Трудна жылося малым дрывасекам
14.06.2014
—
Новости Культуры
|
У маленстве, калі ўпершыню прачытаў апавяданне Змітрака Бядулі «Малыя дрывасекі», не мог стрымаць слёз. Вельмі шкада было гэтых гаротных хлопчыкаў. І вось цяпер, амаль праз паўстагоддзя, чытаю зноўку гэты твор, а камяк, як і ў дзяцінстве, падкочваецца да горла. Апавяданне невялікае. Пачытайце... Зімовы дзень блішчыць тысяччу агнёў. Люты мароз. Снег пад нагамі скрыпіць, як жывы. Бор атулены ў белую пушыстую світку. Ён стаіць задуменны, як сівы дзед. Грукат дрывасекаў разлягаецца водгаласкамі па ваколіцы. Трах-трах! Трах-трах! Яшчэ здалёк можна было прыкмеціць, як блішчыць пад сонцам піла, а абапал матулі-хвоі мітусяцца, як мурашкі, двое маленькіх хлапчукоў. Яны махаюць рукамі гэтак шпарка, што іх падраныя лахманы расхрыстваюцца і адкрываюць голае цела... Піла ўсё глыбей ды глыбей уядаецца ў сэрца хвоі і... тра-а-ах! — плазам упала шурпатае дрэва. З-пад снежнага куродыму ўзняўся працяглы стогн паваленага дрэва-асілка. Малыя дрывасекі — браты. Старшаму — Цішку — дзесяць гадоў, меншаму — Халімону — восем. Іх бацька — кульгавы Цыпрук — сам працаваць не мог. Выпраўляў кульгавы Цыпрук хлопчыкаў да купца ў лес на заработкі. Гэтым кармілася сям’я. Трудна жылося малым дрывасекам. — Добра, што хоць на полудзень маем па кавалку хлеба... Паваліўшы некалькі хвой, хлопчыкі ўзяліся шчыра грызці сухі хлеб. Вочы іх заіскрыліся, шчокі расчырванеліся... — Ого, есці, ого!.. Якая радасць!.. Яшчэ не скончылі яны палуднаваць, як узнялася завея, мяцеліца. Застагнаў, закрахтаў хвойнік. Пачаў кружыцца снег. Быццам белыя коні, уздыбіліся гурбы... Усе дрывасекі разбегліся хутка дамоў, а Цішка з Халімонам баяліся, каб бацька не наракаў, што зарана прыйшлі з лесу... Селі пад вялікай хвояй, прытуліліся адзін да аднаго і дрыжэлі... — Баюся! — усхліпваў меншы, Халімон. — Во, дурань, чаго баяцца?! — супакойваў яго большы, Цішка. — Зараз дамоў пойдзем. — Дамоў пойдзем! — шаптаў Халімон. Яны пайшлі. Стагнаў і палохаў бор, але хлопчыкі так-сяк ішлі, а на чыстым полі нічога не відаць было. Гурбы снегу, нібы белыя мядзведзі, качаліся на прасторы, дыхалі холадам ды сыпалі цвёрдым шротам у вочы... Хадзілі-хадзілі, брылі-брылі, але куды — і самі не ведалі... Змарыліся. Агарнула ноч. Снег дайшоў вышэй пояса. — Ляжам! — сказаў меншы, Халімон. — Ляжам! — сказаў большы, Цішка. І ляглі. Моцна-моцна прытуліліся адзін да аднаго. Зрабілася так цёпла... І здаецца ім — сядзяць яны за сталом... Маці радуецца, што прыйшлі... Корміць іх цёплым праснаком... Бацька пазірае на іх добрымі вачамі і лагодна ківае галавой. Пад’елі і паляглі на палок каля печы... Котка лашчыцца да іх, і яны радасна заснулі... . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . У поўнач усцішылася мяцеліца. Вынырнуў з-за хмар чырвоны месяц. Вакол яго мігацеліся зоркі і пазіралі весела на белую зямлю. Толькі на трэці дзень адкапалі замёрзшых малых дрывасекаў. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прачытайце апавяданне Змітрака Бядулі «Малыя дрывасекі»
|
|