Вяселле ў княжацкім палацы… Яшчэ сто гадоў таму просты чалавек мог хіба толькі прысніць такое свята са сваім удзелам. А сёння кожны жадаючы можа ператварыць гэту мару ў рэальнасць: музей "Ружанскі палацавы комплекс Сапегаў" прапануе шляхецкае вяселле і роспіс з нацыянальным каларытам. Карэспандэнт "Р" выправіўся ў Ружаны, каб на ўласныя вочы пабачыць канцлера Льва Сапегу, што вітае маладых у дзень шлюбу.
Першы дзень сакавіка. Надвор"е зусім не вясновае, і ў аколіцах Ружанскага палаца Сапегаў, мякка кажучы, нешматлюдна. Экскурсія, некалькі дзясяткаў людзей робяць здымкі каля брамы "беларускага Версаля". З флігеля выходзіць Руслан Кніга, дырэктар музея. Сёння ён прыме першае сёлетняе вяселле ў вобразе канцлера Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегі, колішняга гаспадара Ружанскага палаца.
Высокi стыль
- Сцэнарый сустрэчы маладых не вельмі складаны, - расказвае Руслан Кніга. - Вясельны картэж пад"язджае пад браму, разам з гасцямі яны на пэўны час застаюцца на паркоўцы і рыхтуюцца да цырымоніі. Каля варот стаяць вартаўнікі, за варотамі - Леў Сапега, яго жонка і шляхцянкі. Да картэжу спускаюцца яшчэ дзве шляхцянкі, вітаюць маладых і запрашаюць да палаца.
Што цікава, сцэнарый не выдуманы - ён мае гістарычную аснову. Дырэктар музея тлумачыць, што абрад створаны паводле ўспамінаў сведак, хто на ўласныя вочы ў пачатку 17-га стагоддзя бачыў, як Казімір Леў Сапега прымаў у ружанскім маёнтку караля Рэчы Паспалітай Уладзіслава IV Вазу і ягоную жонку Рэнату Цэцылію Аўстрыйскую.
- Тады, паводле ўспамінаў, усё мястэчка адсялілі, а хаты жыхароў Ружан запоўніла каралеўская прыслуга - настолькі шыкоўным быў прыём, - расказвае Руслан Кніга. - Сёння, канешне, маштабы ўжо не такiя, але вяселле тым не менш набывае шляхецкі густ і вытанчанасць.
На стварэнне ўрачыстай атмасферы колішняй раскошы працуюць не толькі адноўленыя інтэр"еры Ружанскага палаца. Усе героі, што прымаюць удзел у цырымоніі, апрануты ў касцюмы той эпохі.
- Яны пашыты паводле эскізаў 17-га стагоддзя і дакладна адлюстроўваюць моду тагачаснай шляхты, - тлумачыць дырэктар музея. - Сукенкі для шляхцянак, форма вартаўнікоў…
Набліжаецца час прыезду пары, і дырэктар просіць дапамагчы завязаць пояс накшталт слуцкага, каб завяршыць вобраз Льва Сапегі. Агульнымі намаганнямі Руслан Кніга канчаткова ператвараецца ў ружанскага князя, вартаўнікі - у княжацкую варту, а супрацоўніцы музея - у прыгожых шляхцянак. На паркінгу ля палаца тым часам чуваць сігналы вясельнага картэжу.
Закахацца ў барока
На пляцоўку перад маёнткам высыпаюць некалькі дзясяткаў чалавек і маладая пара - Таццяна Якуцэня і Мікіта Гінько. Нявеста гаворыць, што сама яна з Ружан, але вучыцца ў Баранавічах, дзе і пазнаёмілася з будучым мужам. Спярша гуляць вяселле думалі там, а калі ў Ружаны прыехалі сваты, бацькі і сваякі Мікіты так уразіліся веліччу Ружанскага палаца, што аднагалосна вырашылі правесці роспіс менавіта тут. Жаніх пагадзіўся без ваганняў, бо згодна з мясцовай традыцыяй вяселле трэба гуляць у родных мясцінах нявесты.
- А калі ў гэтых мясцінах такі палац, хіба можна адмовіцца? - гаворыць Таццяна. - Да таго ж я вучуся на тэхнолага, і мая вучоба звязана з шыццём. Калі мы вывучалі гісторыю касцюма на занятках, то я літаральна закахалася ў эпоху барока і ракако. І гэта таксама адыграла ролю ў выбары месца для вяселля. Захацелася неяк акунуцца ў гісторыю, нягледзячы на тое, што мы жывём у 21-м стагоддзі. Тым больш што і ў Еўропе цяпер модна рабіць усё згодна з гістарычнымі традыцыямі.
Дзякуй вам, канцлер!
Да паркінга ад палацавай брамы спускаюцца дзве шляхцянкі і вітаюць гасцей, пасля чаго запрашаюць да варот. Замкавыя краты расчыняюцца перад маладымі, і з прывітальным словам да іх звяртаецца сам князь Сапега. Шкада, але шлюб зацвердзіць князь не можа, паколькі заканадаўства прадугледжвае рэгістрацыю шлюбу толькі ў прысутнасці супрацоўнікоў мясцовага загса. Таму святочная калона на чале з маладой парай рухаецца ў адну з залаў палаца, дзе іх ужо чакае рэгістратар.
Працэдура стандартная: згода на шлюб, подпісы, першы крок на ручнік, першы пацалунак і танец, віншаванні гасцей. Але потым - прамова ад самога Льва Сапегі. З рук князя маладыя атрымліваюць грамату, якая пацвярджае заключэнне шлюбу, пасля чаго адпіваюць па глытку віна з княжацкага келіха.
- Па старажытнай беларускай традыцыі па¬вінны пакаштаваць яго і ўсе прысутныя, - абвяшчае Леў Сапега, і сват пачынае частаваць усіх гасцей па чарзе.
На тварах з'яўляюцца задаволеныя ўсмешкі - усё ж гэта не казённая цырымонія ў загсе, а сапраўдны княжацкі прыём!
На заканчэнне князь Сапега абвяшчае, што ўвесь палац сёння належыць вяселлю, і запрашае маладажонаў і іх гасцей наведаць музейныя залы. Яны разыходзяцца па памяшканнях, а дырэктар запрашае да сябе ў кабінет. Тут ён зноў набывае прывычны выгляд.
Але штосьці на ягоным твары прымушае паверыць: гэта не проста пераапрананне і паслуга за грошы. Гэта жаданне зрабіць чужое свята сапраўды незабыўным.