1. «Бацька заўсёды падкрэсліваў, што ён з мястэчка…». 21.by

1. «Бацька заўсёды падкрэсліваў, што ён з мястэчка…»

26.11.2013 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

«У САВЕЦКІ час у дачыненні да пісьменнікаў існаваў нейкі штамп, што гэта зусім іншы род людзей. Маўляў, звычайнае жыццё — стандартнае, а яны жывуць інакш… Калі я пісаў прадмову да збору твораў свайго бацькі, дык у нейкай ступені ставіў перад сабой задачу разбурыць той стары ўжо грамадскі стэрэатып, паводле якога беларускія пісьменнікі, з аднаго боку — гэта замкнёнае, элітарнае кола, а з другога — асяродак свядомага і суцэльнага кампрамісу з уладай. І першае, і другое няпраўда. Пісьменнікі былі «жывыя» людзі, з «жывымі» біяграфіямі (вельмі «прыгладжанымі» ў школьных падручніках). Гэта быў асяродак, які віраваў, быў канфліктны, складаны, але «прыдворным» ён не быў нават у самыя змрочныя часы. І аблічча такога чалавека свайго часу, і тое, што ў пэўнай ступені вызначала літаратуру, у той прадмове я і паспрабаваў перадаць, паспрабаваў разбурыць той стары, але ўстойлівы стэрэатып, як разбураю яго на лекцыях ва ўніверсітэце, чытаючы Крапіву, Купалу, Коласа або Гарэцкага. У рэальным жыцці гэта былі зусім іншыя людзі, чым нам іх малюе падручнік або школьная праграма. Людзі са складаным і трагічным лёсам…» — дзеліцца Павел Навуменка, сын народнага пісьменніка Беларусі Івана Навуменкі, заслужанага дзеяча навукі, акадэміка НАН Беларусі, прафесара. А таксама лаўрэата прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Каласа. Многія творы Івана Якаўлевіча перакладзены на рускую, латышскую, нямецкую, французскую і іншыя мовы…

— Павел Іванавіч, якім вам успамінаецца бацька?

— За сваім сталом, што і сёння стаіць у яго кабінеце, загрувашчаны рукапісамі. На сваёй лю- бімай канапе, дзе ён сядзіць — нага за нагу. Мне памяць ніколі не падсоўвае фрагментаў з яго выступленняў на юбілеях, навуковых кангрэсах, тэлебачанні. Ён успамінаецца іншы…

Успамінаецца і ў лесе… Гэта хутчэй будзе куток лагойскага лесу, куды машынай прадзірацца было трэба кіламетраў дзесяць праз лясныя вёсачкі — на іх любімае з Мележам, Лойкам, Скрыганом грыбовішча. Там, у глыбіні бору, стаяла чарада соснаў, гонкіх, меднастволых, у два абхваты — як храм… І кожнае лясное вандраванне для трох самых апантаных грыбнікоў — Мележа, Лойкі і Навуменкі, а часам і іншых суседзяў па трыццаць шостаму дому ў Мінску — Скрыгана і Брыля, заўсёды заканчвалася там, пад «трыма соснамі». Слалася покрыўка, наразалася сала і чорны хлеб, даставалі з торбаў яйкі і соль, бутэльку… Шкада, ў той час я мала што стараўся запомніць з іх гаворак — здавалася, так будзе вечна: вандроўкі, лес, баравікі, бацька…

— Калі ласка, раскажыце падрабязней пра родных і блізкіх людзей бацькі. Якімі былі іх лёсы? Ці склалі ў сям’і генеалагічнае дрэва? Да якога калена ведаеце свой род?

— Добра памятаю сваю бабулю Марыю Пятроўну — маці бацькі. Ці, як мы яе клікалі, бабу Мар’ю. А дзеда Якава Піліпавіча я практычна не застаў — ён памёр у 1966 годзе. Мне тады было ўсяго 2 гады. Адпаведна, нейкіх выразных успамінаў пра яго ў мяне не засталося…

З аповедаў жа бабы Мар’і — тыповая сялянская сям’я тых часоў… Бацькаў дзед Піліп быў даволі заможным, у калгас не пайшоў, застаўся аднаасобні- кам. Яго самога вельмі не чапалі, адрэзалі толькі зямлю, а хата стараватая была — пакінулі... А дзед Якаў меў слабаватае здароўе, таму дзед Піліп яму і хату пабудаваў, і нейкі надзел адрэзаў — яшчэ да калектывізацыі. Але Якаў пайшоў на чыгунку, і дзед Піліп не дараваў гэтага сыну, да смерці з ім не размаўляў. Казаў: «Захацеў лёгкага хлеба». Такая вось сялянская ментальнасць. Хаця, хутчэй за ўсё, гэта была няпраўда — пра тое, што хлеб майго дзеда быў лёгкім… Пра- дзедаў байкот не распаўсю- джваўся на яго ўнука — майго бацьку Івана. Яго любілі. Што ўнук і скарыстоўваў. «Часам мне ўдавалася паснедаць і дома, і збегаць да дзеда Піліпа», — казаў ён.

Мусіць, гэта дзед Піліп прывіў майму бацьку сялянскую жылку. Яны разам ездзілі касіць на лясныя паляны, збіралі бярозавы сок у вялізныя бочкі, саджалі бульбу. Той, нібыта і дзіцячы вопыт, які не забудзеш праз усё жыццё…

Ён успамінаў, што часам дзед распакоўваў сумку, даставаў «кацярынку» — царскую сотку — і казаў: «Унучак, за гэта можна было купіць цэлую хату!» — «А чаму ж ты не купіў, дзед?» — пытаўся малы Іван — хата дзедава была старая, паточаная шашалем. І гэта быў класічны прыклад «сялянскай абачлівасці». Пасля рэвалюцыі, у 1918 годзе, дзед Піліп усе мікалаеўскія залатыя манеты памяняў на паперкі. Маўляў, так надзейней: «Манета можа пад масніцу закаціцца — прападзе». Але, з іншага боку, не выратавалі б яго ад калектывізацыі і залатыя манеты…

З заможнай сям’і і маці майго бацькі. Відаць, яна была вельмі прыгожая ў маладосці. З кла- січнымі рысамі твару… Бацька быў вельмі падобны да яе, і знешне, і характарам. Меланхалічны, як яна, трохі запаволены…

Баюся, што гаспадыня з бабулі была слабаватая. Як смяяўся бацька, запаліць у печы, і пакуль нетаропка пагаворыць з суседкамі, дык і тыя дровы прагараць… Дзед жа быў суровы, негаваркі, у тыя няпростыя часы цягнуў на сабе сям’ю з чатырох дзяцей — усе вывучыліся, знай- шлі сваё месца ў жыцці…

Хаця — цягнуў… Гэта сёння цяжка ўявіць. Заробак дзеда, калі пераводзіць на савецкія грошы, быў 25 рублёў, ці 250 — перадваенных. Так што дзед быў, відаць, неблагім гаспадаром. Пра гэта ўскосна сведчыць яго сад, які застаўся ў Васілевічах, і тыя яблыкі і грушы з саду траплялі да нас высушанымі. Нічога падобнага нельга было купіць нідзе: ні на Камароўцы, ні на якім іншым кірмашы…

Бацька ўспамінаў, што ў 16 гадоў ён, школьнік, выдатнік, паправіў дзеда Якава, які сказаў: «Клеймат, мусіць, мяняецца». — «Не клеймат, а клімат». — «Надта стаў разумны. Бацьку папраўляеш… Вуберся (так на Палессі казалі) з хаты на свой хлеб!»

А ўвогуле гэта было тыповае сялянскае жыццё з перадваеннай галечай, пры ўсім тым вельмі рамантычнай галечай. Пакаленне бацькі не звяртала ўвагі, што яны хадзілі ў нейкіх дзіўных палатняных штанах, у туфлях, якія чысціліся крэйдай. Яны былі ў гэтым парыве: жылі ідэяй, будучыняй…

У майго бацькі было два браты і адна сястра. Ён — самы старэйшы сярод дзяцей. Другі, Мікалай, быў намеснікам кіраўніка беларускай чыгункі, чыгуначным генерал-лейтэнантам. Дзядзька Валодзя — прарэктарам Брэсцкага ўніверсітэта (тады яшчэ пед- інстытута). У прынцыпе, перад дзедам Якавам трэба схіліць галаву за такіх дзяцей…

А цётка Ганна таксама скончыла ўніверсітэт, працавала ў школе. Загінула трагічна…

У пэўнай ступені, як самы старэйшы, мой бацька дапамагаў братам і сястры. Калі яны давучваліся, ён працаваў. Прыйшоўшы з вайны, стаў журналістам. Друкаваўся ў газеце «Бальшавік Палесся» ў Мазыры. Паступіў завочна ва ўніверсітэт.

Што тычыцца сямейнага генеалагічнага дрэва, то яго складалі. У бабулі нават знайшлі балцкія карані. Гэта цікавая лінія, цікавы род. Адзін са сваякоў быў дэпутатам Дзяржаўнай думы, яго потым засеклі плёткамі казакі ў час Грамадзянскай вайны. Дарэчы, бабуліна дзявочае прозвішча — Смяян. І стрыечны брат бацькі Мікалай Смяян быў адным з вядучых навукоўцаў-глебазнаўцаў, таксама акадэмікам..

— А па лініі Навуменкі?

— Гэта моцны сялянскі род, пра яго захаваліся звесткі ў царкоўных кнігах прыблізна да XVIII стагоддзя…

А ў майго бацькі нарадзілася чацвёра дзяцей. Першы сын памёр маленькім. Потым у бацькоў з’явілася мая старэйшая сястра Валерыя. Яна стала хірургам-афтальмолагам, абараніла дысертацыю. Жыве ў Мінску. Мае вельмі добрую рэпутацыю. Затым нарадзілася мая сястра Таццяна. Яна працуе ў Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных у Маскве, прафесар, доктар навук, загадчык кафедры. Была прарэктарам. Аўтар дзесьці пятнаццаці расійскіх падручнікаў. Не губляе сувязі з Беларуссю, уваходзіць у вучоны савет Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, добра ведае беларускую мову, нават вершы на ёй піша.

А я — дацэнт кафедры беларускай літаратуры і культуры БДУ, займаюся таксама і бізнесам. Ва ўніверсітэце працую ў пэўнай ступені для душы. Праз мае рукі прайшло некалькі тысяч студэнтаў, у мяне багата сваіх выхаванцаў — кандыдатаў навук, аспірантаў. І гэта няблага. Куды ў Беларусі ні прыязджаю, са мной усюды вітаюцца, мяне ведаюць.

А бізнес — не такая рамантычная справа, гэта неабходнасць жыцця, асабліва калі пасля 90-х гадоў трэба было выжываць, дапамагаць ужо старым, нямоглым бацькам. Працуем і з высокімі тэхналогіямі, з немцамі і амерыканцамі, і з нерухомасцю, у сельскагаспадарчай галіне — з вытворцамі прадукцыі жывёлагадоўлі.

— А што значыла вёска для народнага пісьменніка Беларусі Івана Навуменкі? З якімі пачуццямі ён там бываў?

— Бацька заўсёды падкрэсліваў, што ён — не з вёскі, а з мястэчка. Хаця, на мой урбаністычны погляд, гэта невялікае адрозненне, а для яго яно было істотнае. Бацькавы Васілевічы мелі выгляд вясковы і палескі — такое зялёнае мястэчка пры чыгунцы. І мелі самае галоўнае — тры бібліятэкі, а таксама тэхнікум, некалькі школ. Перад вайной там працавалі кваліфікаваныя настаўнікі… Гэта, мабыць, тая розніца, якая характарызуе вёску і мястэчка. А, з другога боку, бацька, як усе беларускія пісьменнікі яго пакалення, у прынцыпе, у Мінску не прыжыўся. Яму, скажам так, не хапала зеляніны, традыцыйных вясковых дамкоў, сялянскіх побыту і духу. Гэтая сялянская закваска і ў нас ва ўсіх глыбока сядзіць… Таму вёска для бацькі была як страчаная мара. Вярнуцца туды немагчыма, а прыжыцца ў новым месцы — там чагосьці не хапае…

Дзякуй Богу, цешча бацькі, мая бабуля, жыла ў Мінску на беразе Свіслачы, у прыватным доме з вялікім садам. На лета мяне і дзвюх маіх сясцёр адпраўлялі туды. Бацька любіў прагуляцца да цешчы, праведаць нас, ягоных замурзаных, з абдзёртымі каленямі дзяцей. Браў на сябе добраахвотны абавязак — у рукі торбачку, якую складала маці, і берагам Свіслачы шыбаваў у прыватны сектар, які, дарэчы, захаваўся. Перадаваў тую торбачку нашай бабулі. Нас, дзяцей, ляпаў рукой па галовах і iшоў на тралейбус. Бацькоўскi абавязак быў выкананы…

Ён, Якаўлевіч, добра ладзіў з цешчай-шляхцянкай — Фелік- саўнай. Бабулін прынцып выхавання дзіцяці, які яна фармулявала па-польску: «чэго хцэ, тэго не даць», бацька не аспрэчваў, бо і сам прайшоў прыблізна падобную школу выхавання. «Залаты зяць», як называла бабуля нашага бацьку, цаніўся Феліксаўнай высока, хоць ён нiколi не забiў у яе доме ніводнага цвiка, не ўскапаў грады. Але ж i цешчы ў галаву не прыходзiла папрасiць бацьку хоць адзін цвiк забiць…

— Павел Іванавіч, ці быў у яго час займацца, гуляць з вамі і іншымі дзецьмі? Ці дастаткова надаваў сваім дзецям увагі? Мабыць, часцей гэта рабіла маці?

— Маці ж таксама працавала ва ўніверсітэце. Чытала лекцыі на гістарычным факультэце БДУ. Гістфак тады быў «кузняй кадраў», шмат хто з сённяшніх дзяржаўных дзеячаў у свой час адслухаў матчыны лекцыі на вячэрнім аддзяленні і атрымаў ад яе заслужаную «тройку» на экзамене…

Калісьці нас, малых, яна пакідала з бацькам, а потым смяялася: «Прыходзіш дамоў, а дзіця мокрае». Бацька чытае, а тое малое поўзае па яго жываце. І Іван мокры, і дзіця мокрае. І ўсім добра.

У гэтым сэнсе бацька быў слабы выхавацель. Калі мне было пяць гадоў і маці трапіла са страшэнным панкрэатытам у бальніцу, то бацькава гадаванне сваіх дзяцей выклікала на памяць самыя гаротныя старонкі сусветнай літаратуры. Як ён нам, яшчэ малым, варыў «шляхетную» юшку з лімонам. На смак яна, як клёцкі ў бярозавым соку дзядзькі Антося…

А агульнымі ў нас з бацькам былі грыбныя паходы. Па 15—20 кіламетраў ён мяне гнаў па лесе, не шкадуючы….

Але да бацькі заўсёды можна было падысці, спытацца штосьці пра кнігі, пісьменнікаў, літаратуру, гісторыю — пра самыя складаныя пытанні. Ён быў маім кансультантам і ў аспіранцкія гады. Але каб ён з намі, дзецьмі, многа займаўся — гэта было не яго. Гэта было матчына…

Вера ГНІЛАЗУБ, «БН»

Фота з архіва Паўла НАВУМЕНКІ

(Працяг будзе.)

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«У САВЕЦКІ час у дачыненні да пісьменнікаў існаваў нейкі штамп, што гэта зусім іншы род людзей. Маўляў, звычайнае жыццё — стандартнае, а яны жывуць інакш… Калі я...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика