Спектакль па паэме Адама Міцкевіча наведала каля паўтысячы жыхароў абласнога цэнтра. Прэм'ера "Дзядоў" прайшла ў Мінску вясной гэтага года, але ў Гомель завітала толькі цяпер. TUT.BY завітаў у гарадскі цэнтр культуры, дзе прайшла пастаноўка.
Пасля спектакля мы паразмаўлялі з выканаўцам галоўнай ролі Раманам Падаляка ды змаглі задаць некалькі пытанняў актору.
- Раман, як на вашую думку гомельцы ўспрынялі "Дзядоў"?
- Галоўнае, што людзі слухаюць. Гэта хвіліны такой цішыні… Пранізлівай цішыні. Яны дарагога вартыя.
- Драматург Андрэй Курэйчык назваў "Дзяды" лепшым спектаклям Беларусі. Ці згодныя вы з ім?
- Гэта погляд Андрэя Курэйчыка. Колькі людзей, столькі поглядаў. Я магу сказаць са свайго боку, што я ўдзельнічаю ў гэтым спектаклі і атрымліваю ад гэтай працы, гэтага матэрыялу задавальненне. На сённяшні дзень для мяне гэта лепшы спектакль. Для мяне. А для гледачоў можа і не - трэба ў іх пытаць.
- Вам далі ўзнагароду за лепшую мужчынскую ролю ў гэтым спектаклі. Можаце сказаць, што на дадзены момант гэта вашая лепшая роля?
- Узнагарода нічога не значыць. Тут камандны спектакль. Я б сказаў, што гэта ўзнагарода каманды, проста атрыманая праз мяне. А што тычыцца таго, ці лепшая гэта роля для мяне - у мяне было і да гэтага шмат іншых роляў, і кожная розная. У 25 гадоў ты адзін, у 33 другі, у 40 будзеш зусім іншым. Таму і ролі будуць іншыя. Не магу іх параўнаць.
- Раман, можаце так сказаць: вам больш камфортна граць пастаноўкі па творах беларускіх пісьменнікаў, беларускіх герояў, чым замежнікаў?
- Для актора няма розніцы. Але сапраўды беларускі матэрыял мне бліжэй. Ты разумееш, для чаго гэта робіш: звышзадачу, звышмэту спектакля. Ты разумееш, для чаго робіш пэўныя высілкі.
- На вашую думку, Адам Міцкевіч усё ж беларускі ці польскі паэт?
- Апошнім часам яго намагаюцца адабраць у нас нават дзве нацыі: і літоўцы, і палякі. Але для мяне ён беларус. І на гэта не ўплывае тое, што ён пісаў па-польску. Ён пісаў пра тое, што хвалявала і хвалюе дагэтуль беларуса, што блізка нам.