Вакаліст Dzieciuki і "Палац" запісалі калядную кампазіцыю
25.12.2015 17:54
—
Новости Культуры
|
Вакаліст панк-фармацыі Dzieciuki Алесь Дзянісаў падрыхтаваў разам з фолк-гуртом «Палац» прыгожую калядную кампазіцыю на верш Анатоля Брусевіча. Нараджэнне песні «Каляды» Алесь Дзянісаў называе цудам. — Я спачатку пагадзіўся паўдзельнічаць у навагоднім праекце, а потым разгубіўся, бо тэма трошкі не мая. Вырашыў звярнуцца па дамогу да гарадзенскіх паэтаў. Не ведаю чаму, але патэлефанаваў Анатолю Брусевічу, і ён мне прапанаваў два вершы пра Каляды, якія і сталі песняю. Я нічога не кампанаваў: адзін верш стаў куплетнай часткаю, другі — прыпеўнай. І неяк натуральна яны адзін да аднаго паклаліся. З напісаннем музыкі, з яе формай і з папярэдняй аранжыроўкай Алесю дапамог Дзмітры «Вінс» Шчэрба, які калісьці граў у гурце «КальЯн». Ён таксама ўзяў удзел у запісе песні ў якасці сола-гітарыста. Гурт «Палац» дапрацаваў кампазіцыю з свайго боку, расклаў яе на галасы ды інструменты. Алег Хаменка кажа, што яму адразу ж спадабаўся самы першы дэма-накід, зроблены на акустычнай гітары — узрушыў глыбокі верш ды простыя і ў той жа час правільныя ў ягоным разуменні гармоніі. — Мы нічога не дадавалі, проста сыгралі твор, як лягло, на рэпетыцыі. Шкада, што як след не атрымалася зрэпетавацца, бо Алесь у Горадні, а мы ў Менску, асноўныя моманты прагаварылі па тэлефоне і сустрэліся ўжо толькі на запісе. Месцамі недакладна заспяваў тэкст, але ж выйшла вельмі прыгожа, я лічу. Вельмі хочам надалей зрабіць студыйную фанаграму гэтага твору, — кажа лідар «Палаца». Песня «Каляды» была запісаная для праекту «Новае пакаленне на Новы год». Каляды. Гэты час, як вадаспад, Які ня ў дол спадае, а ў нябёсы, Змываючы халодных зораў россып, I поўнi бляск, i шэры далягляд. Віншую Бога. Адплывае страх Перад жыццём самотным i цвярозым. I хочацца iсцi не па дарозе, А бегчы напрасткi, па камянях, Каляды! Па белай рачулцы ранка Плывуць самаходы. Падае снег. Каляды! Ныраю ў аблокі, Абліты срэбрам аргана Падаю ўверх. Праз гэты снег і быць як ён — святым І светлым, нібы першае прычасце, І адчуваць на сэрцы толькі шчасце, І не зважаць на ўласныя сляды. Каляды! Па белай рачулцы ранка Плывуць самаходы. Падае снег. Каляды! Ныраем ў аблокі, Аблітыя срэбрам аргана Падаем уверх. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Песня напісаная на верш Анатоля Брусевіча. |
|