«Калядны фэст» сёлета святкуе свой першы юбілей. За чатыры папярэднія гады фестываль стаў чаканай падзеяй для ўсіх аматараў беларускай фальклорнай музыкі, якая, у сваю чаргу, была і застаецца візітнай карткай беларускай музычнай культуры. Акрамя таго, “Калядны фэст” — своеасаблівая справаздача: музыкі паказваюць, што адбылося за год у сярэднявечнай і фольк-музыцы Беларусі.
Пяты калядны фестываль адбудзецца 25 снежня ў самым буйным мінскім клубе Re:public. На пытанне інтэрнэт-газеты Naviny.by, ці трэба было арэндаваць такі вялікі клуб для фестываля фальклорнай музыкі, арганізатар мерапрыемства Віталь Супрановіч упэўнена адказаў: “Штогод фэст збірае ад 600 да 1000 чалавек. Упэўнены, што і ў гэтым годзе будзе аншлаг”.
Паводле Віталя Супрановіча, “фэст з’яўляецца спробай беларускіх музыкаў паказаць сувязь сучаснасці з мінулым”. Канцэптуальна юбілейны фестываль не будзе асабліва адрознівацца ад папярэдніх. Прадзюсар патлумачыў, што канцэпцыя фэсту ужо вызначана, таму нейкіх зменаў не будзе: “Як заўсёды, мы збіраем найбольш цікавыя гурты сярэднявечнай і фольк-музыкі. Паказваем музыку ў самых розных накірунках: ад метала да дыджэйскіх апрацовак”.
На фестывалі традыцыйна зайграюць найлепшыя беларускія гурты сярэднявечнага і фальклорнага накірунку — добра вядомыя “Стары Ольса”, Znich, Litvintroll, Irdorath, Pawa, Lity taler. Таксама ў праграме сярэднявечныя танцы з танцавальнымі калектывамі “Гістрыён” і “Фламея”.
Арганізатар фестывалю распавёў, што гурт “Стары Ольса” парадуе гарачымі танцамі. Прысутныя пачуюць танцавальныя кампазіцыі з новага альбома калектыва Santa Maria, а таксама хіты мінулых гадоў.
Fantasy folk гурт Irdorath выступіць у новым абліччы, які арганізатары не раскрываюць, пакінуўшы наведнікаў фестывалі ў прыемнай невядомасці.
Гурт Pawa, вядомы сваімі арыгінальнымі эксперыментамі спалучэння дударскай і танцавальнай музыкі, падрыхтаваў новыя кампазіцыі “Беларуская Калядка” і “Беларуская Калыбель”.
Нязменным вядучым фэсту стане музыка Зміцер Сасноўскі — лідар гурта “Стары Ольса”.
Пра аўдыторыю фестываля і ўвогуле сярэднявечных і фолькавых канцэртаў Віталь Супрановіч кажа, што “звычайна яна дзеліцца на тых, хто хоча патанчыць, і тых, хто хоча пасядзець за столікам”.
“Таму, напрыклад, на канцэрце гурта “Стары Ольса” у “сідзячай” залі ёсць незадаволеныя, якія хочуць патанчыць. Заусёды, калі канцэрт адбываецца у клубе, за столікамі месцаў не хапае. На фэст яны ўсе рапрадаліся літаральна за пару дзён!
Публіка на фэсце збольшага, канешне, моладзь, якая хоча адарвацца ў клубе. Але штогод дастаткова і лядзей сярэдняга і нават сталага ўзросту. Я заўважыў, што на ўсе нашы канцэрты прыходзіць жанчына, якой год ужо 50, але яна заўсёды танчыць і нават прыводзіць моладзь. Можа, таму што яна танчыць сярэднявечныя танцы, яна і застаецца ў добрай форме і можа даць фору маладым?..”
Арганізатары фестываля стараюцца падтрымліваць беларускую скіраванасць як публікі, так і гуртоў. Усім, хто прыйдзе ў калядных строях, будуць падораныя дыскі з беларускай музыкай. “Але часта і без нашых заклікаў моладзь з задавальненнем прыходзіць у народных строях, што вельмі прыемна”, — падкрэсліў Віталь Супрановіч.