультыплікацыйным графіці. Як кажуць месцічы - каб іх млыну было трошкі весялей жыць.


Не разбурыць, а зрабіць музей

Таццяна Шаўко марыць, каб у перспектыве ў іх млыне зрабілі краязнаўчы музей мястэчка Сталовічы або музей млынарскай справы.



- У мястэчка Сталовічы вельмі багатая гісторыя. Да нас заязджаюць паглядзець радзівілаўскую царкву і стары касцёл, калі едуць на экскурсіі ў Наваградак ці Завоссе. Часам пад'язджаюць і да нашага млына. Калі б тут быў музей, я магла б бясплатна праводзіць экскурсіі, - кажа Таццяна Шаўко.

Яна распавяла, што калісьці Сталовічы славіліся і конным кірмашом, куды яе дзед ажно з Іўеўскага раёна прыганяў на продаж каня. Маці Таццяны часта прыгадвае: не ведаў дзед, што яго ўнучка калісьці будзе жыць у тых самых Сталовічах.

Калі сёння ў дзяржавы няма лішніх грошай, на думку Таццяны Шаўко, будынак млына пакуль можна было б хаця б закансерваваць, каб ён не разбураўся далей.

- Дастаткова хаця б накрыць шыферам дах і зацэментаваць трэшчыну, каб у млын не трапляла вада. На гэта не трэба ні вялікіх грошай, ні шмат людзей.


Афіцыйна: няма ні грошай, ні спецыялістаў

У аддзеле культуры Баранавіцкага райвыканкама далі зразумець, што не маюць намеру займацца выратаваннем сталовіцкага млына, бо ў раённым бюджэце не хапае грошай нават на рэстаўрацыю тых аб'ектаў, якія ўжо знаходзяцца ў дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

- Млын у Сталовічах - не мая ўласнасць, і я не павінен думаць пра яго захаванне. Гэтым пытаннем павінен займацца ўласнік. Калі ўласнік не гатовы да гэтага, як мы можам ісці ў чужы агарод са сваімі прапановамі? - пракаментаваў сітуацыю начальнік аддзела культуры Баранавіцкага райвыканкама Анатоль Філанчук.


"Не слухайце вы гэтых людзей!.."

Старшыня СПК "Берасні" Надзея Ягорава, на балансе якога знаходзіцца будынак млына, таксама не пакінула спадзяванняў на аптымістычную будучыню сталовіцкага млына. Яна пацвердзіла, што механізмы з млына вывезлі і здалі на металалом, хаця і не ўдакладніла, хто гэта зрабіў і на што быў патрачаны барыш.

- Будынак млына аварыйны, ён сваё аджыў... Не займайце больш мой час і не дурыце мне галавы. І менш слухайце ўсіх гэтых людзей, - дадала Надзея Ягорава.

Аднак жыхары Сталовіч маюць іншыя перакананні: нельга было даводзіць будынак да аварыйнага стану, каб цяпер так лёгка вырашаць яго лёс. Млын як помнік прамысловай архітэктуры - агульная спадчына, а таму яго лёс павінен залежаць не ад асабістага жадання чыноўнікаў, а ад волі ўсіх неабыякавых людзей.

- Млын - не наша ўласнасць, але гэта наша славутасць. І мы павінны захаваць яго для нашчадкаў альбо для тых жа турыстаў, - перакананая Таццяна Шаўко.

Маем, што маем, бо нічога не хочам рабіць

Як можна выратаваць ад знішчэння спадчыну, якая нам дарагая - для Intex-press распавёў старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч.

У Сталовічах назіраецца стандартная сітуацыя, у якой вінавата само грамадства. Млын не мае ахоўнага статусу, таму рана ці позна яго вельмі лёгка грохнуць, прычым зробяць гэта ў межах закона.

Калі ніхто з мясцовых зацікаўленых людзей дагэтуль не паклапаціўся аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці гэтаму будынку - якія тады могуць быць прэтэнзіі да дзяржаўных чыноўнікаў? Я заўжды паўтараю: нашы чыноўнікі - не гісторыкі і не мастацтвазнаўцы, таму яны ніколі не будуць гэтым займацца. Але яны вымушаны будуць ахоўваць тое, што з'яўляецца дзяржаўнай гісторыка-культурнай спадчынай.

Беларускае заканадаўства сёння дае нам права абараніць тыя аб'екты, якія для нас дарагія. Гэта можа зрабіць любы чалавек. У нас ёсць Закон "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны", згодна з якім людзі павінны рыхтаваць абгрунтаванне і прапанову на наданне статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці пэўнаму аб'екту. Ёсць Палажэнне аб парадку вядзення Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцяў, дзе ў главе 3 апісана, што і як трэба рабіць у такой прапанове. І ёсць Інструкцыя аб парадку фіксацыі выяўленых матэрыяльных аб'ектаў, дзе апісана форма падачы прапановы.

Каб падрыхтаваць неабходны пакет дакументаў, звычайна дастаткова двух дзён. Усе паперы дасылаюцца ў Міністэрства культуры. Чыноўнікі абавязкова выносяць такія прапановы на разгляд Навукова-метадычнай рады, якая і вырашае далейшы лёс аб'екта. Як паказвае практыка, каля 70% падобных прапаноў задавальняюцца.

Калі ласка - у нас ёсць механізмы, пры дапамозе якіх мы можам уплываць на лёс нашай спадчыны. Вароты адчыненыя, але ў іх ніхто не ідзе. Людзі не хочуць нічога рабіць, а таму маюць тое, што маюць.


Млыны, якім знайшлі месца ў сучасным жыцці

У некаторых гарадах і мястэчках старыя млыны рэстаўруюць, ствараюць у іх музеі, кавярні і нават гандлёвыя цэнтры.

Напрыклад, у стогадовым вадзяным млыне ў Оршы стварылі гарадскі этнаграфічны музей. У цэнтры Іўя ў будынку вадзянога млына яшчэ XIX стагоддзя на першым паверсе нядаўна зрабілі кавярню, а на другім - краму кветак.

У Паставах яшчэ ў 90-я гады ў сценах старога млына быў створаны цэнтр рамёстваў, дзе развіваюць традыцыйнае беларускае рамяство, ладзяць выставы, прадаюць сувеніры, цацкі і прадметы хатняга ўжытку.

А тыя, хто бываў у польскім Гданьску, памятаюць "Велькі млын" - вялізны гандлёвы цэнтр з крамамі і кавярнямі, створаны ў цагляным вадзяным млыне ажно XIV стагоддзя! Сёння Вялікі млын (Wielki Mlyn) - адна з самых вядомых дастапомнасцяў старажытнага Гданьска.

Гэты млын быў пабудаваны Тэўтонскім ордэнам і ў свой час быў адным з найбуйнейшых прамысловых будынкаў Еўропы. Вялікі млын меў 18 вадзяных колаў, якія варочала вада мясцовага канала. Калісьці ў будынку млына размяшчаліся таксама склад і пякарня. Сёння месцічы і турысты прыходзяць сюды на шопінг альбо пасядзець за кубачкам кавы са штрудэлем.

Колькі грошай вылучаецца ў Баранавічах на развіццё турызму?

Дзяржаўныя сродкі, што вылучаюцца на ўздыманне турызму ў Баранавічах і ў Баранавіцкім раёне, мякка кажучы, вельмі сціплыя. У гарадскім бюджэце на 2013 год, напрыклад, на развіццё турызму прадугледжана… менш за 30 млн рублёў. У раённым гадавым бюджэце сума, разлічаная на падтрымку Дзяржаўнай праграмы развіцця турызму, амаль у тры разы меншая: трохі больш за 10 млн рублёў. І, як паведамілі "IP" у эканамічным аддзеле Баранавіцкага райвыканкама, пакуль засвоена толькі палова гэтых грошай. Яны пайшлі "на аплату паслуг па арганізацыі ўдзелу ў выставе-ярмарцы "Берасцейшчына турыстычная".

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калгас пачаў расцягваць млын на металалом.
 
 
Главные новости сегодня
 

Новости Вашего города
ТОП-новости Беларуси
Прислать новость
Лента новостей
РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика