«Кожная кніга, насамрэч, як дзіця»
16.01.2014
—
Новости Культуры
|
Ліліяна Анцух — пра «Чатыры чвэрці» і 20 гадоў выдавецкай творчасці «Юбілейныя» (прымеркаваныя да пэўнай даты) сустрэчы журналісты не любяць. Аднак «за» гутарку з Ліліянай Анцух былі два аргументы. Па-першае, юбілей не ў чалавека, а ў выдавецтва. Па-другое, маю перакананне: калі за справу бярэцца жанчына, справа атрымаецца. Дваццаць гадоў таму з’явіліся «Чатыры чвэрці» — структура, якая планавала спецыялізавацца на выпуску нотных кніг, таму і назву абралі «музычную». Але ўжо праз пэўны час тэматыка пашырылася настолькі, што не хопіць пальцаў рук, каб пералічыць кірункі развіцця. Тут выдаецца мастацкая літаратура, вучэбная, навукова-папулярная, вытворча-практычная. А яшчэ — даведачныя, дзіцячыя выданні, шыкоўныя мастацкія альбомы і буклеты. За ажыццяўленне праекта «Нашы духоўныя каштоўнасці» дырэктар Ліліяна Анцух і творчы калектыў у 1996 годзе першымі былі ўдастоены прэміі «За духоўнае адраджэнне». Такім чынам, што распавяла дырэктар. Пра духоўную культуру — Выдавецтва два дзесяцігоддзі актыўна працуе на ніве духоўнай культуры Беларусі. Серыя, за якую мы атрымалі прэмію, — «Нашы духоўныя каштоўнасці» — выходзіць з 1995 года па блаславенні Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта. Створаныя намі кнігі-альбомы — узор фарміравання папулярных уяўленняў пра хрысціянскія ісціны. Памятаю, у тыя гады адбылася знакавая сустрэча з Мітрапалі¬там Філарэтам: ён падтрымаў нашу выдавецкую задумку, пісаў прадмовы да выданняў, падказваў, як іх рабіць. Мы і да гэтага дня імкнёмся даць чытачу папулярныя і як мага больш шырокія ўяўленні аб праваслаўных святах, рэліквіях, храмах. У 2012—2013 гг. ішла актыўная праца па напісанні і стварэнні кнігі «Праваслаўныя святыя зямлі беларускай». Прысвяцілі яе 35-годдзю архіпастырскага служэння Мітрапаліта Філарэта на Беларусі. Можна ўзгадаць і кнігу Эдуарда Загарульскага «Белая Русь с середины I тысячелетия до середины ХІІІ века», прысвечаную 1150-годдзю славянскага пісьменства і 1025-годдзю Хрышчэння Русі. Яе фінансава падтрымаў адзін з банкаў, і зараз мы перадаём бясплатна каля 800 экзэмпляраў кнігі ў бібліятэкі, навучальныя ўстановы, а таксама ў буйныя бібліятэкі свету. Пра канкурэнцыю на выдавецкім полі — Былі часы вельмі цяжкія, рукі апускаліся, хацелася ўсё кінуць. Але трымала кніга, і цяжкасці пераадольваліся. Таму я і гавару часта, што кожная кніга, насамрэч, як дзіця: спачатку яе трэба нарадзіць, пасля — суправаджаць па жыцці, пакуль не ўладкуеш: у бібліятэкі, крамы. Арганізацыі прэзентацый, сустрэч з чытачамі ў розных кутках Беларусі надаём належную ўвагу. Аднойчы я пачула выказванне аднаго «дзеяча»: маўляў, у выдавецтве ўсё проста: дадуць грошы (здараецца, што і сам аўтар), і рабі бесклапотна выданне. Дарэчы, выдавецтва трывала стаіць на нагах. Але калі здараюцца такія выпадкі, то ўсё роўна не пашкодзяць і натхненне, і любоў: да аўтара і да тэмы, неабходна веданне сферы, у якой працуеш. Трэба шмат чаго зразумець яшчэ да таго, як да цябе прыйдзе аўтар. Ён нешта прапануе, а ты спрабуеш прадбачыць, што атрымаецца з таго, што ён цяпер трымае ў руках. Толькі ў сумеснай творчасці нараджаецца сапраўды вартая кніга, якая пасля стане запатрабаванай! Пра сферы зацікаўленасці і ўплыву — Нацыянальная проза і паэзія для нас не пусты гук. Цяпер актыўна ўключыліся ў падрыхтоўку і выпуск серыі «Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі», разам з ім заснавалi i выдаём серыю «Бібліятэка Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі», серыю «Мінскія маладыя галасы». З вялікай радасцю працуем над серыяй «Асоба і час». Выдавецтва некалькі гадоў прымае ўдзел у праграме падтрымкі кнігавыдання «Максім Багдановіч» Пасольства Францыі ў Рэспубліцы Беларусь. Мы сталі ініцыятарамі заключэння дагавора паміж Саюзам пісьменнікаў Беларусі і Саюзам пісьменнікаў і журналістаў Турцыі. Як вынік, яшчэ адна серыя кніг — «Библиотека турецкой литературы». Коратка яшчэ пра адну ініцыятыву выдавецтва — падрыхтоўку серыі «Дзеці вайны». Мы заснавалі яе ў год 65-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Да 70-годдзя Перамогі маем намер выдаць такіх кніг як мага больш. А цяпер задумалі яшчэ адну цікавую серыю — «Мінская гарадская бібліятэка». Гэта рабочая назва. Плануюцца мастацкія выданні, могуць быць расповеды пра знакамітых мастакоў, журналістаў... Усё пра горад Мінск і мінчан. У планах — грунтоўныя маштабныя праекты, накiраваныя на духоўнае адраджэнне Радзiмы. Напрыклад, распачынаем з Нацыянальнай бiблiятэкай Беларусi выданне ўнiкальнага альбома старажытных усходнiх рукапiсаў. Разам з Нацыянальным мастацкiм музеем Беларусi i Белгазпрамбанкам працуем над праектам «Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусi» — манументальным выданнем, якое дасць уяўленне пра велiч нашай культуры. Мноства праектаў мае на мэце прадставіць культуру іншых краін. Яшчэ ў 1999 годзе тэма Міхала Клеафаса Агінскага была ўзнята намі праз падрыхтоўку і выданне перакладаў кніг яго нашчадкаў і нашых сучаснікаў, якія жывуць у Вялікабрытаніі. Да 250-годдзя з дня нараджэння вялікага кампазі¬тара і грамадскага дзеяча ў 2015 годзе плануем завяршыць працу над перавыданнямі. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ліліяна Анцух — пра «Чатыры чвэрці» і годы выдавецкай працы
|
|