Агент ідзе на сувязь
22.10.2013
—
Новости Культуры
|
Тэлерадыёкампанія «Гомель» прыступіла да здымкаў дакументальна-мастацкага серыяла аб падзеях у час нямецка-фашысцкай акупацыі У дзесяцісерыйнай карціне, аб’яднанай агульнай назвай «Падполле: вайна ўнутры вайны», патлумачылі аўтары праекта, плануецца прасачыць гісторыі чатырох гамяльчанак, падрыхтаваных савецкімі чэкістамі для збору і перадачы праз лінію фронту звестак аб нямецкіх войсках, раскватараваных у акупіраваным горадзе. Кіравала групай падпольшчыц жонка рэпрэсіраванага «ворага народа» — настаўніца Надзея Каешка (агент Каця). У ролях салдат і афіцэраў вермахта здымаюцца члены ваенна-патрыятычнага клуба «Памяць» Гомельскага прафтэхкаледжа машынабудавання, якім кіруе Сяргей Чучвага, саміх агентаў-жанчын іграюць супрацоўніцы тэлерадыёкампаніі. Ролю каменданта Гомеля «прымерыў» на сябе на час здымкаў акцёр Маладзёжнага тэатра Андрэй Бархудаеў. — Задача, якую мы паставілі перад сабой, — дакладна перадаць будучым гледачам атмасферу таго складанага і адначасова гераічнага часу, у якім не толькі жылі, але і адважна змагаліся з ворагам нашы землякі, — расказвае «Р» намеснік дырэктара тэлерадыёкампаніі «Гомель» Дзмітрый Дзянісаў. — Калі ацэньваць тую сітуацыю з пункту гледжання расстаноўкі сіл, то яны былі далёка не роўнымі. Нашым патрыётам у горадзе супрацьстаяла 3,5-тысячная групоўка 211-й ахоўнай дывізіі фашыстаў, да таго ж тут актыўна выконвалі свае карніцкія функцыі ваенныя контрразведчыкі, СД, эсэсаўцы, паліцаі... Каб максімальна наблізіць сённяшні дакументальна-мастацкі расповед аб падзеях больш чым 70-гадовай даўнасці да гістарычнай рэальнасці, тэлежурналістам давялося нямала папрацаваць з дакументальным матэрыялам, расследаваць колішнія падзеі, у тым ліку і з дапамогай дакументаў, прадастаўленых Камітэтам дзяржбяспекі, музеямі ваеннай славы, палацава-паркавага ансамбля, музеем Гомеля, нямала дапамаглі ў працы ўспаміны жывых сведак ваенных падзей. — Так, нам удалося сустрэцца з роднымі галоўнай гераіні першага фільма «Жаночы твар вайны» — агента Каці, дочкамі падпольшчыцы Каешка Аленай і Надзеяй, — расказвае аўтар праекта, кіраўнік здымачнай групы Віталь Доўгі. — Адшукалі іх у Мінску, запісалі ўспаміны пра бацькоў, гарталі сямейныя архівы. Выкарыстоўваліся ў фільме і кадры ваеннай кінахронікі. Праўда, не ўсе матэрыялы, у прыватнасці аб метадах работы нашай рэзідэнтуры ў тыле ворага, аказаліся нам даступнымі: значная іх частка з’яўляецца тайнай, па-ранейшаму захоўваецца за дзвярыма спецхранаў і нясе грыф сакрэтнасці. Дык кім жа была тая жанчына, што дзейнічала ў занятым гітлераўцамі горадзе над Сожам пад аператыўным псеўданімам Каця? Як сведчаць дакументы, Надзея Каешка (у дзявоцтве Ткачова) з’явілася на свет у адной з вёсак Уваравіцкага раёна. Выхоўвалася пад уплывам свайго дзядзi — лідара рэвалюцыйнага падполля вобласці Фёдара Ткачова. З 1928-га жыла ў Гомелі з мужам Іванам, які ў час Грамадзянскай вайны быў камандзірам чырвонаармейскага браняпоезда «Грозны», рашуча змагаўся з белапалякамі. Каток сталінскіх рэпрэсій не абмінуў і яго. Сама ж Надзея Якаўлеўна перад вайной працавала выхавальніцай дзіцячага садка, каб зарабіць грошы для пяцярых малых дзяцей, дадаткова мыла бялізну ў лазні чыгуначнікаў. Летам грознага 1941-га была завербавана для разведвальнай дзейнасці супрацоўнікам НКУС Іванам Казельскім. Стаўка органаў дзяржбяспекі на жанчын была невыпадковай: яны менш траплялі пад падазрэнне варожых сышчыкаў. ...Праўда, сустракаючы ўзброеных нямецкіх салдат на сучасных вуліцах Гомеля, многія жыхары абласнога цэнтра не хаваюць свайго здзіўлення. Эпізоды гістарычнай рэканструкцыі здымаюцца ў месцах, дзе адбываліся рэальныя падзеі: каля Дома Камуны і на вуліцы Кіеўскай, дзе жылі нямецкія салдаты, на вуліцы Пралетарскай, дзе знаходзілася нямецкая камендатура. Бой акупантаў з партызанамі пастаноўшчыкі фільма рэканструявалі ў лесе пад Навабеліцай. Работа над першым фільмам з цыкла, прысвечанага 70-годдзю вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, завяршаецца. Зараз вядзецца мантаж знятага відэаматэрыялу. Хвалюючы 26-мінутны экскурс у вогненныя дні вайны неўзабаве будзе прадстаўлены тэлегледачам. Паралельна творчая група прыступае да сцэнарыя новай часткі серыяла — аб дзейнасці легендарнай маладзёжнай групы падпольшчыкаў Цімафея Барадзіна, які быў арыштаваны і расстраляны гітлераўцамі за два месяцы да свайго дваццаціпяцігоддзя. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Тэлерадыёкампанія «Гомель» прыступіла да здымкаў дакументальна-мастацкага серыяла аб падзеях у час нямецка-фашысцкай акупацыі...
|
|