Чытання — на год
11.02.2014
—
Новости Культуры
|
Больш за 55 тысяч чалавек наведалі Мінскую Міжнародную кніжную выставу-кірмаш Знакавай культурнай падзеяй мінулага тыдня стала XXI Мінская Міжнародная кніжная выстава-кірмаш, якая завяршылася ў нядзелю. Звыш 600 экспанентаў больш чым з 20 краін свету прынялі ўдзел у форуме гэтага года. Больш за 200 мерапрыемстваў, у тым ліку сустрэчы з аўтарамі, прэзентацыі, аўтограф-сесіі, семінары, круглыя сталы, прайшло на працягу пяці дзён у павільёне «Белэкспа». У гэты раз на выставе-кірмашы не вызначалі традыцыйнага ганаровага госця. Па задумцы арганізатараў, Беларусь мела намер як мага шырэй паказаць свае дасягненні ў кніжнай індустрыі і ў той жа час даць такую ж магчымасць кожнай з краін-удзельніц, якія таксама прэзентавалi шэраг яркіх праектаў. «Усе кнігі ў госці да нас, усе краіны ў госці да нас» — такі заяўлены дэвіз, пад якім праходзіла сёлетняя выстава. Вялікую цікавасць аматараў чытання і проста наведвальнікаў выклікалі тэматычная экспазіцыя кніг, фотаальбомаў, прысвечаных 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і прэзентацыя ўнікальнага выдання — «Энцыклапедыі беларускага хакея». Яркай і рэзананснай падзеяй стала экспазіцыя, прысвечаная 10-годдзю праекта «У пошуках страчанага» лаўрэата прэміі Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра Ліхадзедава, газет «СБ. Беларусь сегодня» і «Звязда». Уражвае факт: аж 14 унікальных кніг, якія даюць магчымасць дакрануцца да старонак гісторыі, створаны на аснове сабранай калекцыі старых паштовак. У дні выставы наведвальнікі мелі магчымасць пазнаёміцца з мастаком і стваральнікам амерыканскіх коміксаў Джошам Элдэрам, пабываць на літаратурных сустрэчах з гасцямі з Францыі — падарожнікам Патрыкам Дэвілем, кінарэжысёрам Аленам Флэшэрам, пісьменнікамі Аліўе Балазюком і Бернарам Фрыо, атрымаць аўтограф і задаць любое пытанне ўраджэнцу Беларусі касманаўту Алегу Навіцкаму, сустрэцца з вядомай пісьменніцай Святланай Алексіевіч. Юнымі чытачамі і іх бацькамі, відавочна, не засталіся незаўважанымі шматлікія тэматычныя мерапрыемствы, якія прайшлі ў Дзень дзіцячай кнігі, так шырока ён праводзіўся сёлета ўпершыню. Як слушна заўважыла яшчэ напярэдадні адкрыцця выставы першы намеснік міністра інфармацыі Лілія Ананіч, мінскі кніжны форум — гэта выдатная магчымасць для аматараў літаратуры скласці для сябе праграму чытання на ўвесь наступны год. Сёння падлічана ўжо: скарысталі яе сёлета звыш 55 тысяч чалавек — столькі наведвальнікаў пабывала ў павільёне «Белэкспа» на працягу работы Мінскай Міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу. Фота: Юрый МАЗАЛЕЎСКІ Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кніжную выставу-кірмаш наведалі больш за 55 тысяч чалавек
|
|