Уладзімір Карачэўскi: "Кароны я ўжо насіў, і пагоны ў мяне былі розныя...". 21.by

Уладзімір Карачэўскi: "Кароны я ўжо насіў, і пагоны ў мяне былі розныя..."

08.07.2014 15:20 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Чаму былы першы намеснік міністра культуры Уладзімір Карачэўскі раптам перасеў у крэсла дырэктара тэатра? Выгналі ці сам папрасіўся на волю? Ці праўда, што з былым дырэктарам Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі - вядомым артыстам Ігарам Сігавым не працягнулі кантракт менавіта з-за Карачэўскага? Якіх бізнесменаў Карачэўскі сёння запрашае ў РТБД? І хто цяпер ў тэатры галоўны - дырэктар альбо ўсё ж такі мастацкі кіраўнік Аляксандр Гарцуеў? Уладзімір Карачэўскі шчыра адказаў на пытанні "Народнай Волі".

- Уладзімір Міхайлавіч, вы ўжо амаль два месяцы кіруеце тэатрам. Раскажыце нарэшце, чаму сышлі з міністэрства? Гэта было ваша асабістае рашэнне ці вам проста прапанавалі падшукаць іншую працу?

- Скажу так: цёплае месца не шукаў. І нікога не падседжваў. Таму тыя размовы, якія круціліся ў інтэрнэце... Шчыра кажучы, стаўлюся да іх як да надпісаў на плоце. Бо ведаю, што чысты перад сабой і перад людзьмі.

У савецкі час была добрая практыка, калі чыноўнікі, якія працяглы час адпрацавалі ў міністэрстве, сыходзілі на практычную работу. Гэта выхад у людзі і магчымасць займацца канкрэтнай справай. Я 13 гадоў без адрыву адпрацаваў на дзяржслужбе. Таму ў дадзеным выпадку рашэнне сысці было абдуманым і ўзважаным, але аб усіх нюансах не хацеў бы распавядаць...

- Калі не сакрэт, наколькі знізіўся ваш заробак?

- Мне здаецца, ёсць рэчы, якія не павінны агучвацца публічна...

- Няўжо так шмат плацяць?!

- Не. Проста лічу, што нават некарэктна казаць, многа ці мала. Мая зарплата залежыць не толькі ад таго, што дасць дзяржава, але і ад таго, колькі заробіць тэатр, які будзе прэміяльны фонд. У дадзеным выпадку пытанне заробку залежыць ад нас усіх, ад нашай выпрацоўкі. Таму калі я хачу падвысіць заробак, то павінен рабіць усё, каб тэатр квітнеў, каб артысты, мастацкі кіраўнік і рэжысёры маглі зарабляць. Тады, магчыма, будзе расці і мой даход. Дзяржава стварыла мне ўмовы для працы і зарабляння грошай, цяпер усё залежыць ад мяне.

- Вядома, што вы чалавек даволі амбіцыйны. Ці гатовы безумоўна прыняць той факт, што ў любым тэатры галоўны - не дырэктар, а мастацкі кіраўнік? І што РТБД будуць называць не тэатрам Карачэўскага, а тэатрам Гарцуева? Вы павінны здзяйсняць усе ягоныя мары і забяспечваць патрабаванні, а самі пры гэтым заставацца ў цені?

- Галоўныя ў тэатры - артысты, на якіх прыходзіць глядач. За творчы працэс адказвае мастацкі кіраўнік. У нас з ім падзелены функцыі, кожны мае канкрэтны фронт работы.

Я прывык працаваць у камандзе. І лічу, што дырэктар павінен ствараць умовы для творчасці. Яшчэ адна важная роля дырэктара - займацца іміджам тэатра. Я павінен быць і менеджарам, і імпрэсарыа...

Што тычыцца амбіцый, то калі вы крыху знаёмыя з маім паслужным спісам, то, напэўна, ведаеце: кароны я ўжо насіў, і пагоны ў мяне былі розныя. Калі думаеце, што мне ўсё яшчэ хочацца пацешыць свае амбіцыі, то глыбока памыляецеся. Цяпер мяне цікавіць толькі канкрэтны вынік. І каб не было сорамна за справу, якой займаюся.

- Ці можаце коратка ахарактарызаваць, у якім стане вам дастаўся тэатр? Фінансавае становішча, гаспадарчыя справы?

- У цэлым агульнагаспадарчы стан тэатра неблагі. І я ўдзячны сваім папярэднікам Ігару Аляксеевічу Сігаву і Валерыю Данілавічу Анісенку, якія пакінулі мне не толькі нядрэнную гаспадарку, але і выдатны калектыў. Самае галоўнае, што ў РТБД няма расколу і інтрыг.

Усю сваю творчую энергію буду накіроўваць на прывядзенне ў парадак агульнагаспадарчых пытанняў і наладжванне эфектыўной працы кожнага супрацоўніка. Я кажу не пра акцёраў, а пра тых, хто займаецца прасоўваннем тэатра. Трэба, каб кожны максімальна эфектыўна працаваў на сваім месцы.

- У Купалаўскім тэатры ўжо даўно адмянілі мастацкі савет, стварылі апякунскую раду, у якую ўвайшло нямала ўплывовых і забяспечаных людзей. Вы маеце намер прыцягнуць да тэатра бізнесменаў?

- Зараз вяду перамовы з шэрагам беларускіх прадпрымальнікаў і думаю, што да новага тэатральнага сезона ў нас таксама будзе рэальная апякунская рада. Акрамя таго, мы плануем актыўна супрацоўнічаць з міжнароднай грамадскасцю, рознымі амбасадамі, у тым ліку і нашымі прадстаўніцтвамі за мяжой.

- Ці можаце назваць прозвішчы бізнесменаў, якіх хочаце запрасіць у тэатр?

- Напрыклад, Уладзімір Маркавіч Граўцоў. Ён, дарэчы, сам заўзяты тэатрал. Акрамя таго, мы вядзём перамовы з адным з найбуйнейшых банкаў...

Я лічу, што Тэатр беларускай драматургіі - гэта нацыянальны брэнд, якім трэба ганарыцца і які трэба падтрымліваць.

- У свой час адна буйная амерыканская кампанія заснавала спецыяльныя прэміі для артыстаў беларускага балета...

- Я наогул зацікаўлены ў тым, каб наладзіць максімальнае стымуляванне артыстаў, і сарыентаваны на пошук дадатковых пазабюджэтных сродкаў. Хацелася б, каб тое, што зарабляе тэатр, ішло на павелічэнне заработнай платы, а ўсё, што будзе паступаць за кошт апякунскай рады, накіроўвалася на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, на новыя пастаноўкі.

Мы плануем цесна супрацоўнічаць з Саюзам мастакоў, прыватнымі калекцыянерамі. Хочам праводзіць у тэатры розныя арт-праекты, выставы. Мне здаецца, гэта створыць багемную атмасферу ў тэатры. Адным словам, будзем рабіць усё, каб РТБД стаў яшчэ больш прывабным для гледачоў.

А зласліўцам, якія кажуць, што, маўляў, зараз Карачэўскі разбурыць усё добрае, што было... Прабачце, але я не з вуліцы прыйшоў. Маю адпаведную адукацыю. Я музыкант, рэжысёр святаў, скончыў Акадэмію кіравання. І сам калісьці вырас з гэтай сістэмы і ведаю спецыфіку працы знутры. З творчымі людзьмі, як мне здаецца, агульную мову знаходзіць магу. І ва ўсім прытрымліваюся прынцыпу: "Не нашкодзь!"

У ТЭМУ

Аляксандр ГАРЦУЕЎ: "У нашым тэатры ёсць група вар'ятаў..."


Вядомы рэжысёр Аляксандр Гарцуеў шчаслівы, што лёс падарыў яму магчымасць узначаліць РТБД.

- Я скажу так: нават калі б мне прапанавалі абсалютную ўладу ў тэатры, я, напэўна, ад яе адмовіўся б, - гаворыць мастацкі кіраўнік РТБД. - Я не ўмею здабываць грошы і імі распараджацца. Я магу ставіць спектаклі, размаўляць з артыстамі і рабіць мастацкі прадукт. І зусім не ўмею рабіць камерцыю. Абсалютна шчыра кажу: пагарэў бы тэатр, калі б я быў і дырэктарам, і мастацкім кіраўніком! Таму мне быў патрэбны чалавек, які можа гэта рабіць прафесійна.

Мы амаль два месяцы працуем разам з Уладзімірам Карачэўскім, і я не адчуў ніякіх памкненняў дырэктара пакіраваць мастацтвам. Са свайго боку таксама не лезу ў фінансавыя пытанні краўніцтва тэатра. Мы проста робім адну справу, не замінаючы адзін аднаму. Увогуле, для мяне ідэальная формула тэатра такая: рэжысёр з акцёрамі робяць выдатныя, бліскучыя спектаклі, а дырэкцыя тэатра выплачвае ім вялікія грошы. Думаю, да гэтага мы і рухаемся (усміхаецца).

У нас вельмі добры калектыў. Не ведаю, дзе яшчэ знайсці такіх людзей, якія ў вольны ад працы час ідуць займацца балетам і вакалам. Пры тым што іх ніхто не прымушае гэта рабіць! Не скажу, што так робіць уся трупа, але вельмі вялікая частка. Я іх называю "група вар'ятаў". Дух студыйнасці, які захаваўся ў гэтым маладым калектыве, для мяне нават дзіўны. Калісьці нешта падобнае было ў гады маёй маладосці у Купалаўскім тэатры. Але калі людзі ў 35, 40, 45 гадоў стаяць ля балетнага станка, разам з выкладчыкам па вакале размінаюць голас - гэта выклікае ў мяне павагу. І пакуль такія асобы будуць існаваць - тэатр будзе жыць!

Я вельмі рады, што лёс даў мне магчымасць узначаліць гэты малады, творчы калектыў. Думаю, нас чакаюць цікавыя перспектывы...
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чаму былы першы намеснік міністра культуры Уладзімір Карачэўскі раптам перасеў у крэсла дырэктара тэатра? Выгналі ці сам папрасіўся на волю? Ці праўда, што з былым...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика